Алесь Аркуш - Мясцовы час стр 5.

Шрифт
Фон

 Усё добра, толькі мова ня наша,  сказаў Воюш, праслухаўшы адну зь песьняў. Вось засьпяваеце па-беларуску будзе тое, што трэба. Па-беларуску вам нават лацьвей будзе сьпяваць, бо наша мова больш мілагучная.

Воюш быў аматарам распавядаць пра вялікія перавагі роднай мовы.

 Але тэксты вы нармалёвыя пішаце. Не банальныя і не прымітыўныя. І, галоўнае, ня ў лоб,  пахваліў я хлопцаў.

 Гэта мы са Сьвідрыцкім і пішам,  паведаміў Кузьмін.

Кузьмін спрабаваў гаварыць па-беларуску. Пэрыядычна зьбіваўся на расейшчыну, але вымаўленьне меў амаль бездакорнае. Горш атрымлівалася ў Сьвідрыцкага. Гаварыў ён па-расейску з выкарыстаньнем асобных беларускіх словаў. Але вымаўляў іх жахліва, як студэнт Наваполацкага політэхнічнага інстытута зь якіх-небудзь далёкіх краёў. Таму, відавочна, саромеўся і амаль не падаваў голаса. Толькі ляканічна адказваў на пытаньні, якія мы з Воюшам яму задавалі.

Разьвітваючыся, я запісаў музыкам свой службовы тэлефон і інтэрнатаўскі адрас. Хлопцы мне спадабаліся. Была ў іх нейкая жарынка, божая іскра. Бо нічога добрага нельга зрабіць, калі не гарыш справай.

Гісторык Сяргей Тарасаў, які прыканцы 80-х вёў археалягічныя дасьледаваньні Полацка, быў яшчэ і пісьменьнікам, таму нярэдка наведваў наваполацкія «Крыніцы». Пісаў ён апавяданьні на гістарычныя тэмы. Слухаць, як ён чытае свае аповеды, было цікава. Але яшчэ цікавей было знаходзіцца зь ім у археалягічным раскопе. У той год ён раскапаў на цэнтральным пляцы Полацка, на былым Вялікім пасадзе, унікальную, надзвычай вялікіх памераў сядзібу полацкага ювэліра-залатара. Знаходкі, якія трапляліся ў гэтым культурным слоі, датавалі сядзібу сярэдзінай ХІІ пачаткам ХІІІ стагодзьдзя. Якраз у гэты час жыў славуты полацкі ювэлір Лазар Богша, які зрабіў на замову Эўфрасіньні Полацкай легендарны Крыж. Сяргей Тарасаў выказаў здагадку: ці не на сядзібу слыннага полацкага залатара трапілі археолягі? Гэтая здагадка надавала нам, крынічанам, якія кожныя выходныя праводзілі ў раскопе, новых сілаў і азарту.

Вярталіся ў Наваполацак мы ўсім крынічанскім гуртам. Каб сесьці на аўтобус да Нафтаграду, трэба было ісьці ажно да аўтавакзалу. Па дарозе Уладзімер Арлоў расказваў пра старажытную сталіцу крывічоў. Калі мы абміналі старыя будынкі, у якіх на пачатку ХХ стагоддзя знаходзіліся мясцовыя гатэлі, Арлоў абавязкова згадваў іх назвы. Але я так і не запомніў, у якім быў «Лёндан», у якім «Эўропа», а ў якім «Гранд-Гатэль».

* * *

Падчас першага наведваньня кватэры Воюша я пазнаёміўся зь Вінцэсем Мудровым. Яго толькі нядаўна пачалі друкаваць у літаратурных пэрыёдыках і адразу ж пасьля першых публікацыяў наваполацкі прадстаўнік беларускага андэграўнду набыў вядомасьць. Ён не выглядаў на нейкага сурёзнага літаратара, які ходзіць па вуліцы з партфэлем. Наадварот, у яго абліччы яшчэ захаваліся рысы былога хіпана, прынамсі, меў даўгія валасы і бараду. Але, бадай, самай істотнай асаблівасьцю Мудрова быў ягоны надзвычай вясёлы характар жарты, показкі і прыкольныя гісторыі ліліся зь яго ракой. У гэтым ён быў падобны да Воюша, які таксама не прамінаў магчымасьці парагатаць і паблазнавацца. Некалькі гадоў таму Мудроў меў праблемы з КДБ з-за выданьня рукапіснага альманаху «Блакітны ліхтар». Усе нумары альманаху КДБ канфіскаваў, а самога рэдактара застаршыў і ўзяў на ўлік. Каб неяк ад гэтай гісторыі аддаліцца, Мудроў зьехаў са сваім сябруком паэтам Алегам Мінкіным працаваць на будаўніцтва нафтаправодаў спачатку ў Калмыкію, а затым у Цюмень. Праўда, і ў Цюмені ён не схаваўся ад пільнага вока камітэту да яго прыходзілі адпаведныя людзі і праводзілі адпаведныя гутаркі.

Мудроў якраз прыехаў у адпачынак на радзіму. Ён з прагнасьцю акунуўся ў мясцовае культурніцкае жыцьцё хадзіў да Воюша, удзельнічаў у археалягічных раскопках, зьбіраў па кватэрах подпісы за беларускамоўныя клясы, ну і перадусім наведваў паседжаньні «Крыніцаў», дзе чытаў свае творы, напісаные ў далёкіх камандзіроўках. Мы неяк хутка зь ім сышліся і бачыліся амаль штодня.

Напярэдадні яго вяртаньня ў Цюмень мы вырашылі зрабіць фатаздымак на памяць. Такі клясычны, якія любілі рабіць у фотасалёнах «маладнякоўцы» ў 20-х гадах. Фотастудыю выбралі на наваполацкай вуліцы Якуба Коласа. Схадзілі, сфатаграфаваліся. Пасьля чаго пайшлі да Арлова глядзець футбол па тэлевізары. Мудроў быў заўзятым аматарам футболу, а я пайшоў хутчэй дзеля кампаніі. Пасьля матчу Мудроў чытаў нам свой новы аповед «Кантакт». Гэта было фантасмагарычнае апавяданьне пра кантакт галоўнага героя з іншаплянэтнікамі. Вясёла-трагічнае. Мудроў, чытаючы свой твор, час ад часу камэнтаваў падзеі аповеда, гучна рагатаў і паўтараў: «Так і магло быць насамрэч!» Арлоў таксама шчыра сьмяяўся. Затым папрасіў даць рукапіс яму, маўляў, для літстаронкі ў «Хіміку» аповед завялікі, таму трэба яго завезьці ў Менск. Неўзабаве тое апавяданьне і было надрукавана ў нядаўна заснаваным сталічным часопісе «Крыніца».

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3