Алесь Аркуш - Мясцовы час стр 2.

Шрифт
Фон

 А запісвацца будзем на тваю «Ноту».  Бас-гітарыст пасьпяваў першым рэагаваць на словы бубнача.

 Годзе цырк ладзіць, мы сурёзнае пытаньне абмяркоўваем. Як карабель назавеш, так далей і паплывеш.  Алесь Кузьмін, якога сябры звалі дзіўнай мянушкай Фула, вакаліст гурта, вырашыў навесьці парадак на сходзе калектыву. Засталося яшчэ алоўкам пастукаць па графіне.

 Ну вось і я кажу: заёбіста паплывем.  Бубнач зноў засьмяўся сваім дэфэктыўным сьмехам, адкідваючыся ўсім целам назад.

 Ну дэбіл, што зь яго возьмеш.  Бас-гітарыст устаў, падыўшоў да бубнача і выпісаў яму поўху.

 Толькі бяз рукапрыкладства,  працягваючы сьмяяцца, бубнач накрыў сваю галаву рукамі.

 Макс, сядзь на месца. А ты, Сьвідрыцкі, харэ блазнавацца.  Фула павярнуўся да лідар-гітарыста і сказаў: А ты чаго, Дракеша, маўчыш? Скажы хоць штосьці.

 Сьвідрыцкі, і праўда, харэ хернёй займацца. Няма часу зубы сушыць. Давайце па-сурёзнаму.

 Час гэта грошы, толькі чамусьці я гэтых грошай ніколі ня бачыў, Сьвідрыцкі перастаў сьмяяцца і змяніў тэму.

 Заўважу, што мясцовы час ужо дваццаць сорак. Крамы вось-вось зачыняцца.  Макс паглядзеў на гадзіньнік і пляснуў рукой па сьцягне. Затым дастаў з кішэні нагавіц гаманец, палічыў у ім стосік дробных банкнотаў.

 А чаму б не назваць наш гурт «Мясцовы час»?  неяк няўпэўнена, нібыта пускаючы пробны шар, прапанаваў Фула.  З аднаго боку і патрыятычна атрымліваецца, маўляў, прыйшоў наш уласны час беларускі. І, зь іншага боку, ня ў лоб. Хто ня ў тэме, той не зразумее.

 «Мясцовы час» дык «Мясцовы час» пара разьбягацца,  Макс зноў дастаў з кішэні гаманец.

 Сьвідрыцкі, палова назвы твая, палова Фулы. Таму вы і прастаўляеце,  адчуўшы, што кампраміс блізкі, узрадаваўся Дракеша.

 А ўсё ж «Заёбісты час» лепш. Але лады, супраць калектыву не пайду.

На твары Сьвідрыцкага зноў зьявілася блазнаватая ўсьмешка. Відавочна, бубнач быў задаволены, што ягонае выдурваньне завершылася канструктыўна.

 Ну тады ў першым чытаньні прымаем пастанову пра назву гурта «Мясцовы час». Хто за падняць руку. Хто ўстрымаўся? Хто супраць? Прынята адзінагалосна!  Фула ўстаў і запляскаў у далоні. Астатнія таксама паўскоквалі са сваіх месцаў.

Кожнага чакалі ўласныя справы. Толькі Сьвідрыцкі нікуды не сьпяшаўся. Ён сеў за свае бубны і талеркі і выканаў троххвіліннае сола.

* * *

Я сустрэў яго выпадкова. У цэнтры Полацка віравала сьвята горада. Усё гудзела і рухалася ў нейкім млявым, павольным рытме. Са сцэны на плошчы кагосьці віншавалі. А аднекуль зь іншай сьвяточнай пляцоўкі далятала занудная, траскучая музыка, якая глушыла словы выступоўцаў, ператвараючы ўсё ў балаган.

Ён стаяў пасярод пляца Свабоды зь дзьвюма дзяўчынамі Дракешу я ня бачыў, магчыма, гадоў пятнаццаць. Лідар-гітарыст «Мясцовага часу» зусім не зьмяніўся. Толькі яго гнілыя пярэднія зубы сьведчылі, што час няўмольны. Мы цёпла павіталіся і нават абняліся.

 Як ты?  спытаць нешта больш сэнсоўнае ў мяне адразу не атрымалася.

 Я па-ранейшаму пры музыцы. У Доме культуры  Дракеша таксама ня ведаў зь якой старонкі постмясцовагачасу пачаць распавядаць.

 Чуў, што няма ўжо Сьвідрыцкага.  Я даведаўся пра гэтую трагедыю ад Руслана, клявішніка «Мясцовага часу», зь якім пэрыядычна кантактаваў праз Фэйсбук і скайп.

 Ну так, няма Свідрыгона,  Дракеша глыбока ўздыхнуў і заціх.

Я чакаў, што ён нешта распавядзе, удакладніць. Але Дракеша зь нейкай штучнай усьмешкай на твары маўчаў.

 І што здарылася?  усё ж я хацеў пачуць вэрсію трагедыі ад Дракешы.

 Забілі. Знайшлі ў падезьдзе зарэзаным,  сказаў і зноў змоўк. Распытаваць далей не схацелася. Трэба было зьмяніць тэму і я спытаў зусім пра іншае:

 А праўда, што напачатку тэксты для песень пісаў Сьвідрыцкі?

 Ну так. Галоўным чынам ён і пісаў. Гэта затым ужо Фула да гэтай справы далучыўся.

Дракеша быў нешматслоўным, што абсалютна нехарактэрна для музыкаў. Звычайна ўсе яны гаваркія, а пра свае музычныя посьпехі могуць расказваць гадзінамі. За свае журналісцкія гады я ўдосталь наслухаўся ўзьнёслых маналёгаў.

Недзе за сьпінай гучна зайграў аркестр. Барабан манатонна адбіваў пульс. Я пачаў згадваць, ці сьпяваў калі-кольвечы на гэтай галоўнай полацкай сцэне «Мясцовы час». Не прыпомнілася. У 90-х такіх маштабных гуляньняў на Дзень горада не наладжвалі.

 Фулу гадоў дзесяць ня бачыў. Хацеў быў перарабіць апошні альбом «Халі-Халі», падняць вакал, але бяз Фулы ня буду чапаць.  З твару Дракешы не зьнікала ветлівая ўсьмешка. Ці то ён радаваўся сьвяту горада, ці то яму было прыемна са мной сустрэцца. Тут яго гукнулі дзьве дзяўчыны, што чакалі зводдаль, відавочна, адна зь іх была яго дачка, Дракеша разьвітаўся і пашыбаваў даганяць сваіх спадарожніц.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3