Алесь Аркуш
Мясцовы час
© Аркуш А., 2014
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017
Частка першая
Павал Іванавіч патэлефанаваў мне недзе праз год пасьля нашай сустрэчы і папрасіў зноў пабачыцца на тым самым месцы на лавачцы ў сквэры праспэкта Карла Маркса. Калі казаць шчыра, я чакаў яго званка.
Мужчына амаль не зьмяніўся. Толькі твар яшчэ больш пакрыўся зморшчынамі. Як і ў першы раз, ён прыйшоў раней і чакаў мяне. Узьняўся з лаўкі і прывітаўся поціскам рукі. Даўно заўважыў, што старыя людзі заўжды, калі сядзяць, устаюць, каб парукацца пры сустрэчы.
Як у вас справы? гэтым разам першым пачаў размову Павал Іванавіч.
Нібыта ўсё нармальна. Выйшла мая трэцяя кніжка.
Віншую, віншую! Гэта важная падзея! ён яшчэ раз паціснуў мне руку. Рады за вас!
Шалёна пах бэз. Зь дзяцінства цьвіценьне бэзу ў мяне атаясамлялася з сапраўднай вясной. Да школы ў сваім родным маленькім гарадку я ішоў па алеі, якая абапал была абсажаная бэзам. Прыходзіла вясна, бэз выбухоўваў кветам, і гэта сьведчыла, што да школьных вакацыяў засталося зусім ня шмат часу. І тады я на крылах ляцеў са школы дахаты. І абавязкова адломваў галінку бэзу, якая потым стаяла ў вазе на пісьмовым стале, напаўняючы пакой саладжавым пахам.
Вы, напэўна, хочаце даведацца, навошта я вас яшчэ раз паклікаў? абудзіў мяне ад развагаў Павал Іванавіч.
Калі быць шчырым, я чакаў вашага званка.
Ня ведаю, колькі ўжо мне засталося Можа, вы маеце якія пытаньні да мяне?
Маю толькі адно пытаньне: як вы гэта ўсё вытрымалі?
Павал Іванавіч зірнуў мне ў вочы, пасьміхнуўся і прамовіў:
Звычайна. Няма тут ніякага геройства. Гэта нармальныя паводзіны нармальнага чалавека. Іншая справа, што нармальнасьць робіцца ўсё большай рэдкасьцю. Бо за нармальнасьць можна атрымаць па шыі.
Павал Іванавіч зірнуў у бок той лаўкі, дзе пры мінулай сустрэчы сядзеў «дзядок» з газэтай. Гэтым разам на ёй нікога не было.
Сёньня няма вашага куратара, пажартаваў я.
Недзе ёсьць іншы. Абавязкова, суразмоўнік засьмяяўся ціхім сьмехам. Затым стаў зноў сурёзным і амаль шэптам прамовіў:
Паабяцайце, што напішаце.
І я расказаў Паўлу Іванавічу сваю гісторыю.
Я вучыўся ў Інстытуце народнай гаспадаркі. Юнаком мне здавалася, што вучыцца там вельмі прэстыжна. Маўляў, з наргасаўскім дыплёмам будзеш добра ўладкаваным у жыцьці. Але на той час я ўжо гарэў паэзіяй. Зьявіліся мае першыя публікацыі, і мне стала не да вучобы. Найбольш страшнай для мяне дысцыплінай было матэматычнае праграмаваньне. Я абсалютна нічога ў ім ня цяміў. Выкладаў яе прафэсар Саковіч, вельмі суворы дзядзька, якога баяліся нядбайныя студэнты. І нечакана той прафэсар палюбіў мяне. На практычных занятках выклікаў да дошкі і замест нейкіх сваіх заданьняў прасіў пачытаць вершы. За вершы я атрымліваў выдатныя адзнакі. На іспытах таксама атрымаў «выдатна» сьпісаў з канспэкту. Прафэсар Саковіч, развітваючыся са мной, сказаў, што мне не патрэбныя ўсе гэтыя бухгальтарскія ўлікі і разьлікі ён гэта выдатна разумее, бо мой лёс абірае іншы шлях. І папрасіў, калі выйдзе мая першая кніжка, каб я яму абавязкова даслаў з аўтографам. Я паабяцаў. Але згадаў пра сваё абяцаньне вельмі позна. Калі пачаў расшукваць прафэсара Саковіча, яго ўжо не было на гэтым сьвеце. І гэтае спазьненьне дагэтуль вісіць камнем на маёй душы. Цяпер стараюся выконваць свае абяцаньні. Баюся спазьніцца.
І вось пішу.
* * *А давайце назавем гурт «Заёбісты час»! бубнач неяк нязвыкла шапялявіў, таму імкнуўся гаварыць выразна і на поўны голас, як чалавек, які ніколі не забывае пра сваю праблему і імкнецца трымаць яе пад кантролем.
Ну ты дэбіл! бас-гітарыст быў мальцам прамым і ніколі не выбіраў словаў для выказваньня сваіх нават самых складаных думак. І як ты сабе ўяўляеш афішу: у нашым горадзе з адзіным канцэртам «Заёбісты час». Або на радыё вядоўца кажа: а зараз паслухаем новую песьню «Заёбістага часу» «Поўны пісец».
Бубнач зарагатаў як дзіця-шкоднік, які толькі што напракудзіў. І сьмех ягоны быў зь нейкім дзіўным тэмбрам. Мне нават падумалася: трэба яму паспрабаваць засьпяваць, можа атрымаецца як у Філа Колінза, бо для рок-выканаўцы галоўнае нязвыкласьць і пазнавальнасьць.
Аніякае радыё нам ня сьвеціць. А так хоць назва будзе заёбістая. Бубнач не здаваўся і працягваў разьвіваць сваю думку. Будуць перапісваць на магнітафоны. Падпольны рок самае тое.