Уладзіслаў Ахроменка - Музы і свінні стр 10.

Шрифт
Фон

Пачынаецца рэпетыцыя аркестра. Музыкі не трапляюць у такт. Дырыжор злосна ломіць палачку за палачкай. Публіка ў індпашываўскіх стройчыках паглядае на Шастаковіча, нібы атрад эсэсаўскіх карнікаў на палоннага беларускага партызана. Карацей, сумбур замест музыкі. І ад усёй гэтай бязглуздзіцы, і ад напружаных пысаў меламанаў у цывільным, і ад падазроных шчытоў з мячамі Шастаковічу канчаткова становіцца пагана. Ён даручае разабрацца з усім гэтым безладдзем дырыжору, а сам спяшаецца на свежае паветра. Трэба яшчэ высветліць, што ж гэта за такая дзіўная зала, і што за публіка на рэпетыцыі сабралася!

Першае, што бачыць кампазітар такую прыгожую шыльдачку каля дубовых дзвярэй: «Клуб ім. Дзяржынскага КДБ БССР».

Шастаковіч адразу згадвае пра свайго сябра Саламона Міхоэлса, які акурат пятнаццаць гадоў таму загінуў у Мінску, дзякуючы такім вось хлопчыкам з гарачымі сэрцамі, шклянымі вочкамі і непрыстойна доўгімі рукамі. Пра прыяцеля-піяніста Рудольфа Керара, якога «органы» за нямецкае прозвішча пасадзілі. І пра шмат чаго яшчэ. І, як у кожнага нармалёвага чалавека, у кампазітара першае жаданне бегчы з гэтага гадзюшніка падалей. Куды? Ды хаця б у свой гатэльны нумар!

А дарога ад Палацу Дзяржбяспекі да тагачаснага гатэлю «Беларусь», як не круці толькі ўздоўж стадыёна «Дынама». Каля стадыёна вірлівы натоўп. Футбольны фанат Шастаковіч, натуральна, цікавіцца а хто з кім? Ды наша мінскае «Дынама», кажуць, якое раней «Беларусь» называлася, супраць маскоўскага «Спартака».

 «Спартак»?  перапытваецца кампазітар, і ягоныя вочы пад акулярамі з біфакальнымі лінзамі запальваюцца лютай нянавісцю; як і мае быць для праўдзівага фаната «Зеніта», маскоўскі клуб для яго вораг нумар адзін.

Да таго ж, калі мінчане выйграюць сёння ў «мяса», дык роднаму «Зеніту» гэта будзе адно на карысць, з улікам турнірнай табліцы.

Тут і вагацца не варта ісці ці не ісці! На стадыёне дакладна музыказнаўцаў у цывільным не будзе. Як і партрэтаў Дзяржынскага

Касы ўжо зачынены, але ж госцю неверагодна шанцуе. Нейкі пралетар у кепцы прапануе: маўляў, у яго залішні квіток, сябручка жонка не пусціла Дык купляеш, інтэлігент?

І вось Шастаковіч сядзіць на самых танных месцах стадыёну «Дынама», акурат за футбольнай брамай, побач з дабрадзеем-пралетарам. Усе імпэтна падтрымліваюць «Дынама» Мінск. Мяч у Савосцікава, ён пасуе Арзамасцаву, той вытанчаным фінтам абводзіць нейкага спартакаўца, аддае пас Малафееву проста ў штрафную, яго збіваюць Пенальці?..

У СССР футбол паспяхова замяніў паспалітаму людству рэлігійныя рытуалы і народныя традыцыі, і таму абурэнне з прычыны непрызначанага пенальці адзіная дазволеная форма грамадскага пратэсту. Як гэта «парушэння не было», яго ж у штрафной пляцоўцы скасілі! Было, яшчэ як было, гэты казёл у чорным адмыслова маскалям падсуджвае, як і заўсёды!

Стадыён, нібы па камандзе, падымаецца і раве: «Суддзю на мыла!» Пралетар у кепцы лаецца нецэнзурна. Шастаковіч таксама неверагодна абураны. Але ж эмоцыі выяўляе куды больш культурна:

 Прадай свісток, купі акуляры!  лямантуе.

Трыбуны паглядаюць на яго са шчырай павагай: ты ж глядзі, інтэлігент, а разбіраецца!

У перапынку ўражаны пралетар добразычліва прапануе новаму знаёмцу папіць піўка. Купляе «Жыгулёўскае», здзьмухвае шум. Выцягвае нейкую пляшку, ад якой тхне першабытным перваком.

 З роднай вёскі прывёз!  шчасліва мружыцца пралетар.  Алё, ціліхент, давай свой куфаль, я і табе ў піва падлію для мацунку!

Адмовіцца няёмка: субяседнік са шчырай душой. Дый савецкаму кампазітару трэба бліжэй быць да народа!

Аматары футболу смакуюць піва з самагонкай і абмяркоўваюць турнірную табліцу чэмпіянату СССР. Інтэлігент у акулярах дэманструе ну проста неверагодную эрудыцыю: словы «хаўбэк», «афсайд», «карнёр», «сухі ліст» сыплюцца з яго, бы з футбольнага каментатара.

І тут здараецца катастрофа

 А ў нас у «Зеніце»  пачынае Шастаковіч і прыкусвае язык, бо разумее, якое глупства ляпнуў.

Пралетар адстаўляе піва і нядобра мружацца на выпадковага знаёмца. Пачынаецца спрэчка. Як і мае быць, праз хвіліну фанат «Зеніта» атрымлівае ў вуха. Акуляры лятуць у адзін бок, шапка ў другі, а ахвяра ляжыць у калюжыне. Пралетар уцякае, а Дзмітрыя Дзмітрыевіча з калюжыны выцягвае міліцыянт.

 Вашы дакументы?  цікавіцца.

Пашпарта ў кампазітара з сабой, натуральна, няма не прасякнуўся яшчэ «беларускім парадкам». Ці то ў цэкоўскім гатэлі «Беларусь» забыўся, ці то ў Клубе імя Дзяржынскага

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3