Уладзіслаў Ахроменка - Тэорыя змовы стр 7.

Шрифт
Фон

 Ой, Божухна!  знянацку пачулася з-за пуні.

Страказа нашаторыла празрыстыя крыльцы і распусцілася ў паветры. Дзядок нават не павярнуў голаў; тутэйшы зварот традыцыйна да такога не абавязваў. Ён адклаў фуганак, выцягнуў з-пад варштату сталічную газету і дбайна згарнуў «казіную ножку».

З-за пуні выйшла згорбленая старэча ў зацёртай да бляску плюшавай душагрэйцы і стаптаных кедах. Яна панура тупала і паўтарала, як мантру: Ой, бацюхна, ой, матухна! Што ж гэты паганец нарабіў! У нас жа ўсё сваё, з зямелькі жывем, як за дзядамі-прадзедамі, ні ў кога не крадзем, ніякіх цудаў не чакаем Кроп-бульба, гуркі-памідоры, цыбуля-часнык Піздзіцыдаў не падсыпаем Гэта ж трэба было так грады панішчыць! Талаш, ідзі глянь!

Дзед Талаш дбайна запляваў «казіную ножку», кінуў недапалак у бляшанае вядро і пасунуўся за пуню.

 Грады, кажаш, патапталі?  удакладніў ён крыху разгублена.  А хто?

 Ды казёл нейкі усхліпнула Талашыха і на ўсялякі выпадак удакладніла: Мяркуючы па слядах.

Маштабы злачынства прымусілі старэчу зноў зашморгаць носам. Ёй хацелася паваліцца на грады, абняць-шкадаваць зямельку і плакаць. Яшчэ з раніцы на дагледжаным гародчыку стромка выцягваліся сакаўныя стрэлы цыбулі, бухмаціўся пяшчотны кроп, раскашавала маладая пятрушка. Цяпер жа грады з падушанай гароднінай глядзеліся, рыхтык, апаганеныя могілкі. Павялае зелле, зацярушанае свежай зямлёй і ачахлым яблыневым квеццем, адно ўзмацняла недарэчнае падабенства.

Дзед Талаш прысеў на кукішкі, прыўзняў было цыбульнае пере, але яно бязвольна завалілася долу. На вільготнай зямлі рэльефна адбіваўся след казлінага капыта.

 Во быдла рагатае!  смачна плюнуў дзядок.

 І гэта ж трэба такой скацінай быць!  апантана загаласіла Талашыха.  Колькі ж мы ў тую зямельку ўсяго паўкладалі!

 Мо, які вораг народа казліныя капыты начапіў?  задуменна дапусціў Талаш.  Смалы яму з каланіцы!

 Халеры ягонаму бацьку і трасцы ягонай мацеры!  салідарна адгукнулася старая скрозь слёзы.  Не даў нам Гасподзь дзетак, не даў шчасця Вось і крыўдзяць нас розныя

Адбіткі капытоў былі зусім свежыя. Злачынства вымагала неадкладнага пакарання. Дзед Талаш з няўхільнасцю народнага мсціўцы выдраў са штыкетніку дрын і падаўся па слядах шкодніка. Талашыха баязліва сунулася следам і трагічна шаптала:

 Божухна, за што?..

За чыгункай сінела матэчная пушча. Ад яе патыхала партызанскімі спевамі і рамантыкай рэйкавай вайны. Каля сіласнай ямы грувасціўся трактар «Беларус», і сакавіты мат калгаснага брыгадзіра перакрываў тарахценне рухавіка.

Казліныя сляды вялі ў гушчар, над якім узвышалася рагатая машта ЛЭП. Нізка гулі драты, і брынклівае казлінае мэканне дадавала краявіду злавеснай напругі.

Дзед Талаш сціснуў дрын вузлаватымі пальцамі. Талашыха чвякнула разношаным кедам і спалохана сцішылася. Знянацку танальнасць мэкання змянілася; цяпер у ім прабіваліся відавочна агрэсіўныя ноткі.

 Каб табе, быдлу рагатаму, павылазіла!  старыя адважна ламануліся праз хмызы.

Пад сталёвай маштай лунала нябёсная аблачынка з пёркаў і пуху. Пачварны чорны казёл катаў паміж бярозаў і соснаў пяшчотнае пуцаценькае немаўля. Абсмаленая трава суха храбусцела пад капытамі.

Талашовы дрын бязлітасна ляснуў паміж рогаў. Парнакапытны затрос скрываўленай барадой і злосна загырчэў. Вочы наліліся інфернальным святлом. Казёл схіліў голаў і пайшоў было ў наступ, але дзядок спрытна садануў дрынам па чорнай дупе з кароткім хвастом.

 Кала табе ў сраку, а не дзіцятка!  пераможна выгукнуў ветэран.

Казёл узбрыкнуў, злякана серануў і кінуўся ратавацца ў калючыя хмызы. Талаш праводзіў рагатае быдла шчырымі партызанскімі пажаданнямі.

Старая неадкладна падхапіла немаўля. Пуцаценькі, вельмі падобны да херувіма, даверліва цягнуў ручкі і ласкава пасміхаўся. Толькі цяпер дзед з бабай угледзелі, што на спіне ў дзіцёнка крывавяцца дзве доўгія ранкі. Пэўна, гэта былі сляды казліных рогаў.

 Ой, бацюхна!.. Ой, матухна!..  старэча абярэжна захутала дзіцёнка ў плюшавую душагрэйку і прыціснула да грудзей.  Што ж за казлы такія пайшлі Мала ім нашых градаў дзяцей узяліся грызці!..

 Гэта, пэўна, якая алкагалічка з птушкафабрыкі дзіцё нагуляла ды кінула,  Талаш задуменна калупаў насцяком бота раскіданыя пёркі. Ім, маладым, цяпер волю далі Не тое, што ў наш час.

 Сыночка ж накарміць трэба!  са скрухай мовіла Талашыха.  Грошы з сабой ёсць?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3