Капітан каўтануў проста з рыльца, абцёр шкло абшлагам і сунуў кіроўцу.
Будзеш?
Макруха глянуў на прыборную дошку, павагаўся, таргануў рычаг скрыні бегаў і збочыў на набярэжную.
Пячонка яшчэ не запрацавала, не кажучы пра ныркі Ну ладна, давай. А то, адчуваю, да самай ночы той спадарожнік будзем шукаць. Апаратура яшчэ працуе?
Капейкін азірнуўся. У чэраве мікрааўтобуса грувасціўся пульт з тумблерамі, асцылографамі і індыкатарамі. Вузкавокі сержант-аператар у навушніках засяроджана сачыў, як па экранчыку няспынна кружляе зялёны прамень-разгортка.
Хулімулін, ну што там?
Пуста, аператар зайздросна лыпнуў на пляшку.
Рухавік загырчэў аўтапеленгатар сунуўся на гару. Праз лабавое шкло прамалёўваліся абрысы замчышча з брыламі старажытных муроў. Афіцэр змяніў у магнітоле касету, і дынамікі азваліся «Владимирским централом».
У мяне гэтыя амерыкосы Гімн Расіі на парашы будуць спяваць! Капейкін засяроджана смактаў гарэлку. Як зловім адразу ўва ўсе адтуліны Слова рускага афіцэра!
Раптам за спінамі суразмоўцаў пранізліва запішчэў пеленг. Капітан з прапаршчыкам сінхронна глянулі на экранчык: прамень-разгортка адназначна засёк нейкі чужародны абект. Эратычныя фантазіі ў афіцэрскім мозгу імгненна саступілі месца ілюстрацыям з «Гісторыі катаванняў і стратаў у Расіі».
Макруха, яны тут! капітан азартна пацягнуўся да рацыі. «Магадан», «Магадан», я «Варонеж»! Мы іх вылічылі! Тэрмінова высылайце КамАЗ спецназу! Хай нашы пацаны тых чарнажопых на катлеты пашматуюць!
Аўтапеленгатар каціў замчышчам. Званіца разбуранага касцёла стромка цягнулася ў вечаровыя нябёсы. Бетановыя Фрыц з Гансам па-ранейшаму цэлілі ў жахлівы баепрыпас, і вадамётныя рулі «шмайсераў» спраўна цурболілі ў папулярны лозунг. З дынамікаў панеслася «Цыганачка» кіроўца зухавата замалаціў падэшвамі па педалях, прытанцоўваючы ў такт.
Макруха, спыніся, бля, спыніся! Капейкін засукаў ботамі. Трэба адліць.
Машына знерухомела каля абеліска Гастэлу. Афіцэр скочыў на парапет і сутаргова расшпіліў нагавіцы..
Пеленг гольчатым металам працяў мозг. Зялёная кропка ссунулася амаль у цэнтр экранчыка.
Яны недзе там! палец прапаршчыка Макрухі расстраляў шэры гонтавы дах, што прамалёўваўся праз пяшчотную яблыневую квецень. Хулімулін, чурка нямыты, пад трыбунал аддам!
Калі фургон спыніўся пад хаткай з этнаграфічнымі ліштвамі, наваколлем апанавалі фіялетавыя прыцемкі. Святла ў дамку не праглядалася, і гэта насцярожвала. Камуфляваныя спецназаўцы ўжо занялі пазіцыю на градах, цэлячы ў вокны і дзверы. Агрэсіўнасць іх твараў выяўлялася нават у паўцемры.
Капейкін асцярожна стаў за КамАЗам і склаў далонькі рупарам:
Ду ю спік інгліш? Шпрэхен зі дойч? афіцэр скасавурыўся на прапаршчыка Макруху. Не ведаеш, як па іхняму «ідзі на хер?» У сэнсе, каб нігеры выйшлі з паднятымі рукамі і знятымі штанамі?
Вакно суседняга дома пляснула ў вочы святлом. На ганку акрэслілася мужчынская постаць. Сякера ў дужай руцэ бліснула нагостраным лязом.
Вы хто? нядобра пацікавіліся з ганку.
У паліто. Рускія віцязі. Прыехалі амерыкосаў мачыць.
Дапіліся маскалі, рэзюмаваў уладальнік сякеры. Якія амерыканцы? Тут Талаш з Талашыхай жывуць. Ветэраны вайны і працы. Сыночак у іх моцна хварэе. Толькі што на матацыкле ў «вобласць» выехалі. Пераначуюць у сваякоў і да доктара.
Афіцэр расчаравана пашкроб ніз жывата. Спецназаўцы хіжа клацнулі аўтаматамі.
Зброю хоць схавайце! мужчына на ганку талерантна адклаў сякеру. Людзі ж мусяць любіць адзін аднаго!
Капітан Капейкін пераклаў апошнюю фразу на сучасную рускую мову і ахранеў.
А можа, цэрэвушнікі ў гэтага фраера хаваюцца? падаў голас Макруха. Ну, які на адкрыцці помніка вершы чытаў. Пра Беларусію і жывёлаў.
Ты думаеш?
Я не думаю. Я ў расейскім войску служу!
Недзе зусім блізка пачулася выразнае мэканне, і з цемры, утыканай гострым галлём, бліснулі інфернальныя вочы.
6
Скіргайла ўчарэпіўся ў халодны замкавы зубец і асцярожна глянуў наўсцяж.
З высокага мураванага бастыёна адкрывалася начная панарама невядомага сярэднявечнага горада. Змрочныя камяніцы нагадвалі карпусы лепразорыя. Вузкая рака курэла між каменных берагоў, і яе зеленкаватыя воды патыхалі цвіллю. Ад цёмных зарэчных кварталаў раз-пораз даносіўся пераможны быдлячы лямант. Ані патрыятычных сымболяў, ані іх абаронцаў не назіралася, і гэта крыху засмуціла адраджэнца.