Няўжо наша сталіца такою была? маладзён пашукаў вачыма вежу Гедыміна, але не знайшоў. І ў якое ж некультурнае мястэчка я патрапіў?!
Паэт бездапаможна азірнуўся. За ім стаяла маладая сціплая брыгітка. На грудзях срабрылася эстэтнае ўкрыжаванне. Сінія вочы ззялі цнотай і міласэрнасцю. І толькі па хвасце з бухматым пэндзлікам, што выторкваўся з-пад прыполу, у мнішцы можна было пазнаць нядаўнюю спакусніцу.
Вітаю спадара Скіргайлу ў сталіцы Высокага Адраджэння! Яно ж Квартачэнца, яно ж Рэнесанс, добразычліва дэкларавала сінявокая. Гэта Рым, год тысяча пяцьсот дваццаць сёмы. Замак Сан-Анджэла, рэзідэнцыя пантыфіка Клімента VII.
Скіргайла недаверліва задраў падбароддзе, аглядаючы цыклапічны каменны барбакан. На самым версе, між дрыготкіх нябесных сузоряў, прастаў крылы каменны анёл з доўгім мячом у руцэ. У пустых вачніцах адбівалася мярцвянае святло маладзіка.
І што найвялікшая суперзброя цывілізаванага свету цяпер тут? сумеўся паэт.
Пакуль тут. Астатняе залежыць ад цябе, падступна нагадала красуня.
Скіргайлавы вочы ўжо прызвычаіліся да сярэднявечнай цемры. З хаосу пакрысе праступалі постаці, фарбы і гукі. Змрочная камяніца насупраць аказалася жаночым кляштарам. Адтуль наплываў густы, бы з куфля, бом, і крышталёва празрыстыя галасы выводзілі суворы грыгарыянскі харал «Stabat mater». Па рэчцы чарадой праплыў тузін раздзьмутых нябожчыкаў. Паэт здрыгануўся і рэфлекторна адсунуўся ад мураванага зубца.
Што паробіш! фальшывая мнішка апярэдзіла пытанне. Чарговае нашэсце чарговых вандалаў на Вечны Горад!
Юнак тужліва маўчаў. Ён нагадваў летуценніка, які мроіў пра вясёлку, але патрапіў пад халодную залеву. Пахабная рэчаіснасць у каторы раз перамагла светлыя адраджэнскія мары.
Але ж я сапраўдны дробны паплечнік тытана Адраджэння? нясмела нагадаў Скіргайла.
Усё згодна кантракта, азвалася панначка крыху загадкава і адступіла ў цемру.
Раптам па-над стромаю Тыбра разнеслася паскуднае гергетанне. З-за моста Элія Адрыяна грымнула, ажно вушы заклала. У рачных хвалях раскрышылася святло паходняў. Па мурах засноўдалі інфернальныя цені.
Скіргайла сфакусаваў зрок. Па мосце тупацеў натоўп бруднага і агрэсіўнага быдла. Барадаты фацат у рагатым шаломе з доўгімі драбінамі на плячы рушыў паперадзе. На суседнім бастыёне неадкладна высунуліся швейцарскія гвардзейцы. Зашкварчэла смала ў катлах, каля бамбардаў запаліліся кнаты. Але ж рагатыя і не збіраліся штурмаваць Сан-Анджэла; жаночы кляштар відавочна быў для іх больш прывабнай мэтай.
І дзе падзеўся гэты дробны ўрод?! прагучала над вухам лацінай, і малады спецыяліст са здзіўленнем адзначыў, што ўсё разумее.
Не паспеў Скіргайла хаўкнуць, як атрымаў ашаламляльнага выспятка і склаўся скобкай. Грудзі хрумснулі аб халодныя камяні. У дупе прыпякло. У кішэні тужліва ценькнула пляшка «Аліварыі», абачліва прыхопленая з таргачоўскага ДК.
Стой непарушна! шляхотны маладзён у ядвабным камзоле ўсклаў на скіргайлаву спіну цяжкую рулю аркебузы, зараз я яго нарэшце забю!
Паэт палахліва ўцягнуў голаў у плечы і неўпрыкмет глянуў наніз. Агрэсіўныя дзецюкі ўжо абклалі жаночы кляштар. Правадыр у рагатым шаломе з энтузіязмам караскаўся па хісткіх драбінах. Следам з юрлівым мэканнем сунулася зграя пяных хаўруснікаў.
Пэўна, усіх рымскіх курваў яны ўжо перадушылі, і таму ўзяліся за Хрыстовых нявестаў, аркебузер ззаду Скіргайлы рашуча скіраваў рулю на драбіны, прыстаўленыя да кляштарнай сцяны. І адно быдла, быдла навокал У які змрочны час мне даводзіцца жыць! Ну чаму я не нарадзіўся за часамі якога-небудзь Марка Аўрэлія?
На замкавы зубец лёг выразна акрэслены цень. Адраджэнец, па-ранейшаму стоячы рачкі, асцярожна скасавурыўся на сухенькага дзядка са срэбнай барадой. Доўгі барвовы плашч прыкрываў кволую постаць. Вытанчаная рука ўпэўнена сціскала высокі посах. Залаты пярсцёнак мігцеў у цемры чароўнай знічкай.
Месір, пэўна, забыўся, што горад Святога Пятра насяляюць не толькі грэшныя сінярыты і Боскія служкі, аўтарытэтна абверг стары. Не перавяліся яшчэ і высакародныя адраджэнцы!
А нягож, не! паспрабаваў уклініцца ў дыспут Скіргайла, але трапны ўдар па дупе прымусіў яго зноў стаць рачкі.
Большасць высакародных адраджэнцаў сканала ў вендэтах, у голасе аркебузера напяліся і зазвінелі драматычныя струны. Ацалелыя прафукалі свой Рэнесанс за спрэчкамі і пянкамі. А тыя адраджэнцы, каторыя могуць яшчэ пахваліцца рэшткамі розуму, паводзяць сабе нават горш за грэшных сінярытаў. З тае прычыны нашым краем і апанавала рагатае быдла Але ж адкуль яго столькі бярэцца?!