Алесь Пашкевич - Рух стр 7.

Шрифт
Фон

Аднак жаданаму збыцца не было наканавана: перад вясной у Елізаветы здарыўся выкідыш, і іх сямейнае жыццё перафарбавалася ў атрутныя колеры. Жонка сумавала ад адзіноты, бо не мела ні сябровак, ні нават знаёмых. Муж зрання сыходзіў на службу і вяртаўся толькі на абед, галодны і стомлены, а замест гарачага супу ды біфштэксаў ці сямейных катлетаў атрымліваў чарговую порцыю нараканняў на хцівую кухарку ды яго, чэрствага і негаспадарлівага Надламалі спакой і канцылярскія інтрыгі-шашні: за ўсе гады бездакорнай службы ён, галоўны справавод і начальнік статыстычнага аддзела Канцылярыі Генеральнага штаба, які распрацаваў беспрэцэдэнтнае «Палажэнне» асобнай дзеючай арміі, у спісе іншых афіцэраў быў адзін узнагароджаны ордэнам святога Уладзіміра IV ступені, усяго толькі IV, хоць іншыя, нават ніжэй рангам, былі ўганараваныя ступенню ІІІ. Як тут не расчаравацца ды не аддацца роспачы?

Але бясконцыя сваркі з жонкай атручвалі жыццё яшчэ больш, і афіцэр ад безвыходнасці збягаў на службу, а на наступныя раніцы ўжо выспяваў да размоў аб разводзе ці хаця б разездзе. Ліза абуджана згаджалася, але праз хвіліну продуму пачынала плакацца пра свае нікчэмныя фінансавыя ўмовы. І ён ахвяраваў немалую суму золатам і выправіў яе за мяжу падлячыцца ды аднавіцца. У жонкі зноў былі Швейцарыя ды Францыя, і вярнулася яна амаль ранейшай Лізай: спакойнай, задаволенай, ласкавай, памаладзелай. Праўда, без грошай, але з валізамі набыткаў-абновак, якія яшчэ з месяц пасыльныя дастаўлялі на іх кватэру з мытнапамежнага літоўскага Вержбалова.


Вільгельм ІІ


А затым пасярод лета 1890 года Віктар Берг нечакана атрымаў загад прыкамандзіравацца на вайсковыя зборы пад Нарвай. Каб аздобіць жонцы самотныя дні, ён абаніраваў у піцерскім французскім тэатры месца і настойліва папрасіў адпісваць на ягоныя лісты. А яшчэ мусіў набыць паходны рыштунак і сядло (каня з веставым даў начальнік кавалерыйскай школы).

На другі дзень пасля прыбыцця ў лагер давялося рыссю пераадолець каля сарака вёрстаў пыльнымі жнівеньскімі дарогамі пасля чаго ледзь не патрапіў у лазарэт. Затое назаўтра падчас сняданку палкоўнік Берг бачыў зблізу адразу двух імператараў: аграмаднага ў сваёй мядзведзістай паставе Аляксандра ІІІ у зялёным вайсковым сурдуце і фуражцы (якая здавалася замалой для ягонай гарбузаватай галавы) і Вільгельма ІІ, невысокага маладога чалавека са смешна ўзнятымі ўверх вусікамі, які нядаўна стаў нямецкім кайзерам ды каралём Прусіі і, выглядала, яшчэ не звыкся са сваім становішчам. Імператары пасля сняданку селі ў адкрыты экіпаж, але Вільгельм ІІ мусіў устаць і спехам зняць паліто, пададзенае яму лёкаем Аляксандр ІІІ падкрэслена гучна называў калегу на «ты» і задаволена ўсміхаўся. Следам за каранаванымі інспектарамі ў лёгкія карэты ўціснуліся ваенныя міністры і міністры замежных спраў. Высокапастаўленыя асобы рушылі да Нарвы, за імі кавалькада малодшых чыноў з розных расійскіх і нямецкіх ведамстваў. Усе статныя, са ззяннем вяльможнай пыхі на прыпухлых пасля бяссонніцы тварах. У адным з іх так! Берг пазнаў свайго знаёмага па леташняй замежнай вандроўцы Генрыха Люцыуса. Іх позіркі сустрэліся, і немец-вершнік першым узняў руку, павярнуў каня і падехаў бліжэй. У ім заўважалася нейкая змена. Вочы пад густымі брывамі падаліся нейкімі нежывымі, шклянымі нават Можа, таксама ад бессані?.. Твар схуднелы, без ранейшай жывой мімікі. Аднак Генрых прывітаўся ўсё ж з радаснай усмешкай:

 Пазнаяце? А я ўжо, Віктар Аляксандравіч, ведаў, што вы тут Надоечы сустрэў у тэатры вашую жоначку. Падалося, яна моцна сумуе адна ў Пецярбурзе

 Бог з вамі, гер Люцыус, як не пазнаць! Дасюль удзячны за ваш наймілы escorte  Берг ніякавата аблізнуў вусны:  Як не забыў і пра вашае ласкавае абяцанне з фрау Кларай павячэраць у нас.


Аляксандр ІІІ


 Дзякуй, але самі разумееце, служба. Яго імператарская вялікасць кайзер адбудзе дамоў праз тры дні, а там яшчэ з тыдзень невылазнай працы ў пасольстве

 Дык, безумоўна, пазней! Я ж таксама пакуль залёг тут на манёўрах.

 То сустрэнемся!  Люцыус ускочыў на каня.

 Загадзя напішыце, калі

І вось нарэшце за плячыма пыльныя паходныя абеды ды вячэры спехам. Жонка з нечаканай радасцю пачала рыхтавацца да сустрэчы з нямецкімі сябрамі яшчэ з раніцы, сама кантралявала кухарку, колькі разоў нагадвала, каб тая ні на што не скупілася.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора