Ясь загадаў пану Баніфацыю распаліць агонь, каб духоўка была цёплая. Пасля загрузіў туды купюру, размешчаную паміж дзвюма жалезнымі пласцінкамі з паперай.
Гэта павінна ляжаць у цяпле дзве гадзіны, сказаў Ясь, зірнуўшы на гадзіннік.
Цяпер хлопец дырыжыраваў працай, а Ігнат паслухмяна і старанна выконваў яго загады. Пан Баніфацый быў усхваляваны незвычайнымі дзеяннямі, якія адбываліся на ягоных вачах, і ўрачыстымі тварамі калег.
Шкада, што няма больш купюр, сказаў Ясь. Не люблю пустых запускаў. У мяне замала некаторых сродкаў.
Таму не трэба іх пераводзіць, сказаў пан Баніфацый.
Я толькі хачу паказаць вам прынцыпы маёй працы, каб вы маглі мне давяраць.
Ніякіх сумненняў,адказаў гаспадар. Я ж бачыў вынікі.
Добра, сказаў Ясь. Часу ў нас шмат, зробім невялікі пробны запуск. Зрэшты, я хачу паспрабаваць, наколькі моцны новы сродак. Ці ёсць у вас нейкая навейшая царская купюра?
Вядома, ёсць.
Пан Баніфацый адразу ж прынёс Ясю некалькі банкнот. Ясь выбраў з іх дзесяцірублёвую і ўзяўся за працу. Ягоная лабараторыя выглядала імпазантна. Розныя бутэлечкі з каляровымі вадкасцямі, пэндзлі, валкі, шкляныя і металічныя пласцінкі, нажы і нажнічкі, ніткі, вата і г. д. Пачэснае месца займала бляшаная скрынка з двума валкамі. Менавіта гэта і была цудоўная машынка.
Праца «на машынку» выконвалася розным чынам, у залежнасці ад наяўных прыладаў і вынаходлівасці аферыстаў. Агульны прынцып быў толькі адзін: выбіраўся «цёплы» кліент, якому прапаноўвалі рабіць грошы, даводзячы, што з адной купюры можна атрымаць дзве. Сэнс у тым, што ахвяра павінна назбіраць як мага больш купюр. Пасля з імі праводзяцца разнастайныя маніпуляцыі так, каб гэта рабіла ўражанне: іх круцяць у машынцы, мажуць, абкладаюць паперай. Напрыканцы акцыі аферысты звычайна знікаюць, пакідаючы ахвяру з наказам пільнаваць машынку. А часам загружаюць падрыхтаваны для справы пачак у духоўку або печ. Потым іх ахоплівае трывога: гадзіннік спыніўся і пачак задоўга трымалі ў печы. Як мага хутчэй яны дастаюць усё і знаходзяць унутры попел. Аферысты лаяцца, сварацца, адчайваюцца, і, здараецца, сам пацярпелы шкадуе іх, а часам прапануе паўтарыць спробу. Так кліента «стрыгуць» двойчы.
Такія справы звычайна праходзяць беспакарана, бо ахвяра баіцца нават паведаміць у паліцыю пра свае страты, панесеныя такім незвычайным чынам. Паколькі ўдзел у падробцы грошай неаспрэчны. Аферысты не заўжды працуюць такім прадуманым і дэталёвым чынам, як Ясь і Ігнат, якія хацелі зрабіць усё «на зыхер», бо «карась» быў «цёплы» і ўлоў меўся быць добры.
Ясь у прысутнасці пана Баніфацыя памазаў дзесяцірублёвую мікалаеўскую купюру гваздзіковым маслам. Пасля абклаў яе з двух бакоў чыстай паперай. Потым паклаў усё разам на стальную пласцінку і даволі доўга з сілай вадзіў па паперы цвёрдым валікам. Калі ён дастаў купюру, на паперы засталіся бледныя, але выразныя каляровыя сляды купюры ў люстраным адбітку.
Бачыце, сказаў Ясь. Нават з дапамогай аднаго гэтага сродку, без далейшых маніпуляцый і прагравання, выразна відаць адбітак купюры. Пасля ў сярэдзіну кладзём паперу, падрыхтаваную для купюр, і ўсё зноў ідзе ў працу. Праца цяжкая і патрабуе цярплівасці, але вынік заўжды верны.
Далей Ясь патлумачыў, што даляры склейваюцца з двух адбіткаў, а ў сярэдзіну дадаюцца кавалачкі шаўковых, каляровых нітак. Водныя знакі робяцца адмысловым стальным валком пасля ўвільгатнення купюры адпаведным сродкам.
Пан Баніфацый быў зачараваны. У яго не было ніякіх сумневаў, і ён з захапленнем глядзеў на гэтага маладога чараўніка. Упершыню ў жыцці ён сустрэў чалавека, які яму імпанаваў. І гэта такі смаркач!
Колькі купюр вам трэба? пытаў ён у Яся.
Як найбольш, бо раствораў у мяне мала Некаторых нідзе і не знойдзеш Мне няма розніцы, ці зрабіць адбітак адной купюры, ці ста, ці тысячы, бо вы ж разумееце і Ясь пачаў блытанае тлумачэнне тэхналогіі гэтай працы, у якой найважнейшую ролю граў сродак для замацавання колеру, якога было вельмі мала.
Сродку для змякчэння колераў у мяне досыць яшчэ на некалькі разоў. І для іх выцягвання таксама. Але найгорш-то з растворам для замацавання. Яго ў мяне во столькі.
Ясь паказаў пану Баніфацыю бутэлечку, у якой было крыху вадкасці бурштынавага колеру. Проста заварка ад гарбаты. Пан Баніфацый сказаў:
Грошай у мяне ані рубля няма. Адны страты нясу. І слугі крадуць, і падаткі Але на такі інтэрас магу пазычыць
Ігнат шматзначна падміргнуў Ясю: рыбка клюнула!
Вырашылі, што пасля абеду пан Баніфацый з Ігнатам паедуць у горад, каб сабраць грошы і купіць як мага больш даляравых купюр. Вернуцца, як толькі вырашаць справы. Ігнат павінен быў дапамагчы скупаць купюры. Гаспадар распарадзіўся Марысі пра добры абед, а прыяцелі выйшлі ў сад па фруктовы дэсерт. Тым часам пан Баніфацый зашыўся ў сваім пакоі і замкнуў дзверы на ключ. З самых разнастайных сховаў ён даставаў куфэрачкі, скрынкі, рулоны і пачкі з каштоўнасцямі і грашыма. Пан Баніфацый мёў амаль тры тысячы даляраў купюрамі. Алё яго апанавала сквапнасць, і ён вырашыў купіць яшчэ як мага больш. Для гэтага трэба было прадаць трохі золата або брыльянтаў. З золатам пану Баніфацыю было асабліва цяжка расставацца. Ён вырашыў прадаваць брыльянты. Але ўзяў з сабой таксама шмат залатых мікалаеўскіх манет.
Пасля добрага абеду Ігнат і гаспадар паехалі ў горад на элегантнай брычцы. Адязджаючы, пан Баніфацый сказаў Марысі ў прысутнасці Яся:
Глядзі, каб госцю ані ў чым нястачы не было, бо скуру спушчу.
Стараюся, як магу, апусціўшы вочы, адказала жанчына.
Ясь усміхнуўся.
Увечары Ясь і Марыся павячэралі і вельмі рана пайшлі спаць. Успаміны пра пяшчоты мінулай ночы агарнулі іх новымі жаданнямі.
Калі яны ўжо былі разам, Ясь праз некаторы час спытаў:
Чаму ж ты выйшла замуж за такога гідкага дзеда?
Хіба я па добрай волі?.. Бацькі прымусілі Я ўтапіцца хацела А цяпер вырашыла ўцячы У мяне брат у Гомлі Жанаты. Машыніст на чыгунцы Я яму пісала, як мне кепска Брат мяне вельмі любіў Напісаў, каб я прыязджала Што жыве ён добра За жонкай яму далі дом і сады, і ён задаволены Хутка я туды паеду
Можа, даць табе грошай на дарогу?
Не трэба Я сабрала столькі, што мне хопіць Як стары не пільнаваў, то я на чорны дзень пазбірала. Ведала, што доўга не вытрымаю Ты чуў, што ён маці сваю з дому выгнаў? На жабрачым хлебе жыве Такі жмінда!..
Мінуў яшчэ адзін дзень і трэцяя, поўная эмоцый, ноч. Ігнат і гаспадар вярнуліся толькі апоўдні. А па абедзе яны замкнуліся ў «лабараторыі» і ўзяліся за працу.
Гаспадар паклаў на стол тоўстую звязку купюр. Там было адзінаццаць тысяч пяцьсот даляраў.
Вы зірніце, раптам тут ёсць нядобрыя?
Ясь агледзеў грошы і прыйшоў да высновы, што для работы падыходзяць усе.
І праца закіпела. Ясь і Ігнат рэзалі паперу па памеры даляравых купюр. Пасля Ясь пачаў рыхтаваць хімікаты. Надвячоркам усё было гатова. У машынцы ляжаў пахкі пачак паперы, сціснуты дзвюма дошкамі. Пан Баніфацый і не падазраваў, што другі пачак, ідэнтычны з тым, у якім былі даляры, у ягоную адсутнасць (кліента выправілі па воцатную эсэнцыю) быў схаваны пад падушкай на Ясевым ложку.
Была сёмая гадзіна вечара. Ясь сказаў:
Гэта павінна ляжаць так цягам трох гадзін, а пасля мы пакладзём усё на 12 гадзін у духоўку.
Распалілі агонь, каб разагрэць духоўку, і прыняліся за вячэру, якую і гэтым разам шчодра залівалі алкаголем.
Пасля вячэры, а дзясятай вечара, Ігнат урачыста прынёс «машынку» і змясціў яе ў духоўку.
Не загорача будзе? спытаў ён у Яся.
Хлопец засунуў у духоўку руку.
Не у самы раз.
Ігнат звярнуўся да гаспадара:
Добра было б, каб хтосьці з нас тут спаў. Самі разумееце, пане гаспадар, 23 000 даляраў Гэта вам не пальцам пераківаць.
Канешне, канешне сквапна падтакнуў пан Баніфацый. Я акурат пра гэта думаў.
Можна прынесці сюды ложак, прапанаваў Ясь.
Навошта, сказаў пан Баніфацый, падстаўляючы да печы крэсла. Я тут і так пасяджу. Мне спаць зусім не хочацца.
Калі вы так лічыце, адказаў Ясь. Толькі, калі ласка, абудзіце нас да дзясятай. Або а дзясятай самі дастаньце ўсё з духоўкі.
І ўжо будзе гатова?