- Ну хлопцы, ну хлопцы, ну Міхал! Гэта ўжо забаронена: ляжачага не б’юць.
Агульны рогат заглушыў яго словы.
А яна глядзела на Міхала здзіўленымі і сур’ёзнымі вачыма.
- Каб вы толькі ведалі, Міхал, якую вы важную справу зрабілі.
- Глупства, - сказаў ён, - проста гэтыя палескія дагэтуль не далі ніводнага археолага.
- Як ваша прозвішча?
- Дарскі.
- А што, - ціха сказала яна, - “цяцка Дарскага”. Нядрэнна гучыць. І дадала: - Знойдзены дзве шыферныя прасніцы, каралі-“лімонкі” і адна “цяцка Дарскага”. Не, Міхал, вы ўсё ж малайчына. Гэта нас бог звёў.
Лёвачка зухавата стаяў на краі траншэі, абапіраючыся на рыдлёўку. Рот да вушэй, вочы хітрыя.
- Ты зубы не загаворвай, - прыжмурыў ён адно вока, - ты абяцанне выконвай.
- І сапраўды, - сказаў хлопец у акулярах.
- Абяцанне! Абяцанне! - загулі ўсе.
Зноў вакол блішчалі зубы, асабліва белыя на запыленых сонцам абліччах.
Потым ён перавёў вочы на дзяўчыну. Яна трохі зніякавела. Абое глядзелі адно на аднаго.
- Я думаю, сказаў Міхал, - Мар’яну Юр’еўну не трэба прымушаць. І лавіць яе на слове не варта. Яна пацалуе сама - каго захоча і калі захоча. І гэта будзе цудоўны чалавек, лепшы на зямлі. Яна кепскага не абярэ.
- Брава! - сказаў таўстун.
У трусіках і чырвонай з чорным каўбойцы, ушчэнт спалены сонцям, ён нагадваў афрыканца.
- Брава! - паўтарыў ён. - У наш век заняпаду рыцарскіх адносін вельмі прыемна чуць такое. Хвалю, малады чалавек!
Урэшце, нікуды Міхал не паехаў. Ні праз два дні, ні праз тыдзень. Ён адстаў ад групы і ўвесь водпуск правёў з гэтымі людзьмі. Яны вельмі спадабаліся яму, а ён - ім. Таму што ён быў вельмі кампянейскі і просты хлопец...
Міхал павярнуўся на бок і сціснуў далонямі скроні.
“Ах, божа мой, божа мой”, - застагнаў ён.
Дождж усё шумеў і шумеў за саламянай страхою. Лёгкія подыхі ветру даносілі водар абмытай лістоты, горкі павёў палыну, востры пах мяты.