- Алесь, любы ты мой. Будзеш бачыць.
А ён павярнуўся да сцяны і глуха так адказаў:
- Не хачу я цябе бачыць. Ідзі...
Вядома, ён лічыў, што калі з ім такая бяда, дык не яму пра мяне думаць. Куды, маўляў...
А я толькі вуснамі яму да шчакі:
- Даруй ты мне... Я ж вельмі цябе кахаю. Ты такі мой добры, такі жаданы.
І вось з таго часу мы разам. Выхадзіла я яго ў атрадзе. Праз некаторы час пачаў ён бачыць. І такое мне было шчасце - нічога, здаецца, не трэба больш.
- Як жа так, цётка, - спытала маладая, - і дагэтуль добра пражылі? У вас жа небагата? І дзяцей многа?
- Глупства, - паблажліва адказала старэйшая, - жывём. Ён са мною - і досыць.
Міхал уздыхнуў. Гэтыя людзі разважалі іначай. Ён закурыў другую папяросу. Жанчыны змоўклі. Відаць, паклаліся спаць.
Дождж усё шамацеў над самай галавою, спорны, роўны. І пад шум дажджу Міхал непрыкметна заснуў.
Сніўся яму стэп, астравок таго стэпу, што трапляецца ўжо на поўдні Беларусі. Шырокая пыльная дарога, колкія промні сонца. На ўзвышшы, усе ў чырвоным марыве і самі чырвоныя, стаяць людзі з рыдлёўкамі. І раптам ён чуе здзіўлены вокліч. Нехта бяжыць да яго з узгорка.
- Вярнуўся! Вярнуўся, - задыхаецца яна.
Яе рукі бяруць чамадан...
- Хлопцы! - крычыць яна. - Ён вярнуўся! Ён з намі!
А сама прыціскаецца да яго.
- Не,- кажа ён,- я толькі паглядзець. Я мужчына. У мяне гонар.
І вось гасне, робіцца сумным яе аблічча. Ён разумее, што гэта
яна, але не пазнае яе рысаў. Чужая, зусім чужая, - а калісь свая, - яна стаіць каля яго. Знікае...
Міхал застагнаў у сне, хапаючы пальцамі паветра. А яна ўсё знікае. Знікла. І стэп быў той самы, але трывожны, як перад навальніцай. А людзі на ўзвышшы расплываліся ў чырвоным марыве.
Гэта было так жахліва, без яе, так жахліва, як ніколі не было наяве. Ён прачнуўся ад жаху і сеў, увесь дрыжучы.
- Мар’яна! - крыкнуў ён, як толькі сон адпусціў яго горла.