Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Блакіт і золата дня (зборнік) стр 11.

Шрифт
Фон

Я пажартавала яшчэ:

- Не крыўдна табе будзе цэлы дзень хату і мяне бачыць?

- Самы смак, - кажа.

І нанёс чорт у гэты дзень немцаў. Пачалі лавіць людзей для адпраўкі ў Германію.

Мяне ўжо і ў калону былі загналі, ды я неяк вырвалася і канавай, канавай, а потым ля платоў да сваёй хаты. Але заўважылі мяне здалёк - і за мной. Я скочыла на двор - і на гару.

А ён з ямы ўсё гэта бачыць.

На гары ў нас салома ляжала. Зашылася я ў салому за комінам і сяджу.

Чую - шукаюць. Ператраслі ўсё ў хаце. Рыпяць прыступкі, -лезе нехта па лесвіцы. Стаў, дыхае цяжка.

- Вайбе, - кажа выходзь.

Я сяджу як мыш пад венікам. І раптам аўтаматная чарга проста па саломе. Каб не комін...

А тут нехта на двары заліўся, як ганчак на зайца.

- Ай-я-я-яй, ай-я-яй. Вось ён! Вось ён!..

І чую, той, хто страляў, скаціўся з лесвіцы. Ушчалася страляніна. Раздаўся выбух.

Я зірнула ў шчыліну. А гэта мой Алесь выскачыў з ямы - і бегчы, як ліс, каб адцягнуць паляўнічага ад нары. Ён і гранату кінуў.

Бяжыць, бяжыць па роўным полі, а яны па ім страляюць.

Ён у хмызах знік, а пра мяне яны забыліся. Загэркалі нешта па-свойму і пайшлі.

Потым я кінулася па следу і знайшла яго ў раўчуку. Вочы пяском зацярушаны, кісць левая на жылачках вісіць.

Дацягнулі яго бабы да хаты. Ён руку памацаў і кажа:

- Рэжце...

- Далі мы яму самагону і адрэзалі мускулы, на якіх рука вісела. Потым, калі апрытомнеў, я схілілася над ім:

- Алеська, добры мой, дарагі.

- Нічога не бачу, - кажа ён глуха.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги