- Ура, Ян! Жыві! На шчасце цыганам!
Караля павялі ў палац. На ганку ён крыкнуў:
- Кароль у кайданах - усё роўна кароль!
Яноўскі кусаў вусны ад ганьбы. І гэта былі людзі, гэта былі героі! Лепей было памерці... Адны беглі на гармату - і гэта была быдлячая чарада з пугамі. Другія - узброеныя, магутныя, моцныя! Божа, божа! Засталася смерць. Толькі яна.
Ян падышоў да Міхала:
- Гэты вёў супраць нас шляхту. Ён адзін кінуўся на нас. Войска яго знікла. Праўда гэта, былы пан?
Яноўскі ўскінуў галаву:
- Праўда. І я пагарджаю вамі. Забіце мяне.
Натоўп зароў, замільгалі ў паветры друкі.
- Смерць яму, смерць!
Яноўскі глянуў на неба, якое было сведкам яго смяротнай ганьбы.
- Забівайце. Я хачу смерці. Мне нельга жыць.
Ён узвысіў голас:
- Калі тут не было сёння шляхты, калі тут былі адны свінні, хай хоць адзін памрэ за ўсіх. - І дадаў хрыпла: - Гонар, жыві!
Лаючыся, расштурхаў натоўп нехта калматы і вялізны. Узнёс самаробную дзіду. Яшчэ! Яшчэ! Ударылі злёгку па галаве.
І раптам нешта адбылося. Яноўскі, што закрыў вочы, адчуў, як нешта цёплае прынікла да яго.
- Не дам яго! Чуеце, не дам! Забівайце разам!
Ён зірнуў. Прыціснуўшыся да яго спіною, распасцёршы рукі, стаяла і глядзела проста ў вочы натоўпу Аглая. Глядзела белымі ад ярасці вачыма.
- Вы што, здурэлі?! Тых, што мучылі вас, тых, што здзекаваліся, не чапаць толькі таму, што сёння яны ўцяклі. А гэтага, які нікога не чапаў, які сястру і мяне абараніў, - забіць толькі таму, што смелы, што не спалохаўся адзін на ўсіх кінуцца? Вы баязліўцы, вы, вы, вы...
- Адыдзі, дзяўчына, - пагрозліва сказаў калматы. - Гэты - наш...
І тут Аглая ляснула яго па шчацэ.
- Твой! Хто гэта твой? Ён, можа? Твае толькі блохі ў кажусе ды крадзеныя коні. Ах ты, халера, казалуп чорны, страшны, рыбак па чужых стайнях. Твой ён? Не! Мой ён, мой! Я тут кожнаму з вас за яго... за яго... за яго...