Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Цыганскі кароль стр 25.

Шрифт
Фон

Медыкус іранічна глядзеў на яго:

- Божа, якія героі!

- Дзе кароль? Дзе госці? - замест адказу спытаў Міхал.

- Дрыхнуць.

- Ну што ж, тым лепей.

І ён спусціўся ўніз. Яму ўдалося згуртаваць атрад з дваццацёх цвярозых шляхцюкоў. Ён паставіў іх трохі воддаль ад гарматы, злева ад брамы, каб ударыць, калі пачнуць прабірацца на двор.

"Каронны суддзя" выбег з дзвярэй, пабачыў, што шляхту ўзначальвае Міхал, і пачаў аддаваць загады гайдукам:

- Смялей, дзецюкі. Радзіма глядзіць на нас. Яна дарагая, яна вялікая. Хто памрэ, таго бог адзясную сябе пасадзіць. За радзіму, за караля!

- На злом! На злом! - раўлі тыя, што асаджалі. - Смерць уладарам!

У браму пачалі біць чымсьці цяжкім. Паляцелі гнілыя трэскі. І тут Яноўскі ўбачыў караля. Апрануты, як на баль, ён махаў у паветры шабляй, стоячы сярод захмялелых гасцей.

- Неба! Радзіма! Кароль! Валі, браткі! Сякерай іх! Друком!

Сэрца Яноўскага палала нябесным ярасным захапленнем. Не, жывая была адвага сотні пакаленняў, жывая была слава! Вось яна, сонная, ля віннай бочкі, убачыла небяспеку, разгарнула крылы і ляціць над галовамі людзей.

Форткі брамы разляцеліся. На двор рынуў натоўп інсургентаў.

- Святы Юры і Русь! Памром! - дзікім голасам закрычаў Яноўскі і кінуўся з шабляю насустрач. Адначасова ён пачуў крык Якуба і ўбачыў яго ўзнесеную шаблю. Не памятаючы сябе, у дзікім захапленні бою, ён урэзаўся ў натоўп, скрыжаваў з кімсьці шаблю, чакаючы, што зараз поруч стануць яшчэ і яшчэ людзі, Гарацыі, героі Плутарха.

Штосьці ўразіла яго. Ён азірнуўся. На пляцоўцы нікога не было, акрамя Якуба і яго. Дзе падзеліся астатнія, цяжка было сказаць. Міхалу здалося толькі, што пад ганкам, у лебядзе, варушыліся чыесьці ногі. Аднак ён біўся.

- Зараз ахне гармата. Вы заскачыце яшчэ.

Страшэнны пярун прагучаў над сечай. Калі дым разышоўся, Міхал убачыў ствол гарматы, амаль раздзёрты на закручаныя палосы, падобны на жоўтую лілею. Поруч з гарматай ляжаў, задёршы дагары зад, "кароння суддзя".

У тую ж хвіліну шалёны натоўп закруціў Міхала і караля і панёс ад ганка. Іх схапілі, абяззброілі, паставілі воддаль адзін ад другога, скруцілі рукі.

Цыган, што атрымаў тады поўху, узлез на ганак:

- Роме, мы скінулі ярмо, што давіла нас. Цыганская рэспубліка, жыві! Прэч дэспатаў!

Натоўп адказаў крыкамі. Шапкі ўзляталі над галовамі людзей.

- Мы будзем судзіць караля. А ўсіх, што лютавалі, баронячы яго, аддаю ў твае рукі, народ цыганскі. Скончыліся паборы, скончыўся прыгнёт.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке