Цыган з апаскаю адступаў.
- Ён і не пан зусім. Пан не абараняе ад бізуноў прыгонную, пан не будзе біцца з другім панам за дзявочую цноту, не абароніць яе ад усіх, не ляжа на парозе, каб абараніць спакой прыгоннай.
- І ўсё ж я шляхціц, - з гонарам сказаў Яноўскі. - Няма жыцця. Дзякуй табе, харошая, але сёння мне хочацца смерці.
- Сёння яму хочацца... Можа, заўтра табе яе зусім не захочацца, ды позна будзе. Цыганы, родненькія вы мае, не чапайце вы яго, гэтага дурня! Гэта не ён, гэта гонар дурны гаворыць.
І раптам яна, расплакаўшыся, села ля яго ног, абхапілі іх рукамі.
- Не дам... Разам са мною...
Яноўскі адчуў, як вяроўкі ўпалі з яго рук.
- Але, - разважліва сказаў нехта. - Трошачкі маленькай памылкі не зрабілі. Бач ты, як яе разбірае.
- Ды бяры ты яго хоць да д'ябла, - буркнуў другі.
І раптам натоўп цыганоў і мужыкоў зарагатаў такім нутраным гучным здаровым смехам, што стала ясна: нікога пасля яго нельга забіваць. Рагаталі да слёз, рагаталі, узяўшыся за бокі, рагаталі да болю ў грудзях.
І Аглая, баючыся, як бы не перадумалі, цягнула саслабелага Міхала праз натоўп, усміхалася, выцірала слёзы:
- Дзякуй вам, дзякуй вам, родныя.
Пад рогат яна адвяла Міхала да брамы і пасадзіла на траву.
Толькі тут, відаць, нехта заўважыў ля гарматы цела суддзі.
- А гэты мёртвы ці жывы? - спытаў нейкі мужык.
Стары цыган падышоў блізка, схіліўся:
- Нават пратухнуць паспеў.
Ян стаў над нерухомым целам, падміргнуў людзям:
- Мёртвы ён ці жывы, чорт яго ведае. Нума, хлопцы, сцягніце з яго жупан. Не можа гэтага быць, каб шляхціц, калі ён жывы і цвярозы, голым ляжаў. Калі жывы - суд, калі мёртвы - выкінем на бераг, хай ляжыць.
Гульню падхапілі.
- Ну вядома ж, не можа. Куды там! - чуліся галасы.
Ян паглядзеў на голага суддзю: