Пасля ўздыхнуў, сцягнуў з сябе чугу і, разаслаўшы яе ла дзвярэй, расцягнуўся на ёй.
У гэтым была і ганьба, і помслівая асалода, і нейкае светлае, чыстае, трохі сумнае і зусім новае пачуццё.
- Пане, уставайце. Ой, пане, уставайце!
- Што, што такое?
- Ой, пане, дрэннае нешта робіцца за агароджаю.
Яноўскі ўсхапіўся на ногі. Перад ім стаяў адзін з гайдукоў караля, спуджаны ледзь не да смерці. Міхал, здзіўлены, чаму ён спіць на падлозе, нарэшце ўсё ўспомніў і спытаў:
- А дзяўчына дзе?
- Якая дзяўчына? А, гэтая, што тут? - І гайдук ашчэрыўся. - Мы іх раніцою не трымаем. Пайшла дахаты.
- Ну і добра.
З дзённым святлом, хоць і вельмі саслабелыя, вярнуліся забабоны і правілы маралі дзён былых. Яноўскаму было пякельна сорамна за падзеі гэтай ночы. Так, гэтая Аглая цудоўная дзеўка, так, суддзя не чалавек, а брудная свіння, і ён не шкадуе, што ўчора набіў яго. Але суцяшаць, як быццам поруч з табою няшчасная княгіня, але спаць ля дзвярэй, як быццам ты ў спальні каралевы. Бязглуздзіца!
Ён хутка апрануўся, прычапіў шаблю і пабег да дзвярэй. У замку было пуста. На ганку Міхал убачыў натоўп гайдукоў, якія завіхаліся ля гарматы, наводзячы яе на зачыненую браму. Бязладныя крыкі. Нехта сыпле ў жарало порах з картузоў. Мітусяцца, крычаць.
Яноўскі расштурхаў людзей, выбег на двор.
- Што такое?
- Паглядзі сам, - змрочна кінуў нейкі шляхцюк, жоўты з перапою.
Яго вачам адкрыўся жахлівы малюнак: выган перад частаколам быў чорны ад цыганоў. Задзёртыя засмаглыя твары, разяўленыя зяпы. Суцэльны крык. У паветры калы, сякеры, пугі.
Кажухі расхрысталіся на грудзях. У вачах лютасць.
Медыкус стаў поруч з Міхалам. Вочы яго ззялі незразумелым захапленнем.
- Сёння мы, здаецца, загінем.
Міхал кінуў на яго бліскавічны злосны позірк:
- Яны загінуць. Забыліся, на каго ўзнялі меч. Мы п'янюгі, але мы ўмеем ваяваць.
І скінуў шапку.
- Дзякуй табе, божа. Ты яшчэ раз дасі мне перад смерцю пабачыць, як замест віна льецца блакітная кроў.