- Які чорт цябе сюды панёс, - сказаў Міхал і пачырванеў.
- Прывялі, пане, - уздыхнула яна. - Адну мяне ўзялі з вёскі. Я ведаю вас. Вы сястру маю абаранілі тады, калі яе хацелі караць... Яна сястра мая.
- Глупства, - разважліва буркнуў Яноўскі.
І таму, што з гэтай дзяўчынай нельга было размаўляць пра мову кветак і прыгоды Дафніса, прыбавіў:
- Кладзіся. Спі. Пойдзеш перад світаннем, калі ўсе заснуць. Зараз небяспечна. Могуць спаймаць за дзвярыма. Спі.
- А вы, васпане?
- Спі. Спі.
- Вы добры, вы вельмі харошы чалавек. Як быццам зусім не пан. Як брат старэйшы. Бог вам заплаціць за гэта, вы будзеце з намі ў раі.
І прывабіла з глыбокім сумам:
- Я толькі думаю часам, ці ёсць ён, бог, - так мы пакутуем.
- Но! - па прывычцы прыкрыкнуў на яе Яноўскі і спалохаўся, бо яна раптам горка, узахлёб заплакала:
- Божа, як страшна! Як страшна!
"Раскапусцілася, Хадора", - назнарок груба падумаў Міхал і раптам убачыў яе мокры ад слёз мізэрны тварык, вочы, у якіх стаяў сапраўдны жах.
Тады ён, сам не ведаючы, што прымушае яго так абыходзіцца з гэтай мужычкай, сеў поруч з ёю і пацалаваў яе ў лоб.
- Ну што ты, што ты? Нашто плакаць? Усё мінула. Ну, супакойся! У-у, румза. Ну ціха, ціха. Усё будзе добра. Пойдзеш адсюль перад світаннем. Усё абышлося, будзеш сабе жыць. Мужа табе знойдзем добрага, будзеце жыць, гадаваць дзетак.
Ён бачыў, што яна супакойваецца, але бачыў таксама, што ідылія, намаляваная ім, не даходзіць да яе. І раптам яна сказала горка, але амаль спакойна:
- Не, пане. Не абыдзецца. Другі раз не абыдзецца. Усе гэтым канчаюць, хто раней, хто пазней. Няма выйсця.
І таму, што ён усё яшчэ гладзіў яе галаву, адхіснулася ад яго і, прынікшы да сцяны, сказала:
- Я хацела б толькі, каб наступны раз, калі гэта будзе... мне хацелася б, каб гэта былі вы. Бо калі нейкі разлезнік або проста пан... я ўтаплюся тады.
Яноўскаму стала пякуча сорамна. П'янка, наезд, суд - і гэтыя словы, першыя словы, у якіх быў чалавек. За ўсе дні.
Ён сядзеў невядома колькі, сціснуўшы скроні, а пасля ўбачыў, што яна спіць, стомленая перажытым жахам.
І тады ён ціха, як злодзей, чырванеючы ад сораму, паклаў яе на падушкі, нячутна накрыў коўдраю, а сам доўга яшчэ глядзеў ёй у твар.