- Хто там?
- Госці да пана Ваўчанецкага.
У гэты час цыганы зрабілі нешта накшталт дзвюх жывых лесвіц у баку ад брамы. Па спінах залезлі наверх два здаровыя мужыкі.
Яноўскі зусім забыўся на тое, што ў браме ёсць ваўчок. Пыхнула губка, асвяціла ягоны твар.
- А-а, вось які госці! - прахрыпеў голас. - Стары гаспадар... Гэй, варта! Во-ох!.. Што гэта.
Пачуліся прыдушаныя гукі барацьбы. Форткі брамы расчыніліся, і шэры натоўп рынуў на вялізны двор. Пабеглі да дома. І раптам на галерэі нехта пачаў біць у звон. У хаце заварушыліся, забегалі. Пасля жахлівы залп у дзвярэй ірвануў паветра.
Усё закруцілася, як віруха. Аглушаны, збіты з панталыку, Яноўскі, думаючы, што ўсе ўжо забіты, глянуў на атакуючых і не пабачыў страт.
Пасля выявілася, што абаронцы, і ў тым ліку сам Ваўчанецкі, былі п'яныя, як сукіны каты. Іх заспелі проста за позняй вячэраю.
На ганку дома Міхал убачыў дзесяткі тры гайдукоў, якія палілі ў белы свет, і сярод іх самога Ваўчанецкага ў ружовых портках і з шабляю ў руцэ.
- На злом! На злом! - раўлі нападаючыя. - За радзіму! За каралеўства цыганскае! За караля!
Абаронцаў змялі і ўціснулі ў дзверы, дзя яны, устаткаваўшыся на сходах, атрымалі нейкую раўнавагу з нападаючымі. Абодва бакі палілі з фузій так, што атынкоўка са столі ляцела вялізнымі кавалкамі, агаляючы драніцы. У абодвух станах ужо меліся кантужаныя і аглушаныя. Палюбоўніца Ваўчанецкага, падтрымліваючы гонар ваяўнічай беларускай матроны, выліла начнік проста на галаву шляхцюку, што ўзначальваў авангард.
- Бі іх! Душы! З намі бог!
- Святы Юры і Русь!
Сілы ўсё ж былі няроўныя. Праз дваццаць хвілін барацьбы ўсе пачулі дзікі звон шкла: атрад "кароннага суддзі" выбіваў шыбы разам з рамамі, пранікаючы ў тыл ворага. Сярод мужных абаронцаў узнікла паніка.
- Нам здрадзілі! - зароў нехта.
Адны абаранялі нарабаванае, другія змагаліся за высокія ідэалы дабра і таму, натхнёныя відовішчам панікі, як ільвы, рынулі на агідных і вераломных ворагаў. Праз хвіліну іх схапілі, скруцілі і, кінуўшы ляжаць на падлозе ў кутку залы, рассыпаліся па пакоях.
Звон шкла, падаючы посуд, трэск фіранак на вокнах. Частка доблесных пераможцаў занялася рэквізіцыяй трафеяў, другая - сыпанула шукаць вінны склеп. Запалалі паходні, загарэлася наводшыбе падпаленая кімсьці адрына, надаючы феерверку яшчэ большую ўрачыстасць.
Бочкі выцягнулі на лужок, выліўшы палову на сходах. Выбівалі днішчы, прыпадалі да чырвоных каскадаў прагна, як атручаныя. У бутэлек адбівалі рыльцы. Запалалі вогнішчы, з хлявоў даляцеў роспачны лямант авечак і неўразумелае, здзіўленае кудахтанне курэй.
Праз гадзіну на вогнішчах смажыліся вялізныя кавалкі ялавічыны, круціліся на ражнах цэлыя авечкі. Разліўное мора віна.
Дзікімі вачыма глядзеў на гэтае спусташэнне Яноўскі. Гэта была галеча. Уварваліся, як дзікія гуны, і знішчылі ўвесь дабрабыт.
А на ганку, асветлены зарывам, стаяў кароль Якуб і, абапіраючыся на шаблю, глядзеў на агонь, як Нерон на пажар вечнага горада.
Паплавец перад ім нагадваў поле бітвы: у карцінных позах ляжалі людзі, збіўшыся ў кучу; блукалі, хістаючыся, параненыя ў бітве з Бахусам.