Шляхта піла ў зале. Елі, пілі, зноў елі і зноў пілі. Ялавічына, бараніна, смажаныя гусі, кюмель, мёд, гарэлка - усё знікала ў бяздонных жыватах, і Яноўскі ледзь не плакаў. Яноўшчына была спустошана да канца. Нарэшце і ён сам пачаў есці і піць. Што ж зробіш?
Стогны з кутка спынілі на хвіліну піраванне. Гэта нагадвала скаргі грэшных душ у пекле, але гэта стагналі пераможаныя:
- Развяжыце, развяжыце нас. Есці хочацца, есці. Разарацца, дык весела.
Кароль Якуб, якога падтрымлівалі пад рукі, падышоў да павержаных.
- Ага, аману просіце. А маёнтак аддасі?
- Аддам, годны рыцар, аддам.
- Кажы - кароль
- Кароль, каханенькі, кароль.
- Дык вось, з маёнтка - прэч. Паспрабуеш зноў захапіць - галаву скручу. Аддасі пану Яноўскаму дваццаць кароў, трыццаць авечак, шэсцьдзесят гусей і іншае - па ліку з'едзенага і выпітага. Іначай - канец табе.
- Добра ўжо, аддам, аддам.
- А дараваць табе - справа гаспадара. Зараз дашлеш аднаго гайдука па бацькоў майго высакароднага пляменніка і другога - па кантрыбуцыю. Каб раніцою ўсё гэта было тут. А зараз - развязаць.
І кароль пацягнуў Ваўчанецкага віцаю ніжэй спіны на знак падначалення, а пасля пацалаваў у вусны.
- Ён вялікі, ён мудры! - зацягнулі старую песню прыдворныя Знамяроўскага. - Ён умее пакараць і ўмее літаваць.
П'янка цягнулася далей. Кароль і Ваўчанецкі брахалі пра старыя подзвігі, цалаваліся, ляпалі адзін аднаго па спіне.
Калі змрок знадворку стаў асабліва густым перад світаннем, двор і дом нагадвалі суцэльнае пабоішча. Героі ляжалі паўсюль, як трупы, смурод цягнуўся ад дагараючай адрыны.
Свіння, што нейкім дзівам не трапіла ў кацёл, хадзіла па двары і, задумленна рохкаючы, цалавала рыцараў у твары.
За сталом засталося не больш дзесяці чалавек. Кароль і Ваўчанецкі кудысьці зніклі. Медыкус дзяўбаў носам.
Яноўскі, якога амаль не трымалі ногі, даплёўся да дзвярэй і, чапляючыся рукамі за сценкі (моц божая: я ад плота, а яна да плота), пацягнуўся калідорам.
І тут ён натрапіў на нешта такое жахлівае, што хмель адразу выскачыў з галавы.
Упоперак калідора ляжалі два гайдукі і сам пан Ваўчанецкі, а на іх, з голаю шабляю, - Знамяроўскі. Ляжалі ў лужыне крыві.
- Здрада! - нема закрычаў Міхал. - Ваўчанецкі завабіў караля і здрадліва забіў яго. О подлыя!
Прыбеглі людзі. Аслупянелыя, сталі яны над трупамі, з-пад якіх негустая чырвоная лужына распаўзалася далей і далей.