Замыкалі шэсце семдзесят мужыкоў на калматых і пузатых коніках.
Усяго сабралася больш за трыста чалавек, якія гарэлі жаданнем адпомсціць за няшчасную, знявечаную краіну каралеўскага пляменніка. Сам Яноўскі ехаў начальнікам галаўнога атрада.
На каралеўскім возе, вышэй за ўсіх, як ідал, сядзеў кароль і глядзеў на дарогу ў падзорную трубу.
Раз-пораз ад яго воза скакаў да Яноўскага коннік:
- Выклікае вялікі кароль і гетман.
Яноўскі ехаў да Якуба.
- А што, каханку мой, ці не бачна дзе на дарозе ворага?
- Не бачна, вялікі кароль.
- Ну глядзі ж. А ці не пад'язджаем мы, маршал, да межаў варожай дзяржавы?
- Не.
- То-то ж бо. Ну, ідзі сабе да авангарда.
Яноўскі ехаў, добра ведаючы, што праз дваццаць хвілін яго паклічуць і зададуць тыя самыя пытанні.
Пасля другога прывалу коннікі чамусьці ўсё намагаліся, седзячы ў сёдлах, зрываць кветкі, што раслі паабапал дарогі. Шлях ззаду быў густа засеяны цыганскімі шапкамі і мужыцкімі магеркамі. Коней пачалі гнаць без літасці.
Ляскаталі колы, грукалі капыты, доўгі шлейф пылу і дыму ад люлек стаяў за атрадам. Сям-там шляхта пачынала скакаць у вазах. Некаторыя вывальваліся ў пыл, іх на хаду ўсцягвалі на салому. Рогат, крыкі. У такт стуку капытоў гучала шалёная песня:
Трэцяя частка воінаў нерухома ляжала ў вазах. Здавалася, што гэта не на вайну едуць, а вяртаюцца пасля піравай перамогі.
Пушча пачала радзець, калі ноч агарнула зямлю цемрывам і вільготным пахам далёкіх балот. Загрукаталі колы па невялічкім мосце. У таямнічай начной вадзе адбіўся рознакаляровы агеньчык Капелы. Кумкалі палка і дружна жабы ў сітнягах.
Толькі за паўгадзіны да гэтага кароль даў загад маўчаць. Нейкі шляхцюк плакаў на возе.
- Бож-жа ж ты мой? А як жа ж гэта маўчаць? А дзе ж вольнасці нашыя? А хто ж гэта асмеліўся нам рот замазаць? Загінула наша краіна...
Яму ўлілі ў горла кубак віна, і ён змоўк.
Вялізныя начныя дрэвы дыхалі водарам сухога летняга дня, які заблудзіўся ў шатах: шкіпінарам, мятай, яшчэ чымсьці, нявінным, чыстым, бесклапотным.
Заміргаў за павароткаю дарогі жоўты мірны агеньчык. Пасля другі, трэці. У былым доме Яноўскага не спалі. Дом гэты, аднапавярховы, з мезанінам і галерэяй, з дворнымі будовамі, размешчанымі квадратам, быў абгароджаны высокім частаколам з завостраных бярвенняў.
Пад'ехалі да брамы. Яноўскі заляпаў цяжкім чыгунным кальцом. У адказ сабачы брэх і голас: