Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Цыганскі кароль стр 15.

Шрифт
Фон

І сярод іх стаяў, узвышаючыся над галовамі, Знамяроўскі і крычаў, патрасаючы рукамі:

 - Вы бачыце яго (рух у бок Яноўскага), вы бачыце гэтага гожага чалавека, уладара братняй, але маленькай і слабай дзяржавы? Вы бачыце яго сумленныя вочы? Чым ён вінен, што хоча жыць самастойна і шчасліва? Але яму не даюць так жыць. - Голас караля дрыжаў: - Злосны і падступны сусед, адроддзе пекла... як бо яго завуць, гэтае адроддзе пекла, а, Міхал? Вось-вось... Ваўчанецкі яго завуць... падступна напаў на яго, парушыў ягоныя межы. Яго маленькі, даверлівы, добры народ пакутуе пад пятой чужынца, які ломіць яго веру, звычаі, волю. Няўжо вялікая дзяржава цыганская, абаронца справядлівасці і законнай улады, спусціць гэтаму аспіду і васіліску? Не, не будзе гэтага.

Ён прыкрыў рукой вочы і хіснуўся (у паветры моцна запахла гарэлкаю і вайной). Баба, што стаяла непадалёку, раптам загаласіла:

 - А-а, божа мой, а што гэта ж з ім, галубчыкам нашым, робіцца? А як жа ж ён жаласна гаворыць!

 - Да таго ж, - працягваў кароль, - мы, магчыма, і змаўчалі б, каб гэты Ваўчанецкі не рыхтаваў замаху на нашу волю і незалежнасць. Гэты аспід і васіліск пырскае чорнай жоўцю. Ён сабраў зброю, паставіў пад ружжо сваіх гайдукоў. Ён збіраецца вераломна напасці на нас. Няўжо мы будзем цярпець гэта, мужны народ цыганскі і русінскі? Яны захопяць нашу зямлю, згвалцяць нашых жонак, забяруць нашых коней, цудоўных коней. І не застанецца нават следу цыганскага на зямлі, бо вы будзеце рабамі.

У натоўпе там-сям галасілі бабы. Апакаліптычны жах лунаў над галовамі людзей. Жах і свяшчэнная нянавісць. Чуліся выкрыкі:

 - Смерць ім! Бач ты, коней!!! Ражна з'ядуць!

І грымеў голас Знамяроўскага:

 - Не, мы самі нападзём на іх. Мы ступім ім на шыю. Мы забяром іхніх коней, мы згвалцім іхніх жонак, мы спалім іхнія хаты. І заззяе ў славе каралеўства цыганскае на векі вякоў. У славе і свабодзе! Нас пакрыўдзілі! З намі бог!

Натоўп роў, стагнаў, задыхаўся. Трэслі кулакамі ў паветры, махалі дубцамі.

 - Коні! Коні! Коні!

 - Я пайду! І я... І я...

Нехта разважліва бубніў:

- Я не люблю біцца. Але калі яны на нас так, дык мы ім усыплем.

- Бі іх! Смерць драпежнікам!

- Выступаем сёння ўночы! - крычаў Знамяроўскі.

- У-ра! Коні! Коні! Бацька ты наш, літасцівец, уладар!

- Вядзі нас! Вядзі!

Узрушаны натоўп паваліў з плошчы. 

 Па пыльнай дарозе яны пад'ехалі да пушчы. Ад узлесся да Яноўшчыны заставалася не больш трох гадзін язды. Першая зорка пералівалася ў вышыні кропляю крынічнай вады. Стаялі і марылі паабапал дарогі замглёныя раннім туманам стагі.

Ехалі конна, людна і збройна цэлыя суткі, зрабіўшы два невялікія прывалы. Наперадзе ехала дзесяткаў пяць конных цыганоў у кажухах з рацішчамі, пугамі і фузіямі. Пасля цягнуўся воз з каралеўскай кухняй, шатны воз, воз з трыма хартамі і паляўнічымі сокаламі. Пасля - воз караля, вышынёю ў два сажні, упрыгожаны кілімамі.

За ім - трыццаць вазоў са шляхецкай пяхотай. Гэта былі бясконныя загонавыя шляхцюкі, узброеныя шаблямі і пулгакамі, у чыкчырах і чугах, расшытых пазументамі, але сям-там зацыраваных і нават проста дзіравых. Шляхцюкі ўзмоцнена паядалі вайсковы запас.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора