Калі яна выйшла, стары пастаяў хвіліну моўчкі і раптам сціснуў кій.
Аб Віцьку я, здаецца, пераламаю калі-небудзь палку. На трэскі.
…З Клявіным яна некаторы час не размаўляла, унікала яго. Хадзіла па студыі халодная і вонкава спакойная. А ў самой горача падала сэрца, калі яна бачыла хлапечую постаць Віцькі і яго сумныя вочы. А потым, калі крыўда прайшла, пакрыўдзіўся ён.
Нісоўскі толькі галавою хітаў, гледзячы на гэта.
А ў "маленькай" разрывалася сэрца. Жахліва, вядома, тое, што здарылася з дзядзькам. Але той, той, што праважаў яе да дзвярэй дачы, хіба ён вінен у гэтым, хіба ён падпісаў гэты жахлівы загад? Не, ён не мог ведаць гэтага.
…У снежні ў Вялікім тэатры павінен быў адбыцца юбілейны канцэрт. Нумароў было многа. "Маленькая" вяла свой нумар у пары з Клявіным-Зігфрыдам. На канцэрт павінен быў прыехаць і Ён; яна ведала, што Віцька зноў будзе глядзець у бок вялікай ложы злоснымі вачыма, і ёй гэта было непрыемна.
Віцька стаяў ужо за кулісамі ў белым з золатам убранні Зігфрыда. Смешны хлапечы Зігфрыд з доўгімі прыгожымі нагамі, худы і сумны.
І раптам яна вырашыла. Яна падышла да яго і з усмешкай глянула ў вочы. Ён адвярнуўся, натапырыўшы чапялою ніжнюю губу. Нікога не было вакол, і таму яна не пакрыўдзілася.
Пагаворым, Віця.
Ён маўчаў.
Ты што, зусім не хочаш быць са мной?
Ён маўчаў.
Ну скажы хоць слова.
Віцька сказаў гэта слова, трасучыся ад стрыманага абурэння:
Я не магу дараваць яму Івана. Я яго ненавіджу.
"Маленькая" паклала руку на яго валасы.
Віця, умольна сказала яна, ён няшчасны, як толькі можа быць чалавек.
Віктар маўчаў. І тады яна сказала:
Віця, я кахаю цябе. Вельмі. Да канца. Вельмі верна і аддана. І пакорліва.
Ён не мог больш утрымацца.
Абняў яе за стан, споўз уніз — не, не споўз, упаў, як падстрэлены, і затросся ля яе ног ад сухіх стрыманых рыданняў.
Не магу, не магу без цябе.