Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Маленькая балерына стр 14.

Шрифт
Фон

Устрывожаная такім хуткім узлётам, нічога не разумеючы, яна паспрабавала спытаць у дзвюх сябровак, чаму яны не глядзяць ёй у вочы, але пад час размовы, уніклівай і слізкай, раптам спынілася, зразумела. І тады выбухнуў скандал. Яна прыляцела прад светлыя вочы Нісоўскага і на поўны голас пачала крычаць:

Не хачу! Не трэба!

Нісоўскі, даведаўшыся, у чым справа, завёў яе ў свой кабінет і ўпершыню ў жыцці накрычаў.

Ён грукаў палкай у падлогу і крычаў, увесь чырвоны, наліты крывёю ярасці:

Гэтага патрабаваў я… я… я!!! Разумееш?! І толькі подлы чалавек можа падумаць, што я зрабіў гэта, каб дагадзіць камусьці! Я нікому не хачу дагаджаць, я нікога не баюся! Я стары, і ў мяне нікога няма, акрамя вас. Няўжо ты думаеш, што я даў бы табе партыю, каб думаў, што ты бездар? Прэч з вачэй, няўдзячная дрэнь!

Ён затупаў нагамі і раптам паваліўся ў крэсла амаль без прытомнасці.

Яна плакала, прасіла прабачэння, стоячы перад крэслам на каленях, цалавала яго старэчыя рукі, укрытыя ля запясцяў рэдкімі вяснушкамі.

Ён апрытомнеў, узяў яе галаву за скроні, пагладзіў попельныя валасы.

Не трэба, не трэба, мая дзяўчынка. Я ведаю, ты таксама была абражаная. Гэткія дуры, гэткія петыя дуры… І як ты магла так пакрыўдзіць сябе і мяне?

"Маленькая" казала, давячыся ўсхліпамі:

Нясцерпна, Пятро Пятровіч… Ён вельмі харошы да мяне. Як да дачкі. Але што рабіць, калі ён усіх, хто вакол, робіць няшчаснымі? Толькі тым, што ён поруч.

Нічога, нічога, гладзіў Нісоўскі попельную касу.

І што ён мог яшчэ сказаць?

І Віцька мяне пазбягае, вырвалася ў яе крыўда.

Нісоўскі ўзяў яе галаву і ўважліва паглядзеў у вочы.

Так… Яму горка, Іван Мікалаевіч памёр у турме. А ён быў яму бліжэй за бацьку.

Калі?

Тады. Вясной. Ён нядаўна выпадкова даведаўся аб падрабязнасцях.

Ужо не плачучы, яна ціха сказала:

А мне нічога. Няма, відаць, даверу.

Стары выціраў ёй вочы сваёй хусцінкай. Скончыўшы з гэтым, ён ціха спытаў:

Ты пакахала, дзяўчынка? Ты ўся свецішся ім. А я, дурань, пагражаў адкруціць яму галаву. Ідзі. Усё будзе добра.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги