Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Маленькая балерына стр 16.

Шрифт
Фон

Яна прысела на кукішкі, паклала далонь яму на галаву.

Ну што, мой родны, ну што, мой каханы?

І ўсё знікла. Засталіся толькі кулісы і бялявая галава, што трэслася ад гора, прынікшы тварам да яе ног.

…Канцэрт вось-вось павінен быў пачацца, калі "маленькая" па апладысментах, што ўспыхнулі ў зале, здагадалася: прыехаў Ён.

Яна адразу ж прынікла да вочка, зробленага ў малінавай завесе, і пабачыла чырвоную з золатам залу, стракатую гурму людзей і Яго, акурат насупраць сябе. Ён з'явіўся ў ложы і з усмешкай абводзіў вачыма ярусы.

Зала віравала. Авацыя трэсла сцены. Узбуджаныя выгукі ляцелі пад столь, да ззяючай люстры. Не апладзіраваў толькі ланцужок людзей у шэрых, як у Сторава, гарнітурах, што сядзеў у апошнім радзе партэра.

Авацыя грымела ў зале. "Маленькая" праз вочка глядзела на гэты трыумф, і цеплыня расла ў яе грудзях.

"І такога можна ненавідзець? Чаго ж тады апладзіруюць людзі? Не, пакуль Ён тут, добры да яе і да Віці, вялікі, цёплы — усё яшчэ будзе добра на зямлі".

Авацыя сціхла нарэшце. І амаль адразу на авансцэне, залітай агнямі, заспяваў шматгалосы хор. Магутнымі раскатамі загрымелі галасы.

Спявалі аб Ім.

Спявалі аб тым, як шырока разлілася яго слава, як спяваюць песню аб ім усе народы зямлі, як дрыжаць перад яго імем ворагі.

Урачыстыя гукі, падобныя на язычаскі хор перад статуяй невядомага бога, поўнілі залу, а Ён сядзеў у ложы і з годнасцю глядзеў на сцэну.

Узмывалі ўгору галасы. Спявалі аб велічы. Аб сіле, аб славе, якой ужо не можа змясціць зямля.

Чараванне гэтай музыкі здольнае было выціснуць на вочы гордыя слёзы. І "маленькая" адчувала іх і ганарылася, што яна толькі частка той сілы, якая цягне людзей да гэтага чалавека.

Да самых вышыняў мажора ўзляталі галасы. Спеў біўся ў сцены і столь. Грымеў язычаскі харал.

"Маленькая" здольная была зараз кінуцца да Яго, каб у адзіным крыку выкрыкнуць сваю любоў.

Грымеў харал.

І таму яна зусім не здзівілася, калі хор змоўк і ўвесь натоўп, усе, хто запаўняў партэр, кінуліся да ложы.

Крыкі захаплення зліліся ў роў, не, не ў роў, у стогн, які вырываўся з соцень грудзей, як з грудзей аднаго чалавека. Уздзетыя рукі, закінутыя галовы, далоні, дрыжачыя ў паветры. І пад усім гэтым стогн захопленых выгукаў.

Яна не адразу зразумела таго, што здарылася далей. Насустрач бягучым да ложы ўстаў ланцужок людзей у шэрых гарнітурах.

Наэлектрызаваная музыкай, ахопленая масавым псіхозам гурма наляцела на яго.

Роў. Крыкі. Слёзы захаплення.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги