Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Маленькая балерына стр 13.

Шрифт
Фон

Можна, упэўнена выдыхнула яна. — Яны добрыя.

Добра, сумна сказаў чалавек, бывай, дачка, спі спакойна… І не плач па начах за старых людзей.

Ён павярнуўся і пайшоў да форткі. "Маленькая" глядзела на яго, і шкадаванне аб гэтым чалавеку, які ішоў у ноч, зноў сціснула ёй сэрца.

А чалавек выйшаў з форткі і сутыкнуўся са Сторавым. Той стаяў, сціснуўшы вузкі, як шчыліна, рот.

Раён даволі падазроны, сказаў Стораў.

Што, не нажэрліся? — даволі дабрадушна сказаў чалавек.

Стораў паглядзеў на яго з адданай пачцівасцю і суха — гэты тон, як ён лічыў, найбольш адпавядаў яго місіі вернага ахоўніка — сказаў:

Справа, вядома, не аб арышце. Справа аб ахове. Вы ведаеце, яны заўжды рады ўчыніць зло тым….

Тады чалавек таксама звузіў вочы і насцярожана абвёў позіркам суседнія будынкі.

Так, сказаў ён і даказаў за Сторава, тым, да каго я добра стаўлюся… Рабі, як лічыш патрэбным, прыглядзіся… І каб з гэтай галоўкі ніводнага воласа ад чыёйсьці рукі. Зразумеў?

Машыны рушылі. Ён сядзеў на заднім сядзенні і цяжка думаў. Потым думкі перайшлі на ўспаміны. Успомнілася Грузія, якой яна была пяцьдзесят год таму, калі ён, дзесяцігадовы, упершыню па-сапраўднаму адчуў вясну. Яна была прыўкраснай. Яна была такой і потым, калі ён быў юнаком. Успомніліся Горы, плынь Ліяхвы, буйнае квіценне ткемалі на схілах гор.

Свеціцхавелі ўстаў перад яго вачыма, ясны, узнесены да нябёс у месячным сяйве. Сэрца ляцела насустрач яму… Так, тады таксама была вясна. А зараз яна для іншых, для гэтай дзяўчынкі і для яе хлопца.

На хвіліну ён падумаў, што аддаў бы ўсю ўладу за некалькі год маладосці. Улада не прыносіла шчасця. Нават любоў людзей была ад няведання… А гэтая, як сланечнік, уся для жыцця, якога ў яго скора не будзе. Дзяўчо павінна жыць і быць шчаслівым, і тады, магчыма, яшчэ адзін з нешматлікіх успомніць яго дабром.

Чалавек ехаў начнымі пералескамі, потым ускраінамі, чалавек, якога ўлада ўзвяла да неверагодных вышыняў, улада, якую ён змяняў бы ў гэтую хвіліну на сціплую хату ў бярозавым гаі і на такую вось дачку. Ён ведаў, што ён хоча гэтага толькі ў гэта імгненне, але яму не хацелася думаць, што гэта так.

Са скверыка ля варот Навадзевічага выйшла пара. Рука хлопца ляжала на таліі дзяўчыны. Машыны праляцелі паўз іх.

Так, вясна. Шчасце ўсіх. Ён не пакіне дзяўчынку з яе хлопцам. Ён ведаў — лёс многіх на яго сумленні. І на хвіліну неспакойная думка варухнулася ў яго галаве:

"А можа, я наогул нарабіў занадта?"

Але ён адразу загасіў гэтую думку.

"Нічога. Для астатніх маё імя — сцяг. І за яго яны пойдуць праз агонь і ваду… Для будучыні".

Думка суцяшала, і ён задрамаў у машыне, гэты цяжкі, грузны чалавек, падобны ў гэтую хвіліну на соннага сапсана, чалавек, які не меў ужо ні шчасця, ні кахання, ні веры, ні радасці аддацца добрым пачуццям другім, ні даверу да людзей — нічога. Акрамя бязмежнай улады, роўнай якой яшчэ не было на зямлі. Ён не ведаў, што ўладараць і над ім, штучна пераконваючы ў зламыснасці навакольнага свету, падтрымліваючы жах перад усім і веру ў тое, што чужую руку адвядуць ад яго дзесятак адзіна верных, адзіна адданых.

Ён драмаў, апусціўшы на грузнае цела ацяжэлую галаву.

…У ліпені "маленькай" далі партыю Адэты.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги