- Добрая літасць, - іранічна і смутна сказала яна. - Хочацца туды. Напэўна ва мне ў глыбіне сядзіць звычайная вясковая баба, якой бы грады паліваць або сена варушыць. Гэта добра ці не?
- Гэта вельмі добра. Я часам думаю, што таму мы такі моцны, трывалы народ, што праз усё наноснае ва ўсіх нас сядзіць звычайны мужык альбо баба. І культура, здаецца, і вытанчанасць, і размова пра Сомерсета Моэма, а павеяла сенам - i хочацца бабе басанож на траву; павеяла небяспекай - i празмерна культурны мужык лаецца беларускімі праклёнамі. Гэта сапраўднае, гэта, як у ляльцы-матрунцы: самая сярэдняя - самая наша лялька. Так што не трэба непакоіцца.
Якубовіч раптам звяла бровы.
- Прабачце, я такая нецікаўлівая... А магчыма, i просто не хацела запытаць... 3 кім, уласна кажучы, я размаўляю?
Лявон нахмурыўся.
- Гэта, магчыма, было i лепш. Як у вагоне: асабліва лёгка размаўляецца, бо не ведаеш, з кім.
- Але ж гэта не таямніца?
- Не, вядома. Маё прозвішча Лявон Касачэўскі.
Звычайна за гэтым ішло трохі здзіўленае "о-о" і пасля пусценькі шчэбет. Менавіта так было з Анэляй, i таму Лявон не любіў i баяўся свайго прозвішча. Ён лічыў, што яго трэба прымаць такім, які ён ёсць, а вершы - гэта другараднае.
Але ён памыліўся, яна не глянула на яго з большай цікаўнасцю, чым дагэтуль. Сказала проста:
- Я чытала. I "Ветракі", i "Ignis nocturnis", i iншыя. Але партрэта ва ўcix вашых кнігах чамусьці не было.
- А-а, - ён махнуў рукой, - каму гэта цікава? - I заварушыў пальцамі ля галавы, зрабіўшы задуменны твар. - Паэт павінен быць вось такі... А такога, як я, i чытаць не будуць. Таму i хітрую. Не люблю сябе.
- Вам не трэба скардзіца на аблічча. У вас звычайны твар бялявага вясковага хлопца. М-м... не вельмі прыгожы, але харошы.
- Сказалі б хоць "мілы", - засмяяўся Лявон.
- А вам што, вельм хочацца? Не, ён у вас нават не мілы, проста добры.
Калі ён выходзіў, яна вывела яго на сходы. Раптам сказала:
- А хто вам падстроіў гэты жарт, я бадай што ведаю... Які ён з'едлівы чалавек! Гэта ён і са мною думаў. Ну, няхай чакае.
- Лixa яго бяры, Марыя Сяргееўна.
- Мне не за сябе крыўдна, мне крыўдна за вас. - І сур'ёзна дадала: - Над вамі нельга жартаваць. Вы для гэтага занадта сапраўдны.
Лявон спусціўся на дзве прыступкі, так што твар яго апынуўся на адным узроўні з яе тварам, павагаўся трошкі i, адчуваючы, што не можа пайсці адсюль проста так, сказаў:
- Мы не павінны цяпер выпусціць з-пад увагі адно аднаго. Гэта будзе... проста жахліва.
Яна глядзела ўбок: