- І гэтым рукам будзе вельмі цяжка, - дадаў Лявон.
- Затое сэрцу гэтаму будзе лёгка. А рукі, што ж? У мяне яны здаровыя, мужыцкія. Смешна мне было б прыжмурваць вочы. Вось чаму я і трымаю сябе так: някепская артыстка і вельмі непрыемная асоба. Рэжысёр Грабоўскі наогул лічыць мяне мужычкай і памялом у сукенцы... пасля аднаго выпадку.
І дадала з выразным націскам:
- Прывабны, пераканаўчы такі кавалер.
Касачэўскі чамусьці заўсёды абараняў нават несімпатычных яму людзей.
- Пакіньце. Ён не такі ўжо благі хлопец, як я чуў.
- І гэта праўда. Я яго не за тое не люблю, што ён дрэнны, а за тое, што ён прыкідваецца такім. Гэта кепска, калі чалавек бравіруе разбэшчанасцю, якой у яго няма. Значыцца, ён слабы ў душы і не хоча быць мужным насуперак асяроддзю.
- Адкуль вы родам? - з усмешкаю спытаў Лявон.
- Мсціслаўская.
- О, мсціслаўцы - недасекі. Зразумела, адкуль у вас такі язычок. Гэта народ, што на сваёй лаве не памірае.
- А вы адкуль?
- З Магілёва.
- О, - у тон яму сказала Якубовіч, - тады зразумела, адкуль у вас такая даверлівасць. Гэта вы, здаецца, студні салілі?
- Я асабіста - не. Мне чамусьці здавалася, што капуста проста са студні будзе нясмачнай.
- А-а, тады гэта вы, напэўна, у Вільні сваю варону пазналі і кулагу на локці мералі. Вельмі прыемна.
- Пашкадуйце, - узмаліўся Касачэўскі. - Не буду больш.
- То-та ж бо, - важна сказала яна. - Ведайце, як мсціслаўцаў чапаць.
І зноў яны разрагаталіся.
- Між іншым, не такія ўжо мсціслаўцы злыя на язык, - сказала яна. - Я нідзе не бачыла такіх добрых людзей, як у нас.
Раптам пасур'ёзнела:
- Часам вельмі хочацца туды. Абрыдне бойка, абрыдне быць больш злой, чым на самай справе. Хочацца цішыні, мяшчанскай бальзаміны на вокнах.
- Я ведаю, - проста адказаў Лявон. - Толькі чаму такая назва "бальзаміна"? Яе ў нас лепей завуць: "Слёзы Алёнчыны". Яна плача перад дажджом, бо яе калісьці, калі была яна дзяўчынай, выганялі ў зрэб'і на асенні дождж пасвіць каровы. Бог злітаваўся над ёю, ператварыў яе ў кветку.