І чую, той, хто страляў, скаціўся з лесвіцы. Ушчалася страляніна. Раздаўся выбух.
Я зірнула ў шчыліну. А гэта мой Алесь выскачыў з ямы — і бегчы, як ліс, каб адцягнуць паляўнічага ад нары. Ён і гранату кінуў.
Бяжыць, бяжыць па роўным полі, а яны па ім страляюць.
Ён у хмызах знік, а пра мяне яны забыліся. Загэркалі нешта па-свойму і пайшлі.
Потым я кінулася па следу і знайшла яго ў раўчуку. Вочы пяском зацярушаны, кісць левая на жылачках вісіць.
Дацягнулі яго бабы да хаты. Ён руку памацаў і кажа:
— Рэжце…
— Далі мы яму самагону і адрэзалі мускулы, на якіх рука вісела. Потым, калі апрытомнеў, я схілілася над ім:
— Алеська, добры мой, дарагі.
— Нічога не бачу, — кажа ён глуха.
— Алесь, любы ты мой. Будзеш бачыць.
А ён павярнуўся да сцяны і глуха так адказаў:
— Не хачу я цябе бачыць. Ідзі…
Вядома, ён лічыў, што калі з ім такая бяда, дык не яму пра мяне думаць. Куды, маўляў…
А я толькі вуснамі яму да шчакі:
— Даруй ты мне… Я ж вельмі цябе кахаю. Ты такі мой добры, такі жаданы.
І вось з таго часу мы разам. Выхадзіла я яго ў атрадзе. Праз некаторы час пачаў ён бачыць. І такое мне было шчасце — нічога, здаецца, не трэба больш.
— Як жа так, цётка, — спытала маладая, — і дагэтуль добра пражылі? У вас жа небагата? І дзяцей многа?
— Глупства, — паблажліва адказала старэйшая, — жывём. Ён са мною — і досыць.
Міхал уздыхнуў. Гэтыя людзі разважалі іначай. Ён закурыў другую папяросу. Жанчыны змоўклі. Відаць, паклаліся спаць.
Дождж усё шамацеў над самай галавою, спорны, роўны. І пад шум дажджу Міхал непрыкметна заснуў.
Сніўся яму стэп, астравок таго стэпу, што трапляецца ўжо на поўдні Беларусі. Шырокая пыльная дарога, колкія промні сонца. На ўзвышшы, усе ў чырвоным марыве і самі чырвоныя, стаяць людзі з рыдлёўкамі. І раптам ён чуе здзіўлены вокліч. Нехта бяжыць да яго з узгорка.