Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - У шалашы стр 12.

Шрифт
Фон

— Вярнуўся! Вярнуўся, — задыхаецца яна.

Яе рукі бяруць чамадан…

— Хлопцы! — крычыць яна. — Ён вярнуўся! Ён з намі!

А сама прыціскаецца да яго.

— Не, — кажа ён, — я толькі паглядзець. Я мужчына. У мяне гонар.

І вось гасне, робіцца сумным яе аблічча. Ён разумее, што гэта яна, але не пазнае яе рысаў. Чужая, зусім чужая, — а калісь свая, — яна стаіць каля яго. Знікае…

Міхал застагнаў у сне, хапаючы пальцамі паветра. А яна ўсё знікае. Знікла. І стэп быў той самы, але трывожны, як перад навальніцай. А людзі на ўзвышшы расплываліся ў чырвоным марыве.

Гэта было так жахліва, без яе, так жахліва, як ніколі не было наяве. Ён прачнуўся ад жаху і сеў, увесь дрыжучы.

— Мар'яна! — крыкнуў ён, як толькі сон адпусціў яго горла.

Была ціша. У шалаш свяціла сонца. Кожная зёлка, упрыгожаная нізкай кропель, красавалася, зіхацела.

Міхал не помніў, як ён схапіў чамаданчык, як выкаціўся з шалаша.

Дымела мокрая чорная зямля, праменні купаліся ў лужынах, яблыні стаялі ў мокрай знямозе, раскашавалі. А на ліпы і хмызы было балюча глядзець.

І пырхала, пералятала з галіны на галіну, з дрэва на дрэва ў хмызы і зноў на дрэва ўзбуджаная да вар'яцтва малінаўка. Спявала, ажно сад звінеў:

— Разумееце, разумееце, разумееце?! Разумееце, сонца ёсць. Яго зусім не зжэрлі! Яно ёсць! Ёсць!!!

Далёка, садам, ішлі дзяўчына і мажная кабета, якую схілілі не гады, а праца. Яны аб нечым размаўлялі.

А малінаўка звінела і звінела:

— Сонца ёсць!.. Ёсць!..

І пад гэты спеў Міхал шпарка пакрочыў да дарогі. Ён плюхаў па лужынах, слізгаўся і ўсё паскараў крок.

Дарога звярнула да ракі, пайшла берагам. А свет увесь ператварыўся ў сімфонію гукаў, іскраў, пахаў.

"Я абавязкова ўсё раскажу, — думаў Міхал. — Усё будзе добра. Каханне не адступае, яно не адступае ніколі. Я пераканаю яе ці яна мяне — хіба не ўсё роўна? Хіба дрэнна стаць рабочым на раскопках? Паліцца пад промнямі, глядзець у яе вочы, цалаваць яе, гарачую ад сонца, калі за курганам згасае заранка і цені ад узгоркаў імчаць полем, як скіфскія коннікі?"

Рака ўся млела пад сонцам, прымаючы ва ўлонне сонечную цеплыню.

Каля берага плыў у чаўне дзед, самы лепшы з усіх дзядоў на свеце, сівы, лысы. Такі добры дзед.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора