Андрэй Федарэнка - Смута стр 21.

Шрифт
Фон

— А мой дзед сядзеў у фашысцкім канцлагеры.

— Цудоўна, бачыце, матэрыял ужо ёсць. У фашысцкім, а вы зрабіце, што ў савецкім. Далей, дзеці ў вас бягуць у школу радасныя, з букетамі астраў, вяргіняў... Пра якую школу вы пішаце? Хіба ў тую школу, што вынішчала сваім дагматызмам усё жывое і творчае, беглі з радасцю? Ды яшчэ за пяць кіламетраў?

— Я сам так бег.

— А вы напішыце, што не беглі, а наадварот, уцякалі са школы. Залазілі ў стог і курылі. Адразу ж апавяданне ажыве, з'явіцца падтэкст. Вось гераіня ў вас жывая, ёсць трапныя дэталі, напрыклад, калі яна перад сном распранаецца... Але чаму яна такая цнатлівая... ці як сказаць... Дзе вы такіх бачылі ў жыцці? I хто цяпер у такіх жанчын паверыць? Не здраджвае ні з кім, зноў-такі ні разу — праўда, думае пра гэта... Яна думае, а вы і зрабіце так: вось следчы заходзіць, і там яны ўступаюць у грэх, потым заходзіць яе муж, і вось яны ўжо ўтрох.. Шведскі варыянт, уяўляеце? Цяпер жа толькі такое і чытаецца! Ёсць у вас яшчэ адзін цікавы персанаж — муж прадаўшчыцы, злодзей, п'яніца... Дапішыце вы яму адну маленькую рыску, зрабіце яго партыйным, ці хоць кандыдатам... З трактарыста здыміце, а яму дапішыце.

— Навошта?

— Цяпер толькі такое і чытаецца, каб адмоўны герой быў партыйны. Разумееце, адразу вырысуецца тыпаж, абвострыцца фабула. I хай гэты партыйны п'яніца згвалціць гераіню, жонку нашага трактарыста...

— Гвалцілі! Следчы гвалціў, калі яна распраналася...

— Правільна, следчы, а потым яна пайшла на рэчку мыцца, а муж прадаўшчыцы — скок з-за кустоў... Карацей, апавяданне тут ёсць, падумайце над гэтымі заўвагамі і нясіце. Будзем друкаваць.

Зміцеру Садаўнічаму

У рэдакцыю прыйшло пісьмо:

«Пішуць да вас калгас «Трэці Інтэрнацыянал». Ці праўда што там у вас пачалась перабудова? I гласнасць? I што аб'яўлен рынак? I што намі будзе кіраваць амерыкан. прэзідэнт? А калі, не дык што ж тады аб'явіўся за прэзідэнт? Такія пытанні на якія наш парторг т. Кадол чамусьці не дае адказ. Механізатар Навадумскі».

Пад пісьмом значыўся адрас самага далёкага ад сталіцы раёна.

Галоўны рэдактар выклікаў маладога супрацоўніка газеты Кірэвіча, даў яму прачытаць і сказаў:

— Нейкі вясковы разумнік... А мо студэнт на канікулах... Ну, ясна: намёк, што плявалі мы на вашыя перабудовы. Як было, так і ёсць. Што слова «прэзідэнт» для вясковага вуха тое самае, як для амерыканскага фермера — парторг Кадол... Маўляў, называй хоць гаршком — лягчэй не стане. Але вам прычына — не хочаце праветрыцца? З’ездзіць у глыбінку? Я пазваню, каб вас сустрэлі. Дарога, новыя людзі — можа, і напішацца штось новенькае...

Так Кірэвіч выправіўся ў камандзіроўку ў далёкую глухамань.

Ехаць трэба было дванаццаць гадзін цягніком. Гадзін праз дзесяць дарогі галоднаму, змерзламу ў халодным вагоне журналісту палезлі ў галаву змрочныя думкі. Куды ён едзе? Якія цяпер камандзіроўкі? Гэта гадоў дзесяць назад добра было: лазня, чарка, свежынка, чысты ложак у брыгадзіравай ці нават у старшынёвай хаце... «Каб замест чаркі не надавалі ў карак!»— думаў Кірэвіч, і яму ўяўляліся чамусьці панурыя, галодныя твары, злыя вочы... Аточваюць, валяць, вяжуць вяроўкаю... «Павесіць гада мала! Заварылі ў гарадах кашу, а цяпер сюды паўзяце?!.» Б-р-р!

Калі правадніца аб'явіла, што прыехалі, Кірэвіч зашыўся ў куток і вырашыў не выходзіць. «Скажу, што праспаў». Але далей цягнік не йшоў. Давялося выйсці.

Па голым пустым пероне вецер падагнаў да ног Кірэвіча газету, на якую той наступіў і прачытаў: «Рашэнні... жыццё!» Вецер шухнуў пад лёгкі палітончык, апёкшы журналіста холадам з ног да вушэй. Насупраць перона, на прывакзальнай плошчы, стаяў упрэжаны ў сані конь, якога дзядзька ў доўгім кажусе і ў насунутай на вочы шапцы карміў буханкаю хлеба. Убачыўшы Кірэвіча, мужчына схаваў хлеб за пазуху, выцер рукавом конскую пысу і праз замеценыя рэйкі кінуўся да журналіста.

— Добранькага вам дню!.. Вось прыехаў сустрэць і прывезць, — лісам закруціўся вакол журналіста дзядзька. — Ідзіць, пажалуста, за мною ў сані, я вам дарожку таптаць буду...

«Пачалося, — зусім няміла стала Кірэвічу,— знарок язык ламае... Завязе ў лес, трэсне па вуху, паліто апошняе здыме... Ану, валі адсюль, скажа! Горад падчысцілі, а цяпер сюды!..»

Дзядзька між тым пасадзіў журналіста ў задок, накінуў яму на плечы другі кажух, нагроб на ногі сена і, падміргнуўшы, выцягнуў з-пад посцілкі пляшку гарэлкі, дзве чарачкі, кавалак сервелату, з-за пазухі — недаедзены канём хлеб...

— Чым багаты... Сагрэйцесь з дарожкі!

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке