Я ўжо дзесяць гадоў як у мора не хадзіў, адна радасць у маім жыцці засталася бабы!
Адстаўны капітан падморгвае мне і кіўком паказвае на паўнагрудую прадавачку. Я з разуменнем пасміхаюся і паднімаю апошнюю чарку:
За баб і маладых сэрцамі! выдаю смелы тост, уліваю ў рот чарку з вогненным змесцівам і зажмурваюся з усіх сілаў.
Дзед смяецца з маёй няёмкасці і раптам ні з таго ні з сяго пераходзіць на шэпт:
Чаго ж ты мардуешся, студэнт? Па радзіме не засумаваў?
У кафэ заходзіць зграйка нязграбных дальнабояў і запускае ў памяшканне трывалы вулічны холад. Я губляюся хмельныя слёзы падступаюць да вачэй. Дзед разумее свой промах, разгублена моршчыць лоб і па-дурному рагоча. Я смяюся ў адказ, так і не падабраўшы ніводнага патрэбнага слова.
Глава 8. Рома ў Менску
Да прыпынку грамадскага транспарту на ўскраіне Гомеля мяне падкідвае т'юнінгаваны жыгуль. На развітанне кіроўца совае ў руку пяць тысяч беларускіх рублёў на талон. Калі я адязджаў, праезд каштаваў крыху больш за дзве тысячы.
Бойкі кандуктар выдае адрыўны талон, і я сядаю ў цэнтры пустога салона. За акном мільгаюць мікрараёны. Вуліцы пустэльныя да здранцвення ні душы. Толькі святло ў вокнах дамоў нагадвае, што людзі тут усё-такі жывуць. Аўтобус давозіць мяне да вакзальнай плошчы і выплёўвае ля закрытага абменніка. Пяць гадоў таму менавіта з гэтага пойнту я выпраўляўся ў Крым у сваё першае падарожжа аўтаспынам. Тады ў гэтым акенцы я мяняў беларускія рублі на грыўні.
У пустым будынку гомельскага вакзала пад белым помнікам Леніну мяне сустракае Даніла рэдактар гэтай кнігі. Жыўцом мы бачыліся з ім усяго двойчы перад падарожжам нам хапіла трох гадзін і яшчэ адной кароткай сустрэчы, каб спланаваць праект кругасветкі і замуціць усю гэтую кашу з пуцявымі нататкамі. Наўрад ці хтосьці тады ставіўся да задумы сур'ёзна. Мы проста паціснулі адзін аднаму руку, і ўжо праз пару дзён я стаяў на трасе М1, якая павінна была панесці мяне ў невядомасць.
Уначы на мясцовым вакзале можна сустрэць толькі бамжоў і міліцыянтаў. Даніла купляе мне бяляш і наварыстую буфетную гарбатку ды спакваля разрульвае нейкую дзіўную і вельмі танную ўпіску ў гасцініцы пры анкалагічным дыспансеры.
У невялічкім чыстым нумары, выкананым у найлепшых традыцыях беларускага еўрарамонту, нас чакаюць два ложкі, тумбачка і малое радыё. Яшчэ нейкі час мы трацім на размовы і адрубаемся глыбока за поўнач, калі да адпраўлення цягніка застаюцца лічаныя гадзіны.
А дзясятай раніцы, за пару гадзін да прыбыцця ў Менск, я тэлефаную дамоў і паведамляю родным, што хутка прыеду. Да гэтага моманту я трымаў сваё вяртанне ў сабе.
Урэшце я вынырваю на станцыі метро «Аўтазаводская». Тут усё засталося такім жа, як і два з паловаю гады таму. Быццам хтосьці спыніў час. Мяне кідае ў жар ад думкі, што пакуль я глытаў пыл і тройчы ледзь не развітаўся з жыццём, тут усё да апошняй крупінкі заставалася на сваіх месцах.
А далей дом, мамчыны слёзы, мой пакой, у якім пасля рамонту не засталося нічога, што магло б нагадаць пра мінулае жыццё. І я, разгублены, не знаходжу сабе месца ў горадзе, дзе пакуль што адчуваю сябе замежнікам.
Наступны месяц выдаецца занадта рэзкім. Унутры мяне нешта пераломліваецца. Маё ўспрыманне так моцна абвастраецца, што я літаральна прасвечваю сцены. Кожная дэталь навакольнага свету быццам бы набывае неверагодную важнасць. Я заліпаю на ўсім запар: на людзях, слупах, скрыжаваннях, адлюстраваннях і бліках.
Два тыдні я амаль не сплю. Мне складана даюцца размовы з малазнаёмымі людзьмі, а яшчэ складаней з тымі, каго я ніколі не ведаў. Тоны ўвагі з боку мінакоў робяць з мяне параноіка. Мае паводзіны крыўдзяць сяброў і знаёмых, што толькі пагаршае сітуацыю. Я пачынаю баяцца, што
ў мяне паедзе дах. Я падоўгу сачу за сваім дыханнем, каб не згубіць берагоў.
Каб не перавярнуцца на акіянскіх хвалях, патрэбны важкі кіль. Калі цябе спрабуюць праткнуць нажом або загарнуць у дыван, або калі папросту едзе дах, не абысціся без таго, што верне табе рэзкасць думкі. Мой пункт апоры дыханне. Яно ратавала мяне сотню разоў.
Упершыню я адкрыў дыханне як інструмент для здабыцця спакою і рэзкасці на дзесяцідзённай медытацыі ў гарах на востраве Пінанг. Звычайна мы не кантралюем дыханне. Гэта такі фонавы працэс, што адбываецца без нашага ўдзелу. Але дастаткова крыху паназіраць за рытмам сваіх лёгкіх, як зробіцца ясна, што дыханне цесна звязанае са свядомасцю. У моманты небяспекі паніка адключае розум, але варта збіць хуткі рытм удыхаў і выдыхаў, як яснасць вяртаецца.
Усё гэта здаецца малапрыдатным для горада, дзе мянтоў больш, чым людзей. Мы перасталі баяцца нас пастаянна аберагаюць. Мы развучыліся абараняцца манапалістам на права праявіць агрэсію выступае дзяржава. Мы забыліся, што такое голад і холад. Наша жыццё стабільнае, прадказальнае і распісанае на доўгія гады наперад. У нас усё добра, таму нам так складана адчуць смак жыцця. Мы паціху паўзём у несмяротнасць.
Я шчыра баюся зрабіцца неўміручым. Мая свядомасць аднойчы замкнула мяне ў пустаце і адкрыла мне месца, дзе няма часу. Там, у гэтым месцы, не існуе ніякага рытму. Нішто не прадугледжвае перамен. Усё стабільна настолькі, што ты не можаш зразумець, прайшла адна секунда ці дзесяць гадоў. Ты не можаш скеміць, жывы ты ці мёртвы. У цябе няма цела ты ёсць увага, накіраваная ў пустэчу.