Вопыт абсалютнай нязменнасці, адсутнасці часу, вопыт вечнасці навучыў мяне цаніць жыццё. Маё жыццё гэта хваля. Маё сэрца выстуквае мой час. Я добры і злы, шчаслівы і падаўлены я жывы.
Праз чатыры месяцы я ўсё яшчэ сплю на падлозе і штодня хаджу каля трасы, што сыходзіць за горад, той самай, з якой калісьці пачалося маё кругасветнае падарожжа. Мы з ёй часам глядзім адно на аднаго, усміхаемся, просім перадаць прывітанні знаёмым. Мяне часта цягне заначаваць на вуліцы, але я стараюся не трывожыць родных сваімі выхадкамі, таму сплю дома з адкрытымі вокнамі, каб чуць гукі дарогі і адчуваць халоднае паветра. Мне некамфортна без заплечніка, таму я ўсюды цягаю яго з сабой. Я дагэтуль адвыкаю ад слова «gracias».
Гэтая гісторыя падышла да канца. Я шчаслівы пісаць апошнія радкі быццам здымаю груз з плячэй. Зіма дае мне час перазагрузіцца, але на ўсялякі выпадак я заўсёды нашу з сабой компас.
Ніколі не ведаеш, у якую хвіліну зноў падзьме спадарожны вецер.