Рома Свечнікаў РОМА ЕДЗЕ! Кніга 1
Прадмова
За два тыдні да гэтага мы сустрэліся з Ромам у нейкай заляпанай кафэсе, дзе ён натхнёна абмаляваў свае планы і прапанаваў рабіць для часопіса 34mag.net мультымедыйныя дарожныя нататкі з кароткімі відосамі, серыямі фатаграфій і аўдыяўключэннямі з тых кропак планеты, куды завядзе яго Дарога. Так пачаўся праект «Рома едзе», які зрабіўся для мяне і, спадзяюся, для шматлікіх нашых чытачоў наймагутнейшай крыніцай натхнення, займальнай дакументацыяй прасторы і часу, якія імкліва змяняюцца, а таксама прыкладам таго, як шмат можна знайсці ў сабе і ў тым, што навокал нас.
Рома сарваўся з ланцуга, і ў першыя месяцы я адчуваў, як ад ягонай смеласці, куражу, намагнічанасці і вельмі дакладнага пачуцця прыгожага мяне проста мажа па сценах. Наша сяброўства і праца цалкам перамясціліся ў віртуальную прастору, а ўсведамленне таго, што ўвесь гэты дзікі замес адбываецца з Ромам у рэальнасці, прыносіла мне з кожным днём усё больш эфектныя і вострыя эмоцыі. Рома слаў мне тэксты, злепленыя на каленцы пад цёплым грузінскім дажджом, і відосы, змантаваныя прамерзлымі рукамі ў закінутым на край цывілізацыі алтайскім пасёлку. Усе гэтыя дэталі я адчуваў непасрэдна праз матэрыял ды імкнуўся ставіцца да іх з максімальнай пяшчотай, на якую здольны рэдактар. Я адчуваў: для Ромы, для мяне і для чытача вельмі важна, што праект ствараецца тут і цяпер, дакладней там і цяпер.
Атрымліваючы кавалкі тэксту з разнастайных Viberаў, WhatsAppаў і GoogleDriveаў, я ўсяго толькі спрабаваў скруціць незаўважнымі шрубкамі ўсе гэтыя фрагменты пазла, пакінуць тую спрадвечнасць літар і словаў, дзікунства стылю і апавядання, якія свісталі з усіх фортачак зыходнага матэрыялу. Мне хацелася, каб чытач ад главы да главы адчуваў, як змяняецца герой, як сталеюць яго стыль і рытм, як узрастае складанасць пастаўленых задач, змяняецца светаадчуванне, грубее і гартуецца характар, разбураюцца старыя ўяўленні пра свабоду, грамадства, любоў і адзіноту.
У гэтай кнізе сабраныя нататкі Ромы, якія апісваюць першую частку ягонай кругасветкі першую палавінку планеты. Яго маршрут пралёг праз Грузію, Арменію, Іран, Азербайджан, Расію, Манголію, Кітай, Лаос і Тайланд. Тут няма лішніх або прахадных главаў, кожная краіна пройдзеная героем на надрыве, пражытая без кампрамісаў. Гэта не звычайныя запіскі падарожніка: тут амаль адсутнічаюць апісанні гарадоў, парады турыстам ды іншы капірайтарскі стаф. Гэта падарожжа ўнутр сябе, у свядомасць пакалення, у час і норавы неспасцігальнага несвядомага арганізма з сямі мільярдаў клетак.
Мне здаецца, што падарожжа Ромы і створаны ім матэрыял вельмі своечасовая і актуальная праца. Нам усім варта спыніцца на хвілінку, паглядзець у сваё ўнутранае люстэрка, задацца сумленнымі, нязручнымі пытаннямі ды вырашыцца на тое, што вось прама цяпер, не адкладваючы на панядзелак, варта выціснуць педаль счаплення, затым паддаць газку і Рома ўнутры нас паедзе. Ён будзе перасякаць межы, разбураць састарэлыя надбудовы, паліць таўшчэзныя тэчкі са справамі, якія сорамна і позна захоўваць на паліцах. Я ахарактарызаваў бы гэтую кнігу як унікальны бясплатны навучальны курс па дызайне жыцця.
А тым часам на другім баку зямнога шара Рома паглынае кіламетры Дарогі. А значыць, наперадзе яшчэ шмат супольных адкрыццяў і рашэнняў. І гэтая думка сама па сабе натхняе.
Danila Berencef,
рэдактар часопіса 34mag.net
Глава 1 Рома ў Грузіі
Гэта ўцёкі!
Мая дарога ва ўнівер пралягае паралельна трасе, па якой нясецца плынь з горада. Я дайвер апускаюся на дваццаць метраў у глыб метро на адным подыху. Тут мяне кожны раз сустракаюць, як тэрарыста, правяраюць мой заплечнік. А яшчэ гэты заўсёды жыццярадасны голас
розуму з дынамікаў: «Паважаныя пасажыры, будзьце пільнымі» Амаль як у старэчы Орўэла.
На шостым паверсе пятага корпуса ўнівера месціцца кафедра штучнага інтэлекту. Тлустае паветра ў калідоры можна наразаць нажом, ад паху зводзіць шыю. Наступныя шэсць гадзін мяне будуць заварочваць у пыльны савецкі дыван. Мая бабуля сказала, што будзе жыць, пакуль яе ўнук вучыцца.
Дык вось, гэта ўцёкі!
У маёй кішэні штосьці каля двухсот даляраў. Мой заплечнік важыць дваццаць тры кілаграмы. Усё разлічана на поўную аўтаномію цягам тыдня, а можа і больш. У камплекце лёгкая палатка, спальнік, дыванок, маленькая гарэлка з газам, кацялок на літр, нож, ліхтар, шмоткі ды іншыя нішцякі. Я зрабіў прышчэпку ад ліхаманкі, страхоўку на паўгода ды іранскую візу. Мой тэлефон трымае батарэю каля месяца, камера паўтара тыдня, ноўт восем гадзін. Усё застрахавана ад раптоўных паводак гермамяшкамі. Так што на наступныя пару месяцаў усё са мной досыць ясна.
Я выходжу з дома раніцай 1 ліпеня. Дзейнічаю холадна і рашуча, быццам бяру інтэграл. За апошнія паўгода я сотні разоў уяўляў сабе гэты момант. Я ведаю дакладны час, калі прыйдзе 112-ты аўтобус на ім я дабяруся да трасы. Я ведаю дакладнае месца на М1, дзе стану з выцягнутай рукой. Гэтыя паўгода я планамерна рваў ланцуг, якім быў прыкаваны да будкі. Апошні рывок і мой ашыйнік сарваны. Я прагна глытаю паветра і кладу ўсе назапашаныя сілы на тое, каб быць далей ад будкі, міскі і гаспадара. Я адпраўляюся ў кругасветнае падарожжа.