Роман Свечников - Рома едзе. Кніга 2 стр 16.

Шрифт
Фон

Я ўжо амаль не рухаюся. Толькі выявы змяняюцца за акном. Думак робіцца нашмат менш. Мяне часам падхоплівае і кудысьці нясе, але потым я нязменна знаходжу сябе ў тым жа крэсле, з якога ўсё пачалося. Дыханне? Так, дыхаць гэта праца. І я працую. Сяджу ў крэсле і працую. Дыхаю. Дыхаю. Дыхаю. Не дыхаю.

Я не дыхаю і больш не сяджу ў крэсле. Я больш не я. Дажджом праношуся па планеце. Попелам выстрэльваю ў неба. Ветрам гну дрэвы на гары. Хваляй качаю лодку.

Глава 7. Рома ў Балівіі ды Аргентыне

Зомбі

На шляху да памежнага пункта дзіўны мужык у ваеннай форме накідваецца на нас і цягне да сябе ў камору для праверкі змесціва заплечнікаў. Усё занадта кінематаграфічна, таму мы не супраціўляемся.

У малым пакойчыку вельмі цёпла. Дзве каржакаватыя зашмальцаваныя істоты просяць нас адкрыць заплечнікі. Мы хутка дэманструем увесь наш няхітры скарб і, на просьбу працаўнікоў пераходу, яшчэ некалькі хвілін апантана жанглюем булавамі на развітанне. Нам хутка штампуюць пашпарты, і мы перш за ўсё адпраўляемся на пошукі абменніка. Высвятляецца, што ён ёсць толькі на перуанскім баку. Рабіць няма чаго, насуперак усім мясцовым законам мы куляй ляцім назад на перуанскія землі, дзе зліваем свае апошнія солі.

Пры мінімальным жаданні практычна любую мяжу Паўднёвай Амерыкі можна перайсці нелегальна. Для гэтага нават не спатрэбіцца ахвярна цягнуцца праз горы, можна проста наскрозь прайсці памежны пераход, ні разу не паказаўшы пашпарт.

Адразу за пераходам нас сустракае зомбі-армія балівійскіх таксістаў. Мы праломваем павуцінне іхных рук і па галовах караскаемся да выратавальнага латка, дзе захутаная ў швэдар шчакастая жанчына гатуе дэшманскія бургеры. Мы такія галодныя, што бяром адразу пяць штук.

Пакуль я раблю заказ, да Волі падыходзіць ахайнага выгляду перуанец і па-англійску цікавіцца, ці не жадаем мы ўзяць таксоўку да Ля-Паса ўскладчыну. Воля ветліва адказвае, што таксі для нас занадта дарагі сродак перасоўвання, і мужык адвальвае. Але не паспяваем мы затачыць першы бургер, як ён вяртаецца і кажа, што вельмі спяшаецца і гатовы падкінуць нас да горада за добрую гутарку. Рабіць няма чаго, мы скачам у дабітую белую таёту-ўніверсал, а ў багажнік нашага аўтамабіля запаўзае гіганцкая балівійка ў нацыянальным строі.

Высвятляецца, што наш добры спадарожнік фізік-радыёлаг. У Ля-Пасе ў яго свая медыцынская клініка, у якой ён лечыць рак. Запас англійскіх словаў у яго хутка вычэрпваецца, так што да самага горада я лаўлю толькі абрыўкі іспанскіх фраз і мірна даядаю цётчыны бургеры. Потым Воля раскажа мне, што яны размаўлялі ў асноўным пра дзівакаватага прэзідэнта Балівіі ды мясцовае здабыванне газу і тое, і другое ўжо шмат гадоў не робіць краіну багацейшаю.

Тым часам кіроўца залятае ў Ля-Пас напэўна, самы жывы горад Балівіі. Праз чатыры чырвоныя святлафоры і корак з людзей на гарадскім рынку мы трапляем у цэнтр горада. Фізік застаецца задаволены гутаркай, мы абменьваемся мэйламі і выходзім з таксоўкі.

88 °С

Мы хутка прабіваем, дзе самы небяспечны раён горада, і накіроўваемся наўпрост у гэтае пекла ў надзеі зняць максімальна танны гатэль. Але на шляху нам трапляецца сімпатычны грынга-хостэл, і мы паддаёмся на гэтую правакацыю. Сёння будзем плёскацца ў гарачай вадзе, спаць на чыстых прасцінах і карыстацца інтэрнэтам.

Ля-Пас выдатная дзіра, тут сапраўды можна добра павесяліцца. Але мы так нажэрліся пылу, пакуль дабіраліся да гэтага горада, што выходзіць на паўнавартаснае паляванне ўжо няма сілаў. Дробнымі перабежкамі па горадзе мы сёрбаем каву ў кавяраньках і перакусваем у злачняках.

Наступнай раніцай сядлаем аўтобус да горада Патасі дзякуй богу, аўтобусы тут самыя танныя на свеце. Балівійскі грамадскі транспарт ужо звыклы кавалак лайна: у салоне нясцерпна смярдзіць нямытымі целамі, проста ў праходзе наваленая гара сумак, з усіх шчылін свішча вецер, і на радасць шаноўнай публіцы недзе на апошніх шэрагах упарта галасіць немаўля. Начная паездка абяцае быць разухабістай. Мы хаваемся ў навушнікі і спальнікі. Воля ўтыкаецца мне ў падпаху і хутка адрубаецца. А мне «шанцуе» я не ўмею спаць седзячы.

Беларускія даляры

Патасі адзін з самых высакагорных гарадоў планеты і калісьці даўно, дзякуючы гіганцкаму радовішчу срэбра, адзін з самых багатых. Іспанцы ў свой час вывезлі адсюль столькі каштоўнага металу, што гэта вырашыла ўсе іхныя фінансавыя праблемы на пару сотняў гадоў наперад. Можна сказаць, што акурат дзякуючы гэтаму гораду ім удалося пабудаваць такую магутную імперыю. Сляды былой славы Патасі бачныя няўзброеным вокам неверагодная колькасць прыгожых касцёлаў, велізарныя багатыя дамы, манетны двор і пустыя шахты куды ні паглядзі.

Кідаем косткі ў нейкай таннай дзірцы з адным душам на паверх. Зусім недалёка пралягае чыгунка, і мы тут жа адпраўляемся на разведку. У нашых галовах даўно цепліцца ідэя пракаціцца па Балівіі на таварняку. Але, на жаль, вузлавая станцыя самага магутнага мясцовага горада Новага часу выглядае горш, чым вакзал у Асіповічах. Усяго адна лінія рэек і дзве кішэні-адстойнікі. Калі верыць раскладу, разы два на тыдзень адсюль адпраўляецца пасажырскі цягнік, таварнякі ходзяць яшчэ радзей. Вырашаем не чакаць ля мора пагоды.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора