Шаман раздае напой усім удзельнікам рытуалу прыкладна па дзвесце міліграмаў кожнаму. На смак аяўаска нечым нагадвае брагу або квас. Псіхадэлічны спектакль пачынаецца прыкладна праз дваццаць хвілін і доўжыцца каля шасці гадзін. Праз некаторы час пачынаюцца прыступы млоснасці, але ў цэлым працэс пераносіцца лёгка.
Падчас цырымоніі шаман грае на музычных інструментах і спявае свае дзікія песні па сутнасці, акурат гэтыя спевы і выступаюць праваднікамі ў іншыя сусветы. Пад уздзеяннем напою чалавек становіцца неверагодна ўспрымальным да гукаў. А вось здольнасць распазнаваць мову можа часова прытупіцца. Паддоследны хутчэй успрымае інтанацыю, чым саму лірыку. Ад гэтага падарожжа
набывае нейкае жывёльнае, першабытнае адценне, калі ты можаш толькі выць, скуголіць ды рыкаць. У нейкай ступені гэта абмяжоўвае спектр успрымання, бо пад уздзеяннем аяўаскі рацыянальныя развагі губляюць усялякі сэнс, але, з іншага боку, ты зверам апускаешся на дно неўтаймаванай дзікай прыроды, дзе перад табой расхінаецца таямнічае падзямелле свядомасці. Праз шэсць гадзін трыпу мозг вынырвае ў рэальнасць, а цела адчувае лёгкую стомленасць. Прывітанне! Ты ў звычайным жыцці.
Штодня тысячы людзей па ўсёй Паўднёвай Амерыцы ўжываюць аяўаску ў пошуках адказаў на няўрымслівыя пытанні, што бюцца ўнутры двухногіх чалавечых клетак. Шмат каго падарожжа да вытокаў быцця мяняе назаўжды.
Раптам я пачынаю змяншацца і падаць унутр сябе. Маё цела ўсё хутчэй і хутчэй сціскаецца да памеру пясчынкі. Я раблюся бясконца малым, але пры гэтым адчуваю ўнутры сябе неверагодную сілу, быццам уся жыццёвая энергія сабралася ў маёй мікраскапічнай істоце. Гук паступова знікае, і я застаюся ў ліпкай цеплыні сам-насам з сабой. Здаецца, я перажываю момант свайго зачацця.
Праз некаторы час я пачынаю бачыць святло. Нейкія яркія абстрактныя формы, нібы мае зрэнкі набылі ўласцівасці калейдаскопа. Малюнкі пачынаюць захапляць мяне, становіцца вельмі весела. Я дзіця, што гуляе з формамі і колерамі, выкладае карцінкі ў такт маналітнаму гуку джунгляў. Цяпер гэты гук ужо не палохае, а наадварот закалыхвае і абараняе.
У гэты момант я трапляю ў пустэчу не страшную, але і не безабаронную у абсалютную пустэчу, у якой няма ні грама інтэнсіўнасці. Ні гуку, ні святла, ні паху. Ні жыцця, ні смерці. Нічога. Ні-чо-га.
Праз некаторы час я разумею, што вецер шамаціць па даху. Можа, нават капае дождж. Я азіраюся ў цемры. Шаман запальвае ліхтар і рыхтуе музычныя інструменты. Раптам перад ім зяўляецца дзіця, а сам шаман набывае біблейскае аблічча. Ён паказвае хлопчыку на штосьці, і той паслухмяна ківае. Я адварочваюся вакол абсалютна нічога не відаць, я блукаю позіркам па паўценях, пакуль зноў не натыкаюся на шамана. Ён глядзіць мне проста ў вочы. Я заплюшчваю іх.
Перада мной усплываюць слайды з дзяцінства. Бабулі і дзядулі, цёткі і дзядзькі. Сусед, які даўно памёр. Вёска, карова, лес. Старэйшая сястра дастае рыбу з сажалкі і ўсміхаецца. Маё сэрца бецца бойка, яно бецца ў рэбры, як поршань новага матора. Я дыхаю так, быццам акрамя паветра мне больш нічога не трэба.
Час паскараецца, я праношуся праз школьныя гады. Азвярэлыя настаўніцы малодшых класаў малоцяць у барабаны і махаюць чырвонымі сцягамі. Рыкаюць і напінаюць. Я хаваюся пад парту і зноў трапляю ў пустату.
Усімі птушынымі галасамі дрыжыць будзільнік. Я рашаюся на ўцёкі. Дрэвы пачынаюць расці проста ва ўніверсітэцкай аўдыторыі. Студэнты усе, ад яшчарак да дзікоў. Я падаю ў раку і чапляюся за бервяно, яны падаюць за мной, але тонуць у бурнай плыні. Я больш не трымаюся за дрэва рукамі. Бо я вада.
У маіх грудзях поўна сілы хоць пруты гні, хоць разгружай вагоны. Я дыхаю ўпэўнена, мне нічога не перашкаджае. Я брыду па джунглях і гарадах. Вакол дахалеры небяспечнага. І я не промах. Мне бывае страшна, але нож навостраны. Скокні на мяне з гушчару тыгр я сам учаплюся яму ў горла. Побач нясуцца ровары з кітайцамі, табуны мангольскіх авечак, басаногія мулаты з мачэтэ. Яны то ўсміхаюцца мне, то наровяць атакаваць. Аголеныя жанчыны з прыгожымі целамі запрашаюць да сябе ў хаціны, пяныя мужыкі з бяззубымі ўсмешкамі косяцца на мяне чырвонымі вачыма. Я прабіваюся ўсё глыбей і глыбей.
Час паскараецца. Урыўкі маёй дарогі ўсплываюць перад вачыма. Усё нясецца ваўчком, не паспяваю нават толкам разгледзець. Я быццам аднекуль зверху назіраю за гэтым калаўротам. Пачынаю стамляцца.
Я дыхаю роўна. Мне спакойна. Ува мне па-ранейшаму поўна сілы, якую я не марную папросту. Воля кажа, што яна цяжарная. Мы няньчым дзіцё, і здаецца, што новае жыццё становіцца маёй кропкай апоры. Усё ўнутры мяне перакручваецца. Я сам для сябе перастаю быць важным.
Заўважаю, што зрабілася цяжэй дыхаць. Гэта вельмі дзіўнае адчуванне, калі табе даводзіцца прыкладаць хай і невялікія, але намаганні, каб жыць. І яшчэ адно дзіўнае пачуццё, якога я раней ніколі
не заўважаў: зямля магніт. Яна прыцягвае мяне. Пакуль я з лёгкасцю магу гэтаму працівіцца, але адчуваю, што надыдзе час, калі супрацьстаянне зробіцца куды больш сурёзным. Малюнкі ўсё лятуць і лятуць перад вачыма. Кітайцы ўсё нясуцца.