Праз дзень мы ўжо рвём спынам да самага вялікага саланчаку на свеце. Аўтаспын у Балівіі дастаткова прыемны: машын мала, таму спыняюцца ўсе. Акрамя таго, спынам да патрэбнай кропкі ты дабярэшся гарантавана хутчэй, чым на аўтобусе, які высаджвае пасажыраў ля кожнага слупа. Мы нясёмся праз горную пустыню, якая так моцна нагадвае Манголію, што ў галаве ўсплываюць недарэчныя рэшткі мангольскай мовы: «Би бууз хүсч байна!» («Я хачу пельменяў!»).
У кузаве пікапа вельмі холадна, таму на хаду мы прафесійна ўхутваемся ў цёплую вопратку. Усю дарогу едзем паўз шахты. Кіроўца раз-пораз падбірае новых людзей.
Ва Уюні, гарадок на краі салёнай пустыні, мы ўязджаем у складзе атрада мясцовай дзетвары. Калі машына спыняецца, малыя бягуць расплачвацца за праезд. Мы разумеем, што калі цяпер дамо кіроўцу грошай, начаваць давядзецца пад зоркамі. Воля спрабуе растлумачыць яму, што мы вельмі бедныя грынгас, але нічога не выходзіць. Тады я прасоўваю мужыку сто беларускіх рублёў з тых, што важу ў гаманцы на сувеніры:
Гэта беларускія даляры! упэўнена кажу я.
Ого! Ніколі такіх не бачыў, кіроўца круціць купюру ў руках. А колькі гэта?
Ну-у, раблю выгляд, быццам прыкідваю ў галаве. Як пятнаццаць амерыканскіх. Прыкладна.
Няхай. Пойдзе.
Мы развітваемся з кіроўцам і бадзёра тупаем у горад. Высвятляецца, што Уюні складаецца ўсяго з трох вуліц і рабіць тут шчыра няма чаго. Мы селімся ў гатэлі-будоўлі за чатыры даляры за ноч. Ва ўстанове няма душа, затое ёсць стол, за які я сядаю дапісваць свой перуанскі тэкст. У перапынках паміж выкладаннем той ці іншай думкі я бегаю на вугал хаты па цёплы сакавіты бургер як ні дзіўна, бургеры тут самая папулярная і танная вулічная ежа.
Дзіра
Здаецца, я ўжо ведаю ўсё пра самыя танныя гатэлі свету. За дарогу мне ўдалося пажыць у сапраўдных дзірах.
Першае, што ты мусіш зрабіць на рэсэпшне гатэля, які табе параіў гандляр кампакт-дыскамі на рагу, гэта сказаць: «Мне патрэбны самы танны пакой!» Калі гаспадар назаве цану, ты павінен дадаць: «Пакой з адным ложкам, без тэлевізара і з прыбіральняй звонку». Цана хутчэй за ўсё ўпадзе.
Другое правіла засялення ў дзіру абавязкова асабіста агледзь пакой. Правер бялізну на свежасць. Зазірні пад ложак на
прадмет яшчэ не астылых гандонаў або галодных тараканаў. Знайдзі разетку і правер яе працаздольнасць. Акно павінна зачыняцца, інакш ноччу ты здохнеш ад маскітаў. Добра прынюхайся! Калі адчуваеш староннія пахі, магчыма, гэта мыш здохла ў тваёй падушцы. Не саромейся, спытай гаспадара пра Wi-Fi. Яго, вядома ж, няма, і гэта дасць табе шанец яшчэ трошкі збіць цану. І калі ты ўжо цалкам гатовы засяліцца ў гэтую ўбогую будку, папрасі даць табе мыла і туалетную паперу у талкане нічога падобнага ты, вядома ж, не знойдзеш. Забудзься на ручнік. Калі ён ляжыць на ложку, гэта не дзіра.
Мне складана апісаць сваё стаўленне да балівійцаў, але я востра адчуваю розніцу ў нашай сутнасці. Яны людзі пустыні, людзі гор, і ў іхнай лёгкай хадзе па бязмежных узгорках адгадваецца векавая натуральнасць. Яны быццам кіты займаюць сабой шмат месца і ўпэўнена, ва ўласным стройным рытме, працуюць хвастамі. Яны не баяцца нападу з засады, у пустыні няма каму і няма дзе хавацца. Тут бессэнсоўна будаваць агароджы бяры столькі зямлі, колькі табе трэба. А я хаджу па пустыні і не магу прысесці адпачыць, пакуль не заўважаю выратавальную кучу смецця, пакінутую турыстамі, хоць бы нейкае «каля».
Наступнай ноччу мы сядаем на цягнік, які адвозіць нас да аргентынскай мяжы. На пагрузцы багажу знаёмімся з парай пажылых канадцаў, якія на роварах прыехалі сюды з Куска. Ім абаім за пяцьдзясят, і яны ганяюць на сваіх чатырох колах па гарах інкаў. Гэтыя двое на секунду ўсяляюць у мяне надзею, таму што, шчыра кажучы, я пабойваюся, што да іхнага ўзросту мне зробіцца сумнавата. Старыя абвальваюцца на нас штормам апавяданняў пра сваю дарогу праз горныя перавалы. Мяне так разбівае іхны шчыры агонь, што я са сваім багажом нават не ведаю, пра што распавесці.
Раніцай прыбываем у памежны горад і селімся разам са старымі ў хостэл. Мне трэба тэрмінова выслаць матэрыялы ў рэдакцыю, але высвятляецца, што ў горадзе забастоўка мэр за чатыры гады так і не правёў сюды добрай пітной вады, таму крамы, тэлефоны ды інтэрнэт не працуюць. Да ўсяго іншага даведваемся, што ў мястэчку няма аргентынскай амбасады, таму доўга не разважаем і адразу стартуем у суседні населены пункт Тарыха, што ляжыць прыкладна за дзвесце кіламетраў на ўсход.
У наступныя пяць дзён мы намёртва увязнем у пасольскай бюракратыі. Мне давядзецца чарговы раз маляваць тону недарэчных дакументаў, каб даказаць уласную прыдатнасць. Я ўжо так набіў руку на фэйкавых выпісках з банкаў, няісных квітках на самалёты і ліпавых бронях гатэляў, што магу адкрыць уласны візавы аддзел.
Аднак нечакана з'яўляецца і станоўчая рэакцыя на нашае доўгае аселае жыццё ў Тарыха Воля праз паўгода абяцанняў атрымлівае пэйчэк за апошні месяц працы ў нью-ёркаўскай кавярні. Праз памылку менеджара чэку прыйшлося здзейсніць кругасветнае падарожжа з NY у Беларусь, затым у Маскву і толькі потым на нашу пластыкавую картку. Раптам на нас звальваюцца чатырыста баксаў, на якія мы ўжо даўным-даўно страцілі надзею.