Роман Свечников - Рома едзе. Кніга 2 стр 14.

Шрифт
Фон

Цяжка быць богам

Кожны сустрэчны малец тыкае ў нас пальцам і з ваяўнічай грымасай крычыць на ўсю вуліцу: «Гры-ы-ынгас!» Мясцовыя вытрэшчваюцца на нас, як ведзьмы на інквізітараў. Нават усмешка не дапамагае. Нешта намёртва стала клінам у мазгах тутэйшага насельніцтва. Ад гэтага наша паўтаратыднёвае падарожжа па горных вёсачках поўніцца сярэдневяковаю халоднаю злосцю.

Усё навокал нібы пад уздзеяннем нейкай асаблівай сацыяльнай радыяцыі. Мы бачым толькі доўгую горную грунтоўку і непрыветлівых брудных людзей, якія рэдкімі зубамі жуюць жылістае мяса. Яны хрумсцяць храсткамі і глядзяць на мяне з пагардаю. Яны лічаць мяне вінаватым у тым, што іхныя адзенне, твар і будучыня брудныя. Ім здаецца, што горад іхны засраны таму, што ў мяне белы твар. У іх для мяне на ўсё падвойная цана, але ад гэтага іхныя халупы не становяцца зграбнейшымі. Уся краіна суцэльная дэкарацыя да фільма «Цяжка быць богам».

Я не хачу бачыць гэтых людзей. Я абмінаю іх позіркам. Я раздражнёны да такой ступені, што гатовы даць па носе першаму сустрэчнаму, якога не задавальняе колер маёй скуры. Шкада, але нават ад удару пад дых ён не ўцяміць, што я на тым жа дне, што я прачнуся на гары і пайду сраць у кусты, а падатруся сурвэткай, якую ўзяў у крайняй забягалаўцы. Збольшага цяпер мы адрозніваемся толькі тым, што я прынамсі карыстаюся паперай.

Я не разумею, як можна ставіцца з павагай да чалавека, у якога прама на ўваходзе ў дом ужо тыдзень стыне велізарная куча сабачага гаўна. Як можна зразумець кіроўцу, што спыняецца пасярод вёскі, каб пасцаць на нечы плот, замест таго каб зрабіць гэта праз дзвесце метраў у лесе? Я двойчы ездзіў па мясцовых рэзервацыях на аўтобусах і з упэўненасцю кажу, што лепей буду плесціся пешшу пад праліўным дажджом, чым яшчэ раз залезу ў прапахлую мачой сталёвую скрынку на колах, з якой на поўнай гучнасці даносіцца здзеклівая песня пра «каразон».

Мы паглынаем ночы ў касцёлах, паліцэйскіх пастарунках і пажарных станцыях. Як толькі

нам выпадае магчымасць зашыцца ў зацішны куток, нямытыя ўжо тыдзень, стомленыя атракцыёнамі горных серпанцінаў, мы адразу хаваемся ад рэальнасці за кніжкамі, робім выгляд, быццам не заўважаем гэтага малога зябкага свету. Я злуюся на сябе за злосць на гэтых людзей, але нічога не магу з сабой зрабіць.

Праз дзесяць дзён бадзяння па горных дарогах мы раптоўна разумеем, што з такімі тэмпамі дабяромся да Куска толькі праз месяц. Насуперак жаданням даводзіцца вяртацца на Панамерыканскую шашу, што ідзе па ўзбярэжжы, і ехаць у Ліму. Рабіць гэтае кола вельмі не хочацца, але намотваць па сто кіламетраў на дзень больш няма сілы.

Ліма паўстае перад намі гіганцкай клаакай. Вялізны горад, патанулы ў смогу. Палова будынкаў пабудаваная з фанеры і кардону. Сталіца нагадвае адзін вялікі гараж, падлога ў якім па шчыкалатку залітая адпрацаваным алеем. Дзверы нашага аўтобуса расхінаюцца, і прама па курсе на тратуары ляжыць спарахнелы ад алкаголю мужык у балотцы ўласнай блявоціны. Едзем далей. Маршрут канчаецца каля нейкага гандлёвага цэнтра, і мы адразу хаваемся ўнутры будынка.

Як жа крута апынуцца сярод вітрын з кітайскімі шмоткамі! Падобна на тое, што мясцовыя людзі таксама ходзяць сюды, як на свята: усе назойліва прыадзетыя, часам нават расфуфыраныя, смакуюць марожка, прыцэньваюцца да новых тэлевізараў. Напэўна, калі будучы мэр вырашыць змяніць гэты горад да лепшага, яму прасцей будзе знесці ўсё нахер і пабудаваць нанова.

Мы выдатна разумеем, што выбрацца з Лімы аўтаспынам будзе немагчыма, таму трацім апошнія грошы на аўтобус да суседняга горада. Перу становіцца для нас сурёзным выпрабаваннем.

Па прыездзе ў Куска мы адразу ўладкоўваемся на працу ў хостэл. Гэта бадай што самая танная дзірка ў горадзе усяго два з паловаю даляры за ноч. Бясплатны начлег і абед мы аплачваем тым, што шэсць гадзін на дзень сустракаем пастаяльцаў і ціснем сокі для наведнікаў кафэ. Здавалася б, нічога складанага, калі б не перуанскі падыход да вядзення бізнесу.

Першае правіла кафэ Let's go Bananas! з дэвізам «Найлепшыя фрэшы ў горадзе»: ніколі не кладзі дастаткова садавіны ў сокавыціскалку, ці, як фармулююць яго мясцовыя, «мала садавіны шмат не бывае». І вось, замест таго каб радаваць наведнікаў смачнымі напоямі, мы цягам двух тыдняў у прамысловых маштабах робім вадзяністую жыжку з лёгкім, а-ля дэжавю, прысмакам садавіны. Другое правіла хостэла: вырубі ў будынку на паўдня ваду і звалі ўсё на гарадскія службы. Дзякуючы гэтаму важнаму правілу талканы ў хостэле паўдня даверху забітыя дзярмом, але «жыровачка» ў канцы месяца важыць на пару капеек менш, чым у канкурэнтаў. Ну і, вядома, трэцяе правіла: самае важнае ў кавярні гэта музыка, насраць на пастаяльцаў! Згодна з апошнім пункцікам бос здабыў на сметніку дзве важкія і афігіцельна рыпучыя калонкі, з якіх мы выціскаем максімум дні напралёт.

Словам, два тыдні ў Куска, самым турыстычным горадзе Перу, цяжка назваць вакацыямі ў Прастаквашыне. Мы так і не зездзілі на Мачу-Пікчу, бо квіткі туды каштуюць непамерна дорага. Мы не выправіліся на Інка-трэк з той жа прычыны. Калі шчыра, больш за ўсё цягам двух тыдняў нам хацелася хутчэй зваліць з гэтай памыйніцы. Але, перш як выпусціць нас за мяжу, Перу ўсё ж такі прынёс нам свае прабачэнні.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора