Роман Свечников - Рома едзе. Кніга 2 стр 13.

Шрифт
Фон

Другі паводле важнасці чалавек у Donkey Den менеджарка Шэрыл. Ёй за пяцьдзясят, яна маленькая, стройная і вельмі спрытная для сваіх гадоў. Я знаёмлюся з гэтай далікатнай на выгляд жанчынай у момант, калі яна ўсталёўвае дваццацілітровую баклагу з вадой на кухонны кулер. Наогул, Шэрыл клёвая цётка! За наступныя два месяцы мы з ёй моцна пасябруем і будзем часцяком абмяркоўваць плёткі з усяго ўзбярэжжа.

На радасць нам Эквадор перанаселены састарэлымі экспатамі з Канады, Штатаў і Еўропы. Берагавая лінія па большай частцы пад дышаль забітая пенсіянерамі з Паўночнай Амерыкі. Кожную нядзелю кафэ пры нашым гатэлі прымае больш за паўсотню старых, якія вырашылі кінуць усё чарцям на разарванне і пачаць новае жыццё на суседнім кантыненце.

Больш за ўсіх мне запомніўся Раві індыец з паходжання, які ўсё свядомае жыццё пражыў у Каліфорніі. Першыя гады ў Штатах малады эмігрант падзарабляў тым, што штурхаў на вуліцы кніжкі рэлігійнага зместу, але потым вывучыўся на хіміка і зрабіўся вядучым спецыялістам кампаніі Coca-Cola. Раві са смакам распавёў мне пра аднаго армяніна з Глэндэйла, які задурыў яму галаву просьбамі распрацаваць рэцэпты «Дзюшэсу», «Тархуну» і «Бураціна».

Наогул, дзіўна днямі назіраць за натоўпам старых, якія, нібы каралеўскія крэветкі, пад завязку запаўняюць сеці нашага гатэля. Шмат хто з іх прадаў усю маёмасць, пакінуў за плячыма большую частку жыцця і ўспамінаў ды з канцамі пераехаў у новую экзатычную краіну. Цяжка ўявіць сабе беларускую бабулю, якая возьме за шкірку свайго старога і пацягне яго на ціхаакіянскае ўзбярэжжа дажываць апошнія салодкія дзясяткі. Гэтыя ж пенсіянеры відавочна не згодныя з тым, што яны дажываюць кроў кіпіць у іхных жылах, кожны новы дзень поўніцца авантурамі ды інтрыжкамі.

Амерыканец Стыў, які нядаўна размяняў сёмы дзясятак, каламуціць з мясцовай дваццаціпяцігадовай трэнеркай па валейболе. Сівыя сужэнцы Лора і Дэйвід штодня прыязджаюць у кафэ з велізарным Canon'ам і трохсотміліметровымі лінзамі, каб паляваць праз абектывы на кітоў, што плешчуцца ў акіяне. Вось і былы хімік Раві ўзводзіць велізарны комплекс будынкаў, у якім хутка паселіцца новая партыя амерыканскіх ветэранаў жыцця.

За два месяцы валанцёрства ў гатэлі я запілю трывалыя сайты для Donkey Den і новага бізнесу Раві. Буду свідраваць дзіркі ў сценах, вешаць карціны, рамантаваць унітазы, мяняць маскітныя сеткі, лямпачкі і дзвярныя ручкі ды, вядома, фіксіць ноўты і мадэмы для ўсіх пенсіянераў узбярэжжа. Воля будзе працаваць афіцыянткай і як след прапампуе сваю іспанскую ў зносінах з эквадорскімі кухарамі. Штовечар перад захадам сонца мы будзем выводзіць зграю сабак на шпацыр па гарачым пяцікіламетровым пляжы.

Я моцна прывяжуся да гэтага месца, да людзей і асабліва да сабак.

Пяльмешкі

Гэтая прапанова выбівае мяне з каляіны. З аднаго боку, тупа кідаць кругасветку цяпер, калі за плячыма ўжо два гады вандроўнага пылу, а да фінішу

застаецца зусім нічога. З другога боку, я ўжо так укатаўся ў дарозе, што новыя краіны не прыносяць былога драйву, вочы заплюшчваюцца. Думка пра тое, што ўжо праз тыдзень я магу ўбачыць сваіх родных, падсаджвае мяне «на измену». Некалькі дзён я блукаю па беразе сам не свой. Рашэнне працягваць падарожжа даецца нялёгка.

Лупіць дождж. На вуліцы яшчэ цемрадзь. Я ляжу і гляджу ў столь. Усё ўнутры мяне дрыжыць. Я мог бы ўбачыць дарагіх мне людзей ужо заўтра, але ўбачу калі-небудзь, магчыма, праз год. Такое адчуванне, што ўсе яны існуюць толькі ў маёй галаве. Дом ужо перастаў мне сніцца я забыў, як ён выглядае. Хочацца завыць ваўком. Стрэлы дажджу малоцяць па шыферы. Столь ледзь бачная праз слёзы.

Наступае той дзень, калі Лінда з сябрамі зязджае па справах у горны гарадок Баннёс. Мы з Воляй напрошваемся ў заднік ейнага пікапа. Развітваемся назаўсёды з душэўнымі Шэрыл і Раві, ціснем лапы кожнаму сабаку. Гэты адрэзак жыцця таксама падышоў да канца. З гарачага ўзбярэжжа мы ляцім у халодныя горы.

Ужо ў Баннёс на рэсэпшне самага таннага гатэля ў горадзе мы знаёмімся з блатным рускім хлопцам Сярогам. Ён некалькі тыдняў падзарабляе тут швейцарам у начную змену. Як і большасць рускіх, Сярога нездарма асеў у Эквадоры ад выплаты падаткаў або крымінальнага тэрміну тут хаваюцца злачынцы з усёй галактыкі. Эквадор адна з шасці краін планеты, якая прымае пашпарт грамадзяніна свету як афіцыйнае пасведчанне асобы. Пашпарт гэты можна набыць у інтэрнэце за дзесяць хвілін і шэсць дзясяткаў баксаў. Сапраўднае імя называць не абавязкова.

За вуглом гатэля Сярога знаёміць нас з Галінай Іванаўнай, «сваёй жанчынай» з Мікалаева, якая гандлюе самаробнымі ўкраінскімі пяльмешкамі. Вось так нечакана, пасярод паўднёваамерыканскіх джунгляў, мы дакранаемся стомленымі языкамі да непаўторнага смаку родных краёў. Пасля гэтага на заробленыя ў Donkey Den грошы мы з Воляй арандуем квадрацыклы і нясёмся мясіць бруд па горных серпанцінах. Напэўна, упершыню за год мы дазваляем сабе проста так зліць грошы на забаўку.

Наступны дзень застае нас на шляху да перуанскай мяжы. Аўтаспын ідзе на рэдкасць удала, але на апошніх трыццаці кіламетрах мы трапляем у пастку дарога да мяжы перакрытая. Наперадзе рэлігійнае шэсце, мэта якога даставіць статую Найсвяцейшай Панны Марыі да мяжы з Перу. Гэтыя трыццаць кіламетраў мы вымушаныя плесціся пешшу ў хвасце бясконцай калоны пад рэлігійныя напевы з рупара.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора