І ўсё было
б добра, калі б у сярэдзіне двухтысячных Калумбія не атрымала неверагодных памераў куш на барацьбу з наркатрафікам. Штаты перакінулі ў краіну столькі зброі, колькі змаглі сабе дазволіць. Некалькі гадоў улады паспяхова ціснулі ФАРК. Здавалася, перамога ўжо блізкая, але ў адзін момант супрацьстаянне спынілася.
Такім чынам, сумнеўная арганізацыя існуе дагэтуль. Вядома, групоўка страціла былую ўладу, але какаін усё яшчэ прэ з паўднёвай часткі краіны, як з жэрла вулкана. Унутры самой Калумбіі дзяржорганы ўжо даўно не змагаюцца са спажыўцамі стафу турмы і без таго пад завязку забітыя наркаманамі. Існуе сакрэтная норма: калі ў тваёй кішэні знойдуць да грама рэчыва, цябе нават у пастарунак не забяруць. Дарэчы, парашок тут прадаецца літаральна на кожным рагу.
Сара ўладкоўвае нас у агульным пакоі, насупраць прыстаўкі Sony PlayStation. Як нішто іншае, гарачы душ пераўтварае валацугу ў чалавека. Мы гатуем духмяны абед спагеці з тушанай гароднінай. Пасля трох начэй у аэрапорце, пражытых дзякуючы чыпсам Lay's, талерка гарачай ежы падобная да эндарфіну ў чыстым выглядзе.
Наступныя пяць дзён мы будзем швэндацца па цэнтры горада. Багата велізарны гучны мегаполіс, і тут ёсць некалькі пацанскіх раёнаў, куды лепей не совацца нават удзень. Але ў астатнім гэта сапраўды ўтульнае месца, з вялікай колькасцю паркаў і веладарожак ды развітой сістэмай грамадскага транспарту. Тут проста прыемна быць, таму мы цэлымі днямі блукаем па брукаваных вулачках і асфальтаваных сцежках.
Неяк увечары мы выпадкова натыкаемся на літаратурнае кафэ недзе зусім у нетрах сталіцы. Там мы і асядаем на наступныя тры дні, каб скончыць тэкст пра Цэнтральную Амерыку. Наведнікі кафэ спрэс мясцовая інтэлігенцыя. Як бы пахабна гэта ні гучала, але я проста лаўлю кайф ад таго, што я ў атачэнні прыгожых адукаваных людзей. І падоўгу любуюся імі, седзячы пад прыкрыццем кутняга століка.
Праз некалькі дзён мы выпаўзаем на трасу ў бок эквадорскай мяжы. Напачатку аўтаспын даецца даволі лёгка, але чым далей мы рухаемся на поўдзень, тым складаней спыніць наступную машыну. Увечары нашая каманда намёртва заліпае ля паліцэйскага пастарунка непадалёк горада Калі. Транспарт увогуле не спыняецца. Палісмены кажуць, што мы можам прастаяць тут тыдзень шанцы спыніць машыну ў гэтым рэгіёне проста адсутнічаюць.
Вырашаем прайсціся да дома добрага чалавека, які падкінуў нас у гэты штыль. Дзверы адчыняе жанчына гадоў сарака, з целам, сабраным паводле калумбійскіх стандартаў. Яна адразу пагаджаецца прытуліць нас на ноч. Мы атрымліваем прасторны пакой з гарачым душам і шчодры паёк.
Наступнай раніцай, ступіўшы на трасу, мы спыняем першую ж машыну. Палісмены проста не вераць сваім вачам. Мы робім ім ручкай і зрываемся з месца ў кірунку мяжы.
Калумбія пакідае пасля сябе прыемныя ўспаміны.
На поўначы Эквадора большая частка насельніцтва мае індзейскі выгляд. Мужчыны носяць косы, гавораць размерана і спакойна. Мы едзем спынам да бліжэйшага горада, Сан-Габрыеля, і засяляемся ў гатэль усяго за чатыры даляры на дзень. Увогуле, з перасячэннем мяжы цэны на ўсе прадукты абвальваюцца амаль удвая. Бензін тут каштуе каля даляра за галон.
Спакойны ўклад мясцовага жыцця ўсыпляе нашу пільнасць, і калі ноччу мы выходзім у гарадок, каб ляснуць па кубачку гарачай кавы, то ледзьве не нарываемся на бойку з бухімі малойчыкамі.
Дарэчы, кожны лацінаамерыканскі горад з надыходам змроку пераўтвараецца ў небяспечную клааку, якая кішыць усялякай нечысцю. Сонца хаваецца за гару, і вуліцы адразу напаўняюцца оркамі і ваўкалакамі. Мы хутка шлёпаем ножкамі па дварах і падваротнях падалей ад непрыемнасцяў і прасочваемся ў гатэль літаральна пад носам у банды бамбізаў, якія для разагрэву бюць бутэлькі ля ўваходных дзвярэй нашага прытулку.
Вось так, крок за крокам, горад за горадам, мы дабіраемся да сталіцы Эквадора, мегаполіса Кіта. У першага ж басаногага гітарыста, што трапляецца нам на вочы, даведваемся, дзе ў горадзе можна танна заначаваць. Вядома ж, гэта падпольны хостэл Casa de malabaristas («Дом жанглёраў»), прыстанак для загартаваных
валацуг усіх масцяў. Пад уражаннем ад убачанага ў хостэле я, не разважаючы, купляю сабе камплект булаваў для жанглявання.
Горад Кіта нельга назваць спакойным месцейкам. Праз два блокі ад цэнтра пачынаюцца сапраўдныя трушчобы, і гэта значыць, што нарвацца на лязо тут можна нават удзень. Асаблівага жадання доўга затрымлівацца ў гэтым бандыцкім раі няма. На сайце пошуку валанцёрскіх праектаў мы атрымліваем запрашэнне на працу ў хостэле на ціхаакіянскім узбярэжжы і ўжо праз пару дзён гнём спіны ва ўстанове пад назвай Donkey Den.
Гэта невялікі гатэль-хостэл за дваццаць кіламетраў ад горада Манта. Уладальніца бізнесу сямідзесяцігадовая амерыканская бабка па імені Лінда. Нас адразу ж запэўніваюць у тым, што Лінда толькі на першы погляд здаецца божым дзьмухаўцом. Насамрэч у дамскай сумачцы яна пастаянна носіць стары масіўны пісталет па мянушцы Молі. З яго старая нядаўна ледзь не заваліла аднаго рускага, які па пяні спрабаваў забіць ейнага сабаку.
Важна адзначыць, што на тэрыторыі гатэля жывуць ажно чатыры сабакі і адзінаццаць катоў. Наогул, Лінда больш любіць катоў, таму, калі на ўчастку суседняга гатэля быў знойдзены трупік адной з жывёлін, гаспадыня ледзь не перамачыла з Молі ўвесь персанал канкурэнтаў. Карацей, нягледзячы на сталы ўзрост, Лінда, як кажуць, не дае пораху папсавацца ад вільгаці.