Роман Свечников - Рома едзе. Кніга 1 стр 9.

Шрифт
Фон

Нэдзе дваццаць чатыры, яна скончыла ўнівер па спецыяльнасці «менеджмент» і марыць зваліць з гэтай краіны. Мы вырашаем ехаць да яе на хату. Яна тэлефануе яшчэ адной сваёй сястры Самір і просіць забраць нас на машыне. Самір дваццаць восем, яна выкладае англійскую. Дзяўчына толькі атрымала правы, таму, газуючы па трасе, мы выкарыстоўваем толькі першыя дзве перадачы.

Калі мы нарэшце дабіраемся да дома, я ўпершыню сутыкаюся з галоўным правілам майго знаходжання ў Іране мне давядзецца быць невідзімкай. Ніхто не павінен бачыць, як я ўваходжу ў хату і выходжу з яе. Мы сядзім у машыне пару хвілін і чакаем, пакуль сусед прыпаркуе сваю калымагу і знікне. Па камандзе я выходжу з аўто, дастаю заплечнік і хуткім крокам рухаюся ў бок дзвярэй. Дзяўчаты тлумачаць, што нельга, каб нас бачылі побач, бо незамужнія хлопец і дзяўчына не могуць праводзіць час разам. Ты ніколі не ведаеш, хто настучыць на цябе ў паліцыю, якой, дарэчы, тут мноства відаў: ад «шасцёрак», якія прыглядаюць за мінакамі, да спецыяльных сакрэтных падраздзяленняў.

Дзяўчаты ўваходзяць у дом трохі пазней і перш за ўсё завешваюць усе вокны. Дом адзінае месца, дзе жанчына не абавязаная насіць чадру. Гэта адзінае месца, дзе ты адчуваеш сябе вольна, але ўсё роўна намагаешся размаўляць не надта гучна, каб не пачулі суседзі. За абедам дзяўчаткі распавядаюць мне пра тое, як яны ставяцца да ўрада, веры і рэлігійных правілаў я назваў бы гэта святой нянавісцю.

На спіне сляды ад удараў бізуном

Нэда і Самір прапаноўваюць мне застацца ў іх на пару дзён, пакуль бацькі ў вёсцы. Увечары, калі тэмпература падае да трыццатніка, мы выбіраемся ў горад. У Тэгеране жывуць каля дзесяці мільёнаў чалавек. Тут ёсць усё, што характэрна для мегаполіса: шматузроўневыя дарожныя развязкі на дванаццаць палос, хмарачосы, вялікія рэкламныя плакаты і маленькія людзі, якія сноўдаюць туды-сюды. На кожнай сцяне вісіць дзяржпрапаганда: партрэты будаўнікоў паслярэвалюцыйнага мусульманскага раю, выявы шахідаў, якія загінулі ў вайне з Іракам, і сцягі памерам са святочны калаж на фасадзе менскага педунівера. Дзяржава не пагарджае нават стрыт-артам паўсюль на сценах цытаты з Карану, выказванні рэлігійных лідараў, замалёўкі гераічных момантаў гібелі іранскіх салдатаў.

Мы дабіраемся да арт-зоны, якая месціцца недзе ў цэнтры сталіцы. У парку расстаўленыя сучасныя скульптуры, пасярэдзіне

музей мастацтва. На першым паверсе будынка месціцца магазін хэндмэйд-тавараў вельмі нагадвае менскую галерэю «Ў». Цяпер у Іране Рамадан мусульманскае свята даўжынёй у месяц, таму ўсе выставы прысвечаныя выключна рэлігіі.

Праз пару дзён мне ўжо трэба зязджаць ад дзяўчат, бо хутка вяртаюцца іх бацькі. Я прашу вывезці мяне ў самы бедны раён Тэгерана.

Не паспяваю я выйсці з машыны, як да мяне падязджае хлопец на матацыкле. Ён зусім не гаворыць па-англійску і толькі жэстамі запрашае мяне заняць месца на сваім байку. Я сядаю, і мы ляцім кудысьці па вузкіх і брудных вуліцах. Яго завуць Сірыўс, і яму дваццаць чатыры. На яго шыі вытатуяваны крыж, а на спіне сляды ад удараў бізуном вельмі папулярнае ў Іране пакаранне. Кажуць, што пасля такой працэдуры ты не можаш ляжаць на спіне некалькі месяцаў. У нас у «Амерыканцы» амаль тыя ж метады.

Тым часам мы паднімаемся ў горы. Паабапал дарогі, калі гэта можна назваць дарогай, стаяць афганскія хаціны. Афганцы ў Тэгеране, як узбекі ў Маскве, галоўная працоўная сіла на будоўлях. Іх тут не паважаюць, баяцца ды імкнуцца абыходзіць бокам. Сірыўс спыняе свой матацыкл каля ракі, мы злазім, каб памыцца. Пакуль я адмываюся ад пылу, мой новы сябар збягае некуды ў цясніну і прыцягвае аграменную дыню. Нажа ў нас няма, таму Сірыўс разбівае яе аб камень і дае мне палову. Дыні тут не жоўтыя, як у нас, а зялёныя. І па смаку трохі не дацягваюць да айчынных.

Пасля прагулкі ў горы мы спускаемся назад. Сірыўс вязе мяне да сябе ў госці. У ягоным пакоі дзве адметныя рэчы: плакат Брытні Спірс, якім ён вельмі ганарыцца, і Sony PlayStation. Мяне кормяць да адвалу і разгромліваюць у футбол на прыстаўцы. Раблю выгляд, што мне хтосьці тэлефануе і прапаноўвае сустрэцца. Сірыўс разумее, што мне трэба ісці, заводзіць свой матацыкл і адвозіць да бліжэйшай аўтобуснай станцыі. Ехаць кудысьці мне зусім не хочацца, і я вырашаю падняцца ў парк, які віднеецца дзесьці наверсе на схіле гары.

У парку традыцыйна шмат людзей, якія гуляюць у пінг-понг, бадмінтон і валейбол. Наогул, спартыўныя гульні тут галоўная забаўка. Мабыць, таму, што піва не прадаюць у кожным шапіку яно тут увогуле забароненае, як і любыя іншыя спіртныя напоі. Акрамя безалкагольнага, якое, вядома, тут люта папулярнае.

Я кідаю свой заплечнік і сядаю ў цень пад дрэвам. Лысы мужык сярэдняга целаскладу цікавіцца, ці не патрэбная мне дапамога так я знаёмлюся з Амінам. Яму дваццаць дзевяць, ён гей, займаецца продажам камянёў, ненавідзіць цыгарэты. Ён пакідае мне свой нумар тэлефона:

Калі будуць нейкія траблы, адразу тэлефануй. У цябе ёсць месца дзе жыць?

Спадзяюся, што так.

Калі не знойдзеш тэлефануй мне. Я жыву адзін, у мяне ёсць для цябе ложак.

Я не вельмі давяраю такім запрашэнням ад людзей, якія аддаюць перавагу аднаполым адносінам, бо неяк меў непрыемны вопыт у Кітаі, калі ноччу мой хостэр знянацку пачаў да мяне падкочваць. Але Аміну я чамусьці давяраю і кажу, што пазваню яму, калі сябры не змогуць знайсці для мяне іншага месца.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

БЛАТНОЙ
18.3К 188

Популярные книги автора