Раніцай забягаю ў краму, бяру халодную каву і прашу прадавачку даць патэлефанаваць мой сябар прыслаў тэлефон сваёй бабулі, якая жыве ў гэтым горадзе:
Добры дзень, Нора?
Добры дзень, сынок. Так-так.
Я сябар вашага ўнука. Ён даў мне ваш нумар.
Я ведаю-ведаю. Ты дзе цяпер?
Я каля паліцэйскага пастарунка дзесьці ў цэнтры.
Чакай, нікуды не сыходзь, зараз за табой прыедзе таксі.
У Норы вялікая хата і ўласная крама на першым паверсе. Мы сядаем на тэрасе піць гарбату, адсюль відаць увесь Сцепанакерт. Мы гутарым некалькі гадзін. Яна распавядае мне пра тое, як уцякла з Азербайджана, калі пачалася вайна, пра тое, як бамбілі Карабах, пра свайго сына, які вызваляў Шушу, і як яна стаяла са свечкай ля акна ўсю ноч і глядзела ў тым кірунку, дзе праходзіла спецаперацыя. Распавядае пра адзіны танк, які быў у іх войску і быў падбіты, так і не паспеўшы стрэліць.
Тут яшчэ шмат слядоў вайны разбураныя бамбёжкай вёскі, зарослыя варонкі ад снарадаў, сляды ад кулямётных чэргаў на сценах, людзі без ног, вачэй, рук. Я ўпершыню ўрубаюся ва ўсё гэта. Некалькі дзён я блукаю па ўскраінах горада, каб адчуць пасляваенны правінцыйны дух.
Я заходжу ў кафэ, каб падесці. У мяне зусім мала грошай, я заказваю самую танную ежу. Афіцыянт, хлопчык гадоў пятнаццаці, бачыць, што я на мелі:
Што вы хочаце яшчэ?
Дзякуй, больш нічога.
Наступныя паўтары гадзіны, пакуль я буду зараджаць свой ноўт, ён будзе цягаць мне з кухні ўсялякія нішцякі. Я выбягаю на вуліцу, бо ўжо цямнее, і мне трэба вяртацца дадому, і раптам побач спыняецца таксіст, які падвозіў мяне пару дзён таму:
Добры дзень, сядайце!
Прабачце, але ў мяне няма грошай.
Мне па дарозе, сядайце.
Дабрыня і спагадлівасць гэтых людзей, іх сумленнасць і прастата не пакідаюць мне шанцу я люблю карабахцаў. Наперадзе яшчэ дзень у Шушы, дзе я палажу па закінутых мячэцях. Цікава, што ў Карабаху захавалася мноства мячэцяў, якія стаяць дагэтуль і ніхто іх не чапае, а азербайджанцы, кажуць, разбурылі ўсе цэрквы, да якіх толькі дацягнуліся рукі.
І вось я ўжо прабіраюся да мяжы з Іранам. Да памежнага перахода вядзе неверагодна прыгожая дарога праз горныя перавалы. Да ночы я дабіраюся да мяжы. За плячыма засталася Арменія. Я так і не змог яе палюбіць. Я не змог прыняць нянавісці гэтага народа да сваіх суседзяў, іх культу сямі ды рэлігіі. Напэўна, варта вярнуцца сюды пазней
Глава 3 Рома ў Іране
Хто настучыць на цябе ў паліцыю?
Але памежнікаў дакументы не надта ўражваюць, іх больш цікавіць выступ іранскай зборнай па цяжкай атлетыцы на Алімпійскіх гульнях. Адным вокам яны скануюць мае пашпарты і ляпаюць штамп на старонку для «іншых адзнак». Потым задаюць мне пару правакацыйных пытанняў наконт майго сямейнага становішча, і нарэшце поспех я ў Ісламскай Рэспубліцы Іран!
Рухаюся па звілістай дарозе ў густой цемры. Я адмыслова не ўключаю ліхтарыка. Недзе ўнізе ў цясніне шуміць рака, вакол ледзь бачныя сілуэты гораў. Я танцую пад музыку ў сваім плэеры, выкрыкваючы словы, якія паспяваю ўлавіць. Мне падабаецца думаць пра тое, як я выглядаю збоку. Шкада, што няма каму зацаніць.
Мяне наганяе аўтобус. Я разоў пяць спрабаваў застопіць яго, пакуль быў у Арменіі, але кіроўца не мог спыніцца на серпанціне. Цяпер жа месца для прыпынку
дастаткова, і планы заначаваць дзе-небудзь у гарах абломваюцца я лячу ў Тэгеран. Ехаць каля чатырнаццаці гадзін. Як потым высвятляецца, мне вельмі шанцуе, бо ад мяжы няма прамой дарогі на Тэгеран, і каб дабрацца да сталіцы, мне давялося б памяняць машын дваццаць і забіць дзень, а можа і два. Але я пю смачную іранскую гарбату і еду на пярэднім сядзенні камфартабельнага аўтобуса.
Дарога займае ўсю ноч. Мы запраўляемся некалькі разоў. Усё вакол раздзірае мяне усё іншае. Я ніколі раней не быў у мусульманскай краіне аднапавярховыя хаткі пясчанага колеру, мячэці, жанчыны ў чорных чадрах, брудныя дзеці, рэлігійная музыка на вуліцах і партрэты лідара на кожнай сцяне.
Мне не стае словаў, каб апісаць гэты чужы свет, у які я ўрываюся.
Каля адзінаццатай гадзіны мы заязджаем у Тэгеран. Я выходжу з аўтобуса, следам выбягае добры кіроўца і даганяе мяне са словамі, да якіх я не прывык:
Money, money!
Which money?
Money, money!
Яшчэ некаторы час ён спрабуе выбіць з мяне грошы, але я разварочваюся і іду падалей ад аўтобуса. Прабіваюся праз натоўп, які выбухае звыклым азіяцкім лозунгам: «Mister, taxi!» Трэба тэрмінова схавацца ў горадзе. Я вельмі рэдка выкарыстоўваю карту проста рухаюся па сваім унутраным компасе. У краме з усялякай электронікай купляю мясцовую сімку і ўрэшце выходжу ў інтэрнэт.
Высвятляецца, што ў Іране заблакаваная большасць сайтаў, нават «Наша Ніва» не адкрываецца. Думаю, не варта тлумачыць пра «ВКонтакте», «Фэйсбук», «Твітэр» і «Ют'юб». Пры спробе злучэння з забароненым сайтам ты аўтаматычна перанакіроўваешся на старонку з рэлігійным кантэнтам. Цікава, якая ў яе наведвальнасць?
Вядома, іранцы таксама ўмеюць карыстацца проксі, ssl-тунэлямі і тор-браўзэрамі. Парушыўшы закон, я прабіраюся на «Фэйсбук». Самае іранка на ровары, з якой я пазнаёміўся ў Батумі, дасылае мне тэлефон сваёй сястры. Сястру клічуць Нэда, я тэлефаную ёй і дамаўляюся сустрэцца. У мяне заўсёды ўзнікаюць праблемы, калі я размаўляю на англійскай па тэлефоне. Іншая праблема я не маю ўяўлення, дзе я знаходжуся: усе назвы вуліц напісаныя на фарсі без транслітарацыі. Каб растлумачыць, дзе мяне шукаць, я проста спыняю першага іранца, які трапляе пад руку, і даю яму тэлефон. Мінак тлумачыць Нэдзе маё месцазнаходжанне, і яна абяцае падскочыць на працягу гадзіны.