Вітаем вас, вольны народ Сваргі! і ўсе ізноў радасна зашумелі. Мы вельмі ўсцешаныя і ўдзячныя такому неспадзяванаму і гарачаму прыёму.
Вы нашы героі! Слава рыцару Янку і каралеўне Мілане! раздалося ў адказ.
Дзякуем вам! Але для нас сапраўдныя героі гэта вы. Гэта вы насамрэч здабылі сабе волю. Гэта вы прагналі ворага са сваёй зямлі і перамаглі яго. Мы ж толькі далучыліся да вас, натхнёныя вашым гераізмам і прагай жыць вольнымі.
А наша каралеўства вы вызваліце? нечакана пачуўся жаночы голас.
Янка ўтаропіўся і разгледзеў у натоўпе на плошчы жанчыну з дзіцём на руках.
Падобна, што гэта адна з бежанак з каралеўства Вагорыя, ціха растлумачыў яму кароль Мацей. Пасля гэтай бяды, што здарылася з імі, мы многім далі прытулак на нашых землях.
Янка акінуў вокам люд. Нават хуткага позірку хапіла, каб разгледзець, што сярод тых, што сабраліся, адрознівалася невялікая частка. І нават не па адзежы. Па вачах, у якіх чытаўся страх ад таго, што давялося перажыць, і адчай ад невядомасці, што чакае наперадзе. З большага, гэта былі жанчыны з дзецьмі. Мужчыны, напэўна, засталіся, каб берагчы хаты, а ў выпадку чаго узяцца за зброю і працягнуць барацьбу.
Што ж, скажу так калі мы сюды збіраліся, то намерваліся толькі праведаць старых знаёмых. Але зараз Як толькі мы даведаліся пра вашу бяду, зразумелі, што цяпер не ў стане папросту застацца ў баку. Так, мы вельмі жадаем вам дапамагчы і ўжо думаем, як гэта можна ажыццявіць.
Твар беднай жанчыны пры гэтым заззяў, а ў яе вачах бліснуў праменьчык надзеі. Яе мары вярнуцца дадому нарэшце падаліся магчымымі, як і спадзяванні іншых прысутных з падобным лёсам, што былі змушаныя апынуцца далёка ад родных і мілых сэрцу мясцін. У іх зявілася не проста надзея, да іх вярнулася жаданне жыць далей і будаваць планы на будучыню, сэнс самога жыцця.
Янка з Міланай выступілі яшчэ з невялікай прамовай да народу, але іх настолькі зачапіла пытанне няшчаснай жанчыны, вымушанай бегчы з дзіцём на руках з роднай хаты і прарабіць такі цяжкі шлях, каб тут апынуцца, што ўсе думкі былі занятыя толькі гэтым. У яе вачах чыталася столькі жалю, адчаю, мальбы. І яны літаральна заблішчэлі агнём веры і надзеі пасля запэўненняў пра дапамогу.
Кранутыя бядацкім лёсам бежанцаў, юнак і дзяўчына папрасілі караля Мацея зладзіць з імі сустрэчу, каб даведацца, чым можна дапамагчы, а можа, і каб атрымаць парады ці звесткі, як можна даць рады Маразанне.
Усё, што толькі папросіце, не раздумваючы пагадзіўся Мацей. Буду толькі рады вам дапамагчы, нават арганізую ім каралеўскі прыём у замку.
Кароль стрымаў сваё слова. Ужо гэтым жа днём у залі для баляванняў быў арганізаваны абед, на які былі запрошаныя з дзясятак бежанак з Вагорыі разам з дзецьмі. Кожная са сваім лёсам, але кожная з адной бядой на ўсіх. Каб сустрэча адбылася не занадта сумнай, запрасілі і рыцараў разам з вайскаводцамі і з іх семямі, каб госці адчувалі сябе жаданымі і дзеткі маглі паміж сабой пазнаёміцца ды пабавіцца.
Зявіўся і рыцар Рыгор, той самы, які ў свой час перамог на рыцарскім турніры. Ён прыйшоў не адзін, а са сваёй сямёй з маладой жонкай і сынам, гадоў васьмі на выгляд. Напэўна, вы ўжо здагадаліся, кім была абранніца мужнага ваяра. Так, тая самая прыгажуня, якой ён прысвяціў перамогу на турніры. І нават пад раскошнымі строямі можна было здагадацца, што яны чакаюць і яшчэ папаўнення.
Рыгор падышоў да Янкі з Міланай і прадставіў:
Хачу вас пазнаёміць са сваёй сямёй мая жонка, Паланэя. Спадзяюся, вы яе ведаеце.
Анягож! Каралева турніру! з захапленнем усклікнула Мілана. Як жа, добра памятаю! Вельмі шмат чула хвалебных прамоў пра вашу прыгажосць і незвычайную гісторыю абрання вас каралевай турніру. Я была ў вялікім захапленні, гэта ўсё было так цікава і так рамантычна. Вельмі шчаслівая, што нарэшце атрымалася з вамі пазнаёміцца. Чуткі не апынуліся перабольшаннем, вы і насамрэч вельмі прыгожая.
Узрушаная ад такіх кампліментаў сціплая па натуры Паланэя нават разгубілася і крыху пачырванела. Яна схілілася, наколькі гэта магчыма ў яе стане, у лёгкім рэверансе і ціха прамовіла, нават не падымаючы галавы:
Шчыра дзякую, Ваша Высокасць! Нават не ведаю, ці заслугоўваю я такой пахвалы, такіх слоў. Але мне вельмі прыемна чуць іх менавіта ад вас, ад той, на каго любая дзяўчына ў нашым каралеўстве прагне раўняцца.
Раўняцца? На мяне? тут ужо і сама Мілана разгубілася.
Вядома ж! падтрымаў сваю жонку Рыгор. Вы з братам для нас сапраўдныя героі і насамрэч узор для пераймання для нас. Не памылюся, калі нават скажу для ўсіх тут прысутных, і пры гэтым натоўп ухвальна заківаў галовамі, пагаджаючыся. Яскравы прыклад таму мой сын, мужчына паклаў свайму дзіцяці руку на плячо і падвёў яго да юнака і дзяўчыны. Мы назвалі яго Янка, у ваш гонар. Больш таго, калі наступнай народзіцца дачка, абавязкова назавём яе Міланай.
Але
Мы абое, разам з жонкай, так вырашылі.
Так, пацвердзіла жанчына. Гэта наша ўзаемнае жаданне.
Дзякуем, нам гэта вельмі прыемна. Папросту гэта ўсё так нечакана, збянтэжыліся Янка і Мілана. І гэтыя прывітанні з раніцы, і вашы словы.
Мы любім вас. Увесь народ любіць вас. Вы нашы сапраўдныя героі.
Пасля гэтых слоў усе прысутныя ўзняліся на воплескі.
Слава героям! загучалі гучныя воклічы, якія ўзносіліся пад столь і былі чуваць нават на замкавай плошчы.
Але ж юнакі толькі яшчэ больш засаромеліся, ад такіх высокіх пахвал ім рабілася няёмка. А з іншага боку, сам прыём іх вельмі ўсцешыў.
Мы ад усёй душы ўдзячныя вам за такія цёплыя словы і прывітанні! падзякавала Мілана. Хоць самі сябе і не адчуваем настолькі значнымі і важнымі. Але ўсё адно нам вельмі прыемна, праўда. Усё-ткі хацелася б вярнуцца да таго, дзеля чаго, уласна, мы зараз сабраліся. Я з вялікім болем у сэрцы паставілася да таго, што сёння пачула. Вельмі цяжка і страшна апынуцца на чужыне, бо ў тваім доме запанавала бяда. І, хоць мы ніколі не адчувалі гэтага на сабе, але мы таксама ведаем, што гэта такое, калі з-за таго, што вораг вынішчае зямлю, людзі вымушаныя пакідаць свае хаты цэлымі семямі. Пакідаць усё прыдбанае цяжкой працай, выкрэсліваючы цэлыя старонкі свайго жыцця, і не ведаць нават, ці вернешся калі назад, і ці яшчэ будзе куды вяртацца. Усё жывое мае вялікую любоў да таго месца, дзе нарадзілася і ўзгадаванае. І гэта вельмі страшна, калі цябе вымушаюць гэтае месца пакінуць. Страшна за сябе, за сваіх блізкіх, а найбольш за сваіх дзяцей.
Слухаючы дзяўчыну, у многіх жанчын на вачах праступілі слёзы, і кабеты мацней прытулілі да сябе сваіх малых. Цяжка нават уявіць, што яны зараз адчувалі, і якія думкі, успаміны іх зараз раздзіралі. А Мілана тым часам працягвала:
Таму ад сябе ўласна, дакладней ад нас з Янкам, мы хочам падзякаваць каралю Мацею і жыхарам каралеўства за тое, што яны прынялі уцекачоў, не адвярнуліся ад іх бяды, а падставілі сваё плячо і прапанавалі свой дах над галавой, ды запрасілі да свайго стала. Гэты высакародны ўчынак мы ад усёй душы ўхваляем і падтрымліваем.
Дапамагаць адно аднаму ў бядзе, выяўляць міласэрнасць тое, што адрознівае разумную істоту ад дзікага звера, мудра прамовіў у адказ Мацей. А што да стала, то час ужо запрасіць нашых гасцей да яго. Мы вельмі радыя такім цёплым і шчырым прамовам, але гасцей прымушаць чакаць не можам, усміхнуўся ён і паклікаў нарэшце прысутных рассаджвацца.
Дзетак пры гэтым пасадзілі асобна, у куце залы. А, каб ім не было сумна, паклікалі адмыслова для іх фокусніка і скамарохаў. Хаця, убачыўшы, чым накрытыя сталы, настрой маленькіх і без таго ўзняўся. Такіх ласункаў і прысмакаў, яны, бадай, і не бачылі, а калі і бачылі дзе на кірмашы, то наўрад ці каштавалі. Адны карамельныя ледзяшы разнастайных колераў чаго вартыя! Да таго ж, выпечка печыва, булачкі ды пірожныя з крэмамі неверагодных смакаў. Ды яшчэ салаты, экзатычныя гародніна і садавіна Ажно вочы паразбягаліся!