2000-годзьдзе хрысьціянства. Блёк сумеснага выпуску поштаў Беларусі, Ураіны і Расеі ў 2000
У кастрычніку 2017 года поштай Рэспублікі Беларусь быў выпушчаны марачны блёк у гонар 1025-годзьдзя Полацкай эпархіі, які заняў 6-е месца на сусьветным конкурсе марак у Аўстрыі, а яго ўрачыстая прэзэнтацыя адбылася ў Сафійскім саборы ў Полацку. Блёк уключае тры маркі, на якіх намаляваны тры праваслаўныя храмы Сафійскі сабор і Спаса-Перамяненская царква ў Полацку і Дабравешчанская царква ў Віцебску.
На полі блёку фрэскі з СпасаПерамяненскай або Спаса-Эўфрасіньнеўскай царквы ў Полацку, узьведзенай у XII стагодзьдзі. У ніжнім левым куце Апосталы. Дэталь кампазыцыі Уваход Гасподні ў Іерусалім. Уверсе Дэісус (Дээсіс або Дэізіс, Хрыстос у Велічы або Хрыстос Пантакратар на троне з кнігай і побач Дзева Марыя і Сьвяты Ян Хрысьціцель). Фрэска ў кельлі прападобнай Эўфрасіньні. Правы ніжні кут Сьвятая Эўхарыстыя, Прычашчэньне хлебам (дэталь).
1025-годзьдзе Полацкай эпархіі. Блёк, выпушчаны поштай Рэспублікі Беларусь у 2017
Для Спаса-Перамяненскай царквы свайго манастыру Эўфрасіньня заказала ў полацкага ювэліра Лазара Богшы Крыж-каўчэг. Крыж быў створаны ў 1161 і стаў ня толькі прыкладам высокага ювэлірнага мастацтва, але сымбалям Сьвятасьці і Дзяржаўнасьці старажытнай Беларусі.
Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Першая паштовая марка Незалежнай Рэспублікі Беларусь, выпушчаная ў абарачэньне 20 сакавіка 1992
АЛягічна, што, калі пачала працаваць пошта Незалежнай Беларусі, першай выдадзенай маркай стала марка з выявай Крыжа Эўфрасіньні Полацкай..
Крыж Эўфрасіньні Полацкай зьяўляецца Крыжом-каўчэгам, бо ў падпісаных гнёздах Крыжа знаходзяцца найкаштоўнейшыя хрысьціянскія рэліквіі: кавалачак Крыжа, на якім быў расьпяты Хрыстос, з кроплямі крыві Ісуса і драбок каменю ад дамавіны Божай Маці.
Падчас знаходжаньня нашай краіны пад Расейскай акупацыяй у 1941 годзе, калі ішла Другая Сьветавая вайна, савецкімі ўладамі быў дадзены загад вывезьці Крыж з Беларусі. У выніку Крыж бясьсьледна зьнік. Да гэтага часу пошукі Крыжа не далі плёну. У 1992 кіраўнікі краін СНД падпісалі пагадненьне аб вяртаньні гістарычных каштоўнасьцяў дзяржавам іх паходжаньня. Гэта абудзіла надзею. Але Расея не прызнала гэтага пагадненьня, а ў 1997 Дзярждума Расеі прыняла Закон аб рэстытуцыях, які адмаўляе вяртаньне ўкрадзеных каштоўнасьцяў іх уладальнікам. Таму ў 1992 па ініцыятыве Згуртаваньня Беларусаў Сьвету (ЗБС) «Бацькаўшчына» прымаецца рашэньне аднавіць Сьвятыню, стварыць матэрыяльны вобраз.
Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Наддрукоўка тэксту «адноўлены і асьвечаны ў верасьні 1997» і новага наміналу «3000» на марцы 1. У звароце з 8 сьнежная 1997
Крыж, узноўлены па вобразу і падабенству ўзьвіжальнага Крыжа Эўфрасіньні Полацкай мастаком ювэлірам Міколам Кузьмічом, 6 сьнежня 1997 хросным ходам быў унесены на спрадвечнае месца Сьвятыні-у Спасаўскі храм.
«Сьвятыні сыходзяць, калі мы становімся нявартымі іх, і вяртаюцца, калі Душы імкнуцца да навяртаньня, сьвятла і волі».
21 сакавіка 2011 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэньне два паштовыя блёкі і КПД «850-годзьдзе стварэньня Крыжа Эўфрасіньні Полацкай».
Уверсе блёку малюнак Эўфрасіньні Полацкай з Крыжам у правай руцэ і храмам Спаса у левай.
850-годдзьдзе стварэньня Крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2011
Беларускі блёк «850-годзьдзе стварэньня крыжа Эўфрасіньні Полацкай» увайшоў у лік дзесяці лепшых марак сьвету на штогадовым міжнародным конкурсе «Вялікі прыз выставы WIPA».
Калі 8 ліпеня 1993 у Менску ў будынку Тэатра опэры і балету пачаў сваю працу Першы зьезд Беларусаў сьвету, то Белпошта адгукнулася на гэту падзею выданьнем паштовай маркі з відарысам эмблемы зьезду з стылізаванай фігурай Эўфрасіньні Полацкай. Акрамя маркі з эмблемай зьезду быў выдадзены канвэрт і картмаксімум з адпаведным штэмпэлем.
Картмаксімум, прысьвечаны Першаму зьезду Беларусаў Сьвету, выдадзены поштай Беларусі ў 1993
Пра дзейнасьць Эўфрасіньні Полацкай, пра яе заслугі перад нашай нацыяй і ўзьдзеяньне на нашы душы лепш, чым напісана ў «Жыціі Эўфрасіньні Полацкай», сказаць нельга: «Была яна дапамогай пакрыўджаным, суцяшэньнем смуткуючым, распранутым адзеньнем, хворым наведаньнем ці, проста кажучы, для ўсіх была ўсім. Эўфрасіньня сэрца сваё паіла Божаю мудрасьцю. Эўфрасіньня незьвядальны квет райскага саду. Эўфрасіньня арол, што, лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду і да ўсходу, як промень сонечны, прасьвятліў зямлю Полацкую».
Полацкае княства ўваходзіць у склад Вялікага Княства Літоўскага (1307)
На пачатку XIII стагодзьдзя ў Полацку і Літвы зьявіўся агульны вораг крыжакі. Крыжакі заснавалі крэпасьць Рыгу (1201), чым перакрылі палачанам гандлёвы шлях да Скандынаўскіх краінаў. Адтуль пачалася экспансія крыжакоў у сфэру ўплыву Полацку. У 1208 крыжакі захапілі Кукенойс, у 1209 разрабавалі і спалілі Герцыке. Ніжняе Падзьвіньне перайшло да крыжакоў. У такіх умовах палачане ўсё часьцей выступалі супраць крыжакоў разам з літоўцамі. У 1262 Полацкае веча запрасіла на княжаньне Літоўскага князя Таўцівіла. Полацк уваходзіць у склад Вялікага Княства Літоўскага.
Вялікі Князь Літоўскі Віцень (12951316). Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 2023
Датай уваходжаньня лічыцца 1307 год, калі ў Полацку пачаў княжыць брат Віценя Воін.
P.S.
Ваенны паход унука Чынгісхана Батыя на захад пачаўся ў 1235. Русь у першай палове трынаццатага стагодзьдзя не ўяўляла такой ваеннай сілы, як у папярэднія стагодзьдзя. Падзел, зьдзейсьнены Яраславам Мудрым у 1054 годзе, прывёў да поўнага палітычнага распаду рускіх зямель. Адсутнасьць адзінства значна ўскладняла сутыкненьне з пагрозай, якую прадстаўлялі манголы. Прайшоўшыся па Русі, спустошыўшы найбуйнейшыя цэнтры, манголы скрупулёзна зьбіралі зьвесткі аб Заходняй Эўропе: пра эканамічнае, палітычнае, сацыяльнае становішча Эўропы таго часу. Да эўрапейцаў жа даходзілі толькі чуткі пра манголаў, якія распавядаліся бежанцамі.
Заваяваньні манголаў. Блёк пошты Беніну, выдадзены ў 2018
У 1241 манголы захапілі Польшчу, Вэнгрыю. Затым манголы ўварваліся ў землі Букавіны, Малдавіі і Румыніі. Улетку 1241 года Субудай распрацоўваў пляны ўварваньня ў Італію, Аўстрыю і Германію. У канцы сьнежня перадавыя атрады манголаў перайшлі Юлійскіе Альпы і накіраваліся ў Паўночную Італію, а разьведчыкі падышлі па Дунайскай раўніне да Вены.
Правадыром усіх галоўных ваенных заваявальных заходніх паходаў мангола татараў ва Усходнюю Эўропу быў унук заснавальніка Мангольскай імпэрыі Цемучына (Чынгісхана) хан Батый, заснавальнік велізарнай Залатой Арды, якая распасьціралася ад Іртышу да Дунаю са сталіцай у Сарай-Бату на ўсходнім беразе Волгі.
Хан Батый. Блёк пошты Манголіі, выдадзены ў 2013
Раптам з сталіцы Вялікай Мангольскай імпэрыі з далёкага Каракаруму да Бату-хана прыбыў ганец і прынёс вестку пра тое, што памёр сын і пераемнік Чынгісхана Угэдэй. Закон абвяшчаў, што пасьля сьмерці кіраўніка ўсе нашчадкі роду, дзе б яны ні знаходзіліся, павінны вярнуцца ў Манголію і прыняць удзел у выбарах новага хана. Так, у ваколіцах да сьмерці перапалоханых Вэнэцыі і Вены мангольскія тумены вымушаныя былі разгарнуцца і рушыць назад у Каракарум. Сьмерць Угедэя выратавала Эўропу. Ды перад сіламі манголаў першапачаткова была пастаўлена задача правесьці выведвальны паход (падобна паходу на Русь 1223), а канчатковае заваяваньне меркавалася ажыцьцявіць пазьней.