Не адмоўлюся.
Добра. Тады пакуль займайцеся сваімі справамі, а я зраблю.
Хлопча пайшоў прыводзіць сябе ў парадак, а Пугач узяўся за прыгатаванне. Умыўшыся, Янка выйшаў у гасцёўню і з прыемным здзіўленнем на твары стаў знерухомеўшы. Па пакоі разыходзіўся смачны карамельна-арэхавы водар. Ужо толькі ад яго на душы рабілася цёпла і светла.
М-м-м, чым так пахне?
Сядайце, зараз пакаштуеце.
Што гэта можа быць? перапытаў ён яшчэ раз, звярнуўшыся ўжо да Міланы, якая магла сачыць за дзеяннямі Пугача.
Дзяўчынка толькі пацепнула плячыма.
Напой акурат быў гатовы, запараны, і гаспадар наліў кубачак Янку, які прысеў за стол і чакаў сваёй порцыі.
Вам таксама, юная каралеўна? прапанаваў Пугач Мілане.
Так, хацелася б пачаставацца. Я хоць і бачыла, але так і не зразумела, што гэта.
Пугач на тое толькі ўсміхнуўся.
Калі ласка. Але я крыху здзіўлены, што вы такога не каштавалі, зрэшты, як і я вашай кавы.
Брат з сястрой адпілі па глыточку, смакуючы пітво.
Ну як? пацікавіўся гаспадар.
Але нешта ў гэтым ёсць, прызналася Мілана. Уласна карамельна-арэхавы смак з лёгкай гаркатой надае асаблівы прысмак.
Так, сапраўды, пагадзіўся Янка. Нават да какавы з малаком чымсьці падобна.
Какава? Хм, такога напою я таксама не каштаваў, дзівіўся і тут Пугач.
Яны пілі, атрымліваючы асалоду, і смачна закусвалі хрумсткім печывам, якое было вельмі дарэчы.
Дапіўшы, юнакі паставілі кубачкі на стол і падзякавалі гаспадару.
Дзякуем за пачастунак! прамовіла Мілана. Але ж, спадар Пугач, прызнайцеся, калі ласка, што гэта?
Так і не здагадаліся?
Папраўдзе, нават ніякіх думак не ўзнікае. Нешта непараўнальнае.
Хм, усміхнуўся птах, на самай справе ўсё вельмі проста. Гэта жалудовы напой.
Жалудовы напой? Як гэта? не маглі паверыць у такую прастату яны. Са звычайных жалудоў?!
Ну, не зусім, тут таксама ёсць свае тонкасці. І не любыя жалуды можна выкарыстоўваць.
Не падзеліцеся? пацікавілася Мілана, якая вельмі захацела даведацца рэцэпт. Калі ласка!
Чаму ж не? Можна. Па-першае, выбіраць трэба толькі спелыя, цвёрдыя, зелянявыя жалуды. Мяккія, хутчэй за ўсё, могуць быць папросту чарвівыя.
Зразумела.
Можаце назбіраць пасля першых замаразкаў вельмі добры час для іх. Калі пажадаеце пазбавіцца гаркоты вымачыце альбо паварыце іх з паўгадзіны, можаце болей. Але ж некаторыя менавіта іх гаркоту і шануюць. А потым раскладаеце іх на бляху і ў печ. Як прасохнуць, пачысціце ад шалупіння, яны падзеляцца на дзве палоўкі. Можна пакалоць і яшчэ драбней, каб яны хутчэй падсмажыліся. І зноўку іх смажце, але не ператрымайце. Дастаткова, каб яны пабурэлі і былі хрумсткія. М-м-м, у гэты час такі водар неверагодны стаіць!
Вы пакуль запарвалі напой, духмяна пахла на ўсё памяшканне, прымеціла дзяўчына. Уяўляю, што адбываецца, калі іх смажыш.
Так, нешта надзвычай прыемнае. Потым застаецца змалоць зярняткі на парашок, які можна варыць, на ваш густ. Яшчэ я дадаю змолатыя карані цыкорыя. А можна і парашок з падсмажанага ячменю, жыта ці аўса. Што каму даспадобы. Ну, і для прысмаку дадаю лыжачку мёду.
Дзякуй вялікі, спадар Пугач! падзякавала Мілана. Як-небудзь здзіўлю нашых бацькоў. Няхай таксама паспрабуюць здагадацца, што гэта, пажартавала яна.
Мяркую, ім таксама прыйдзецца да душы. Апроч таго, гэты ж напой яшчэ і карысны. Ён не толькі надае бадзёрасці, але і дапамагае пры нястраўнасці ды добры для сэрца.
О, гэта наагул файна.
Але ж мне цікава, ці падобны ён на вашу каву?
Ну, мы не вялікія знаўцы. Гэта больш напой для дарослых. Мы з гарачага пітва ўжываем гарбату ці какаву. Каву вельмі рэдка. Але ж адрозненне ёсць.
І?
На кожнае свае аматары, безумоўна, але нам спадабалася. Праўда.
Так, падтрымаў брат, вельмі незвычайна. Нешта ў гэтым дакладна ёсць.
Дзякуй, дзякуй! Вядома ж, усе стравы трэба рабіць з душой. Ну што ж, юны рыцар, звярнуўся Пугач да Янкі, ці не адмовіцеся цяпер паўнавартасна паснедаць?
Так, давайце, усміхнуўся хлопец.
Гаспадар гасціна накарміў юнакоў, пасля чаго даў ім пэўны час адпачыць пасля сняданку, а сам заняўся гаспадаркай. Хутка да яго далучыліся і Мілана з Янкам. Бо добра разумелі, што сёння будуць госці, якія прыбудуць здалёк. І трэба будзе іх сустрэць як мае быць.
Удзень завітаў першым рыцар Мікалай, паплечнік караля. Ён плячо ў плячо біўся разам з Мацеем. Даведаўшыся, што Янка з Міланай ізноў могуць тут апынуцца, вобцас панёсся, адкінуўшы ўсе справы. Ён і ўвайшоў амаль так жа хутка, як і нёсся сюды.
Янка, Мілана, гэта вы? Дарагія нашы, дайце ж я вас абдыму, кінуўся ім насустрач гарачы на справы рыцар.
І толькі выказаўшы свае гарачыя пачуцці, ён успомніў, хто перад ім, і выявіў адпаведную тактоўнасць і далікацтва.
Прашу прабачыць мяне, Ваша Вялікасць, укленчыў ён перад Міланай, апусціўшыся на калена.
Мы вельмі ўсцешаныя такой гарачай і ветлівай сустрэчай. Падыміцеся ж, прашу вас.
Як я магу, о каралеўна?!
Але Янка сам падышоў да яго і падняў за локці.
Шаноўны рыцар! Устаньце, я таксама вас прашу. Сваю адданасць вы пацвердзілі на справе. І не годна вам стаяць зараз на каленях. Мы яшчэ падчас нашых мінулых бітваў выказаліся, што сярод нас няма ні галоўных, ні падначаленых, ні старэйшых, ні малодшых. Мы ўсе роўныя адзін перад адным, бо плячо да пляча змагаліся з ворагам.
Рыцар кіўнуў галавой у знак згоды і падняўся. Выпрастаўшыся, ён прыклаў руку да сэрца і паважліва схіліў галаву.
Дзякую! Але ведайце, я і ўсе рыцары гатовыя верна і аддана служыць вам да скону.
Дзякуем, высакародны рыцар! паклаў Янка яму руку на плячо. Вашы жыцці спатрэбяцца і нам, і каралеўству.
Так, падтрымала Мілана, мы будзем радыя бачыць вас жывымі. І верым, што пасля ўсяго вашы рукі будуць трымаць не меч, а паслужаць у гаспадарцы дзеля сваёй сямі.
Спадзяюся і мару пра гэты час, прамовіў рыцар.
Ён ужо не за гарамі!
Як вы тут, то я ў гэта шчыра веру
Але ж зараз вы з дарогі, трэба падмацавацца, клапатліва прамовіла дзяўчына.
Так, скакаў да вас так, што ледзьве не загнаў каня.
Я паклапачуся пра яго, прапанавала Мілана.
Хадзем, я дам табе мех аўса, адгукнуўся Пугач.
О, вялікі дзякуй за клопат. Мой конь стаміўся яшчэ болей за свайго гаспадара.
Госця пасадзілі за стол, а Мілана ўзяла невялікі мех з аўсом і адправілася карміць стомленую жывёлу. Янка не хацеў заставацца ў баку і набраў вядро вады, каб каня з дарогі яшчэ і напаіць, што было не меней важна. Той, змучаны далёкай дарогай, выпіў яго амаль за раз.
Раптам пачуўся грукат капытоў. Хтосьці дастаткова хутка набліжаўся. Ад лесу падаўся бляск даспехаў. Было відаць, што яшчэ адзін рыцар скача да іх. Неўзабаве яны пазналі ў яго постаці старога знаёмага. Вершнік наблізіўся, прыпыняючы свайго скакуна, і саскочыў у якіх двух метрах ад іх. Спешыўшыся, ён апусціўся ва ўсіх сваіх латах на калена, не выпускаючы з рук павады. Вельмі кранальна было бачыць, што і конь таксама разам з ім укленчыў на пярэднюю нагу.
Не, не, не, адразу замахаў рукамі Янка. Ніякага кленчання, хопіць на сёння.
Высакародны рыцар, устаньце, папрасіла і Мілана, годзе вам.
Але ж як я яшчэ магу засведчыць вам сваю павагу?
Не час зараз адзін прад адным на калены кідацца, не дзеля таго мы разам столькі перажылі і біліся побач, выказаўся Янка.
І сапраўды, вы ўжо ўсё даказалі на справе, падтрымала Мілана. А астатняе не варта. Не такія мы ўжо значныя персоны.
Але
І ніякіх але, прамовіла Мілана. Гэта наша просьба.
Як скажаце, міласцівая каралеўна.
Праходзьце лепей да стала. Мусіць, стаміліся з дарогі.
Ёсць трошку, але не гэта галоўнае.
Праходзьце, праходзьце. Аб вашым кані мы паклапоцімся.
Гляджу, мяне ўжо нехта апярэдзіў? прамовіў рыцар, заўважыўшы, што яго скакун тут не адзін.
Так, толькі нядаўна прыехаў.
Гэта я бачу, выказаўся ён, падыходзячы бліжэй.
Рыцар пагладзіў каня па шыі і па корпусе, затым пацёр далоні і прамовіў: