Бахаревич Ольгерд Иванович - Тэатр шчасьлівых дзяцей стр 3.

Шрифт
Фон

«А пра што яны думаюць?» – не адчапляўся Анцік.

«Пра што захочуць, пра тое і думаюць, – раззлаваўся я. – Якая розьніца. Вырасьцеш, даведаешся».

«Ці спытаеш у Кабінетыча, – падтрымала мяне Юля. – Калі ён знойдзецца. Толькі наўрад ці ён захоча з табой размаўляць. Ты ж наймалодшы з нас, забыўся?»

Анцік зноў засоп. Мне раптам зрабілася яго шкада.

«Слухайце, – сказаў я. – Мне гэта не падабаецца. Мы так пасварымся хутка. І без усялякай прычыны. Такі дзень быў файны. І вось табе маеш. Вы заўважылі, як у нас настрой зьмяніўся? Усе нейкія злосныя зрабіліся…»

«Гэта таму што цёмна, – сказаў Анцік. – І есьці ўжо хочацца. Ты казаў, там на кухні семкі? Юля, ты такая сьмелая, можа, сходзіш хуценька?.. Туды і назад? А?»

«Давайце я бацькам патэлефаную, – вырашыў я. – Пацерпіш».

Мы выйшлі зь цёмнай спальні, я навобмацак знайшоў сярод падушак на канапе свой мабільны і набраў тату, але ён не адказваў. Тады я набраў маму, але і яна не падняла трубку. Напэўна, і праўда таньчаць там, на лецішчы. Уключылі музыку на ўсю катушку – вось і ня чуюць. Бацькі, называецца. Забаўляюцца сабе недзе за горадам, а пра сына і забыліся. Мой тэлефон, між іншым, амаль разрадзіўся, а электрычнасьці не было. Вось захочуць мне пазваніць, праверыць, як я тут маюся, ці жывы, ці дыхаю яшчэ, а ня змогуць. Можа, я тут у лужыне крыві даўно валяюся. Ці алергія пачалася. Хай тады свайму Кабінетавічу тэлефануюць. Таму самаму Кабінетавічу, які загадкава зьнік і ніхто ня ведае, дзе яго шукаць. Кінуў нас адных. А яшчэ дарослы чалавек. Раманіст. Ну окей. Хай тады бацькі кусаюць локці. Самі яго паклікалі. Я б і безь яго спакойна пераначаваў. Не маленькі.

Анцік і Юля, ледзь бачныя ў цемры, моўчкі сачылі за маімі спробамі дазваніцца. Я чуў, як яны напружана дыхаюць.

«Вам, мабыць, дахаты пара, – спахапіўся я, зірнуўшы на гадзіньнік свайго мабільнага. – Юль, твае бацькі, відаць, ужо хвалююцца. І твае, Анцік. Вас жа толькі да дзевяці адпусьцілі, а ўжо дзясятая гадзіна».

І зноў мой голас задрыжаў. Бо, шчыра кажучы, сёньня мне зусім не хацелася заставацца на ноч аднаму ў пустой і цёмнай кватэры. І нават калі б сьвятло ўключылі – хто захоча начаваць у адзіноце пасьля такіх дзіўных здарэньняў.

«Слухай, Лявон, – сказала Юля, нібы прачытаўшы мае думкі. – Я лічу, цябе нельга пакідаць тут аднаго. Зараз я сваім бацькам пазваню і скажу, што застануся ў цябе да раніцы».

Я з сумневам паглядзеў у той бок, дзе яна сядзела. Яе твару не было відаць, але я бачыў, як бялеюць у цемры зубы. Яна што, усьміхалася?

«Але бацькі цябе не адпусьцяць, я іх ведаю», – сказаў я і ўздыхнуў.

Рэч у тым, што Юліны бацькі верылі ў Бога. Божанька ўсё бачыць, расказала нам неяк Юля, і няясна было, яна сама так думае ці ёй трэба так думаць, каб бацькі на яе не сердавалі. Як гэта ўсё ж складана: жыць, верачы ў Бога. Калі ня можаш нікуды схавацца, нават на хвілінку. Вось мае бацькі, напрыклад, лічылі, што ў дзіцяці павінен быць свой пакой. А ў Юлі свайго пакоя не было. То бок ён быў, канечне, але які ж гэта свой пакой, калі з табой увесь час жыве Бог. Нібы старэйшы брат ці сястра. А яшчэ Бог чамусьці не любіў, калі Юля начавала ня дома. І хоць яна ніколі гэтага не рабіла, Бог усё роўна быў супраць.

Цікава, падумаў я: калі Бог і праўда існуе, ці бачыць ён у цемры? Што ён бачыць, калі ў кватэры выключаецца электрычнасьць? Ці бачыць ён нас? Я ўпотай пакалупаўся пальцам у носе, але Бог пакуль што прамаўчаў. Можа, не заўважыў проста. А можа, убачыў і запомніў. І паставіў птушку насупраць майго імя. Калі Юліных бацькоў паслухаць, неяк так ён і дзейнічае. Запамінае, хто чаго нарабіў – а потым бабах. У самы неспрыяльны момант.

«Я таксама пазваню і адпрашуся! – заявіў Анцік. – Тут такая таямніца, а я што, спаць мушу ісьці? Знайшлі дурнічку!»

«Ну, цябе ўжо дакладна не адпусьцяць, – сказаў я. – Цябе нават у лес з намі тады не адпусьцілі, памятаеш? Калі я руку зламаў».

«А, гэта калі Юлю міліцыя да ночы з сабакамі шукала? – сказаў Анцік. – Дык гэта яшчэ ў дзяцінстве было. Знайшоў што ўспомніць».

«Эх, цудоўны быў час, – сказала Юля. – Добра. Зараз я сваім пазваню. Штосьці прыдумаем».

Дзіва дзіўнае. Я б і не паверыў, калі б не сядзеў поруч. Юліны бацькі дазволілі ёй застацца ў мяне да раніцы! Юля і сама зьдзівілася, як лёгка яны пагадзіліся. «Такое адчуваньне было, што яны ўжо даўно сьпяць, – уздыхнула яна. – Нейкі сонны голас у таты… Нібы і не ягоны. А потым гэтыя людзі будуць казаць, што за мяне хвалююцца. Ага, як жа ж».

Вядома, яна ні слова не сказала сваім бацькам пра тое, што ў нашым доме няма сьвятла. Але хіба яна схлусіла? Не, пераконваў я сябе. Яна проста не сказала. А гэта зусім іншая рэч, чым схлусіць. Схлусіць – значыць сказаць няпраўду. А не сказаць няпраўду – значыць сказаць праўду. То бок Юля сказала ім праўду, што хоча застацца ў мяне пераначаваць, і не сказала ім няпраўду, што мяне пакінулі дома ў самоце, бо якая ж гэта самота, калі мяне пакінулі з Кабінетам Кабінетавічам. Натхнёны лягічнай хадой сваіх думак, я пакрысе супакоіўся і вырашыў узяць стырно ў свае рукі.

«Толькі не хлусі», – строга сказаў я Анціку перад тым, як ён сеў званіць.

«І не сапі ў трубку, – сказала Юля. – А то яны падумаюць, мы табе тут нож да горла прыставілі».

І вось мы селі бліжэй да Анціка і напружана сачылі, як ён набірае нумар.

«Усё добра, мам, – прасоп Анцік, прыціскаючы тэлефон да вуха. – Нармальна, ага. Паелі. Ага. Мам? А гэта праўда ты?»

Мы зьдзіўлена зірнулі на Анціка. Як можна пра такое пытацца ва ўласнай маці?

«А можна… – лісьліва сказаў Анцік. – Мам, а можна мне застацца ў Лявона? Да раніцы? Ура! Дабранач!»

Ён кінуў тэлефон на падушку.

«Гэтага проста ня можа быць», – сказаў я.

«Чаму?» – спытаў Анцік.

«Таму што я ведаю вашых бацькоў. Яны б ніколі не дазволілі вам начаваць у мяне. Нават калі б яны не былі супраць, сказалі б: паклічце спачатку да тэлефона кагосьці з дарослых».

«Але бачыш, Лявон, усё скончылася добра, – сказала Юля. – Мы з табой. Сьвятла няма, затое ёсьць загадка. Куды падзеўся Кабінет Кабінетавіч? Прапаную вярнуцца ў яго кабінет і ўсім разам добра падумаць!»

Па чарзе, стараючыся не азірацца, мы зноў прайшлі па цёмнай кватэры ў спальню маіх бацькоў. Ноўтбук на стале ўсё гэтак жа сьвяціўся ў змроку, а за акном гарэў ліхтар, але ён быў на іншым баку вуліцы, далёка ад нас. Далёка, як поўня, падумаў я. Хоць якая поўня ў такое надвор’е.

«Давайце адчынім акно, – сказаў я. – Гэта адзіны шлях, якім ён мог уцячы. Паглядзім, ці не засталося сьлядоў».

І хоць насамрэч сьмешна было ўяўляць Кабінетавіча, які лезе праз фортку, прасоўваючы ў такую вузкую адтуліну сваё даўгое цела, я ўзяўся за справу грунтоўна. Стаў на крэсла, дацягнуўся да верхняга шпінгалета, вольнай рукой адчыніў акно і вызірнуў вонкі, у дождж.

І тут мая сьвечка таксама згасла. Я палез па запалкі, але ў кішэні іх не было. Пэўне, згубіў на канапе, выпалі, ці што. Калі б не ноўтбук на стале, які асьвятляў твары Анціка і Юлі, і ня сьвечка ў Юліных руках, я б наогул ня бачыў, што адбываецца за маёй сьпінай, у маёй роднай кватэры. Дый перада мной была непраглядная ноч. Толькі самотны ліхтар у смузе – і ноч.

«Ну што там?» – хорам запыталіся Анцік і Юля.

«Нічога, – сказаў я. – Цемра».

На другім баку нашай вуліцы быў прыпынак, на якім спыняўся толькі адзін аўтобус, дый той хадзіў рэдка. Мала хто ім езьдзіў, бо маршрут у яго быў нейкі дзіўны. Тата шмат разоў казаў, што пара ўжо скасаваць такі непапулярны маршрут. На прыпынку цяпер не было нікога, і ходнік таксама быў пусты. Здавалася, з гораду ўсе сышлі кудысьці, а нас не папярэдзілі. Сышлі і распусьціліся ў тумане. Дарослыя, дзеці, жывёлы. Усе. Засталіся толькі мы трое, зачыненыя ў цёмнай кватэры, і гэты цьмяны ліхтар на вуліцы сярод дажджу.

Я зірнуў уніз, але не пабачыў нічога. Мы жылі на другім паверсе – і, стоячы на падваконьні, я ведаў, што там, у цёмнай прорве пада мной, чорная мокрая трава, засохлы кветнік і поўныя дажджавой вады місачкі для катоў, якіх карміла суседка зьнізу, ведаў, што там ляжаць недапалкі і сьмецьце, і што калі ісьці па вуліцы ўлева, дык прыйдзеш да крамы, а калі ўправа, дык да школы.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3