Анцік і Юля пакрысе замоўклі, кожны думаў пра нешта сваё. Дождж няспынна біў па гаўбцы, па падлозе папоўз холад, у нашым доме яшчэ не ўключылі ацяпленьне. Мы забраліся з нагамі на канапу. Дрэва за акном жаласьліва парыпвала гальлём – і я з тугой падумаў пра тое, што ў мамінага шэфа на дачы ёсьць камін і што яны сядзяць там проста цяпер, вялікая кампанія дарослых, з пухнатымі сабакамі, зь цёплымі пледамі, і ўсе п’юць віно, і ядуць печанае мяса, і можа, нават зьбіраюцца таньчыць. Калі бацькі сказалі, што мне нельга паехаць зь імі, я спачатку ўзрадаваўся, бо езьдзіць за горад з дарослымі такая нудота. А цяпер вось мне захацелася туды, да іх. Хай нават не зьвярталі б на мяне ўвагі, мне ўсё роўна, я б знайшоў чым заняцца. А ад алергіі ў мяне ёсьць лекі, іх жа для таго і прыдумалі. Чаму яны ня ўзялі мяне з сабой? Я нават ледзь не расплакаўся. Зірнуў на Анціка, потым на Юлю – не, на шчасьце, яны нічога не заўважылі.
«А давайце расказваць страшныя гісторыі, – сказаў Анцік. – Лявон, маеш чыпсы?»
«Якія ж страшныя гісторыі, калі чыпсы», – сказала Юля.
«А што?»
«Са страшнымі гісторыямі лепш за ўсё есьці сухарыкі», – патлумачыла Юля.
«Гэта яшчэ чаму?» – спытаў Анцік.
«Чыпсаў няма, – сказаў я. – І сухароў таксама. Ёсьць семкі».
«А давайце выцягнем Кабінетавіча зь яго нары. Выцягнем і паглядзім, што ён там піша, – прапанавала Юля. – Я пайду схаваюся ў кухні і закрычу дзікім голасам. Як быццам мяне на кавалкі рэжуць. Кабінетавіч выйдзе паглядзець, пабяжыць на крык, а вы хутка скінеце на флэшку ягоную пісаніну і…»
«Не, – цьвёрда сказаў я. – Лепш ужо семкі».
«Добра, тады давайце гуляць у…»
І тут ва ўсёй кватэры раптам згасла сьвятло.
«У-у-у», – працяжна і радасна прагулі Анцік і Юля. А ў мяне аж сэрца ёкнула. Праўду мама кажа: я празьмерна ўразьлівы. Мо й добра, што ў пакоі зрабілася цёмна, хоць вока выкалі. Бо ні Анцік, ні Юля ня бачылі, як я здрыгануўся, калі ўсе лямпы раптам патухлі. І рукі ў мяне таксама задрыжалі, і пад сэрцам недзе заныла.
«Пробкі выбіла, – сказаў я важным голасам, каб яны не падумалі абы-чаго. – Пайду паглядзець. Хто са мной?»
Я баяўся, што яны не захочуць і давядзецца ісьці самому. Але яны дружна саскочылі з канапы. Мы пайшлі ў калідор, я намацаў у замку ключ і мы выйшлі на лесьвічную пляцоўку. Там таксама было зусім цёмна – толькі месяц у акенцы над сьмецьцеправодам кідаў слабы водбліск на мутнае шкло. Недзе далёка грымнула навальніца. Увесь пад’езд быццам ператварыўся раптам у глыбокі і гулкі цёмны калодзеж, і недзе ўсярэдзіне стаялі мы, натыкаючыся адно на аднога, як сьляпыя. Мне нават падалося, што пад нагамі ў нас булькае. Хоць гэта проста з даху вада лілася па вадасьцёках.
«Не, гэта ня пробкі, – сказаў я. – Ва ўсім доме сьвятло вырубілася. Трэба сьвечкі запальваць».
Мы вярнуліся ў кватэру і ў густым змроку чарадой прайшлі на кухню. Я чуў, як у цемры гучна дыхаюць Анцік і Юля, і зразумеў, што ім таксама трохі вусьцішна. Адчыніўшы шафу на сьцяне, я пашукаў пальцамі па паліцы. Знайшоў сьвечкі, запалкі – і вось мы ўжо прабіраліся па калідоры, цікуючы за ўласнымі ценямі, што краліся ўздоўж сьценаў, як нейкія злавесныя манахі ў капюшонах.
«А як жа Кабінет Кабінетавіч?» – спытаў Анцік.
«І праўда, чаму ён не выходзіць?» – шапнуў я ўстрывожана, захінаючы далоняй агеньчык у маіх руках, каб ня згас.
«Можа, баіцца?» – сказаў Анцік.
«Ты што, ён жа дарослы, – сказала Юля. – У яго ноўтбук добра зараджаны, таму ён нічога і не заўважыў. Усё працуе, бедненькі. Давайце яго паклічам і скажам, што сьвятла няма».
Трымаючы перад сабой сьвечку, я ветліва пагрукаў у дзьверы бацькоўскай спальні. Але адтуль не пачулася ані гуку. Нібы Кабінет Кабінетавіч заснуў проста падчас працы.
«Адчыняй», – шапнула мне Юля. Трапяткое сьвятло сьвечкі скакала па яе твары.
«Неяк няёмка», – сказаў я.
«Тады я сама адчыню», – рашуча сказала Юля і прачыніла дзьверы. Яна выставіла наперад руку са сьвечкай і зазірнула ў пакой, а за ёй і мы прасунулі галовы. Я на хаду прыдумляў, што скажу Кабінету Кабінетавічу – што мы не хацелі, што гэта ня пробкі, а падстанцыя, што я ўжо ўсё праверыў, і што такое ў нас часам бывае. Буду паводзіцца, як дарослы. Няхай Кабінет зразумее, што мама казала пра мяне праўду.
На стале, побач з ложкам маіх бацькоў, ярка сьвяціўся экран ноўтбука. Крэсла стаяла на сваім звычным месцы. Праз адчыненую фортку тхнула сьвежым сырым паветрам. Шумеў дождж, і недзе паблізу ў цемры рыпела старое дрэва. За акном, на вуліцы, каля аўтобуснага прыпынку, гарэў адзінокі ліхтар.
Але ніякага Кабінета Кабінетавіча ў пакоі не было.
Разьдзел другі
«Ён што, праз фортку ўцёк?» – недаверліва сказала Юля.
Агаломшаныя, мы стаялі і азіраліся па баках.
«Я адразу падумаў, што ён няпросты дзядзечка», – сказаў Анцік.
«Просты, няпросты, але нельга ж так, – абурыўся я. – Дарослы чалавек, а паводзіцца, як дзіця. Дзе ён падзеўся?»
«Адзін Божанька ведае», – сказала Юля і чхнула, а потым выцерла пальцы аб покрыва на ложку. Думала, ніхто ня бачыць. Але мае вочы пачыналі ўжо паціху звыкацца зь цемрай, дый няяркае сьвятло ноўтбука дазваляла сёе-тое разглядзець. Напрыклад, раскладушку, якую бацькі паставілі каля сьцяны, а на ёй – бялізну і гару падушак. Пэўне, для Кабінетыча, калі той напрацуецца.
У бацькоўскай спальні я апошнім часам бываў рэдка, мне нельга было заходзіць сюды без дазволу. А цяпер, у цемры, гэты пакой наогул падаваўся мне нейкім незнаёмым. Я глядзеў на камоду ў куце і ня мог зразумець: яна тут заўсёды стаяла ці яны яе купілі, калі я ўжо вырас. Купілі і нічога мне не сказалі?
«Ну загадка!» – гучна сказаў Анцік, махнуўшы рукой, і ягоная сьвечка імгненна згасла. У пакоі адразу зрабілася яшчэ цямней – і мы неўпрыкмет прысунуліся бліжэй адно да аднога.
«Малайчына, – сказала Юля. – Хто ж дыхае на сьвечку ў такой цемнаце? Мог бы і памаўчаць, калі ня можаш сказаць штосьці разумнае».
Анцік гучна засоп, ён заўсёды так рабіў, калі пачуваўся пакрыўджаным і думаў, што б такога сказаць у адказ. Але цяпер нам было не да Анціка.
«Кабіне-етаві-іч!» – ціхенька паклікала Юля, узіраючыся ў цямрэчу калідора, і мы павярнуліся ўсьлед за ёй туды, але ніхто не адгукнуўся.
«Так ён цябе і пачуў», – помсьліва прамовіў Анцік.
І тут зусім блізка ад нас раптам нешта рыпнула. Нібы хтосьці хаваўся проста за адчыненымі дзьвярыма і толькі й чакаў, што мы яго паклічам. Мы скалануліся ад жаху. Нехта ззаду зьнянацку дакрануўся да маёй шыі – лёгка, халоднымі пальцамі… Я адчуў, як маё сэрца падскочыла, як мяч.
Фух. Фіранка. Вецер з адчыненай форткі ўзьняў яе край і кінуў у мой бок. Фіранка павольна апусьцілася, яе край зноў схаваўся за сталом, і я з палёгкай выдыхнуў.
«Там жа нікога няма, праўда? – сказаў Анцік, які стаяў побач са мной з заплюшчанымі вачыма. – Лявон, скажы, што мы адны ў кватэры!»
«Адны», – пачулі мы Юлін голас, і я вырашыў, што ня буду баяцца, што б ні здарылася. Усё ж я быў тут гаспадар. Хоць у хаце маёй было цяпер цёмна, як у труне.
«Зараз Кабінетавіч прыйдзе, і ўсё зробіцца добра. Падумаеш, у прыбіральню чалавек выйшаў на хвілінку», – сказала Юля, а сама ўзяла мяне за руку, каб не баяцца, і рука ў яе была ледзяная.
«Можа, ён выйшаў, калі мы пробкі правяраць хадзілі? – здагадаўся я. – Пайшоў нас шукаць. Зараз вернецца і…»
Мы ўсе разам павярнуліся да дзьвярэй, але ў кватэры цяпер была мёртвая цішыня. Нават супэрсучасная супэрбясшумная і супэрэканамічная лядоўня, якую нядаўна купілі бацькі, маўчала – хоць раней я чуў яе нават празь дзьве сьцяны. Зразумела чаму. Электрычнасьць жа вырубілася.
«А можа, ён затаіўся недзе і чакае? Гэты Кабінетавіч? Мы выйдзем, а ён як накінецца ў цемнаце?» – прашаптаў Анцік.
«Навошта гэта яму на нас кідацца?» – недаверліва спытала Юля.
«Ну, каб пажартаваць».
«Не, Кабінетавіч не такі чалавек, – сказаў я. – Ён жа раман піша. Адкуль яму ведаць, што такое жарты».
«Раман? – перапытаў Анцік. – А што гэта?»
«Ну, – сказаў я важна, хоць сам цьмяна сабе ўяўляў, што гэта такое. – Ну… Гэта такая вялікая кніга для дарослых. Вельмі тоўстая і сур’ёзная. Дзе апісваюцца розныя героі. І што яны думаюць».