Вишневский Януш Леон - Канец адзіноты стр 8.

Шрифт
Фон

Побач з талеркай, дзе ляжала маленькая яловая галінка, і кубкам з духмяным посным баршчом з «вушкамі», над якім падымалася пара, Надзя паставіла парцалянавую місу з варэнікамі, а сама села насупраць. Яны паглядзелі адно аднаму ў вочы, і Якуб убачыў, як твар і шыю дзяўчыны паволі залівае румянец.

– Мне падабаецца, калі ты ў гэтай блакітнай кашулі, дарэчы. Твае вочы тады робяцца яшчэ больш… – яна не дагаварыла і рэзка ўскочыла. – Не, пачакай! Спачатку аплатка. Ну Куба! Стой!

Яна падскочыла да пафарбаванай алейнай фарбай фісташкава-зялёнай шафкі, зняла з верхняй паліцы невялікую талерку, пашчэрбленую і ад старасці спярэшчаную плямкамі, падышла да Якуба і ціха сказала:

– Аплатка ж. Наша першая.

Ён ускочыў з крэсла і зашпіліў гузік на пінжаку. Надзя ўзяла яго руку, пацалавала, а потым паклала ў яе аплатку. Адхілілася, адставіла талерку і, трымаючы аплатку, сказала:

– Слухай, Куба, я ў гэтым не тое каб дасведчаная. Гавару шмат, але аратарка з мяне ніякая. Але зараз хачу сказаць менавіта прамову. Я доўга думала наконт прыдатнага моманту і прыйшла да высновы, што лепшага за сённяшні вечар не будзе.

Надзя змоўкла і зморшчыла лоб. Выгляд у яе быў такі, нібыта яна засяроджана збіраецца з думкамі.

– Я даўно, – нарэшце пачала дзяўчына, – не была на Раство з кімсьці блізкім. Мабыць, таму і забылася на тую аплатку, – з усмешкай дадала яна і тут жа зноў пасур’ёзнела. – Некалькі гадоў таму памерла мая бабуля, і, каб перажыць навагоднія святы, я ўцякала ад іх як мага далей. Не так ад адзіноты ўцякала, як ад успамінаў. Бо адна я заставалася з дзяцінства, таму прывыкла да адзіноты. Ты можаш падумаць, што гэта глупства, бо ўспаміны баляць усюды, няважна, дзе яны цябе захліснуць. Гэта праўда, але больш за ўсё мне балела тут. У гэтым доме. Бо менавіта тут са мной здарылася самае важнае, самае цудоўнае, але і самае жудаснае ў маім жыцці. Таму я пакавала валізу і ўцякала. Бо Раство вось тут было для мяне невыносным. Часам я ўцякала вельмі далёка – думала, што чым далей, тым цяжэй будзе ўспамінам мяне дагнаць. Але гэта не так працуе, гэта дурата выдуманая.

Яна змахнула са шчакі слязу і працягнула. Яе голас дрыжаў.

– Сёлета я дакладна ўцякла б куды-небудзь зноў, але з’явіўся ты. Як нейкі прыхадзень з іншага свету. Спачатку я баялася, што ты з цікаўнасці спыніўся на хвілінку і хутка знікнеш. Баялася, што перарасцеш мяне. Што адзначыш мяне птушачкай, як канікулы, што прайшлі. Але не. Ты не знікаў. Быў. Клапаціўся. Кідаўся да мяне на першы ж покліч. Мужчынская клапатлівасць мяне неймаверна расчульвае і абуджае цудоўныя ўспаміны. Ты быў пяшчотны. І цярплівы. Гэтая твая цярплівасць мне спачатку падабалася, але потым пачала даводзіць да шалу. Ты не спрабаваў узяць мяне за руку ў кіно, не кранаў плячом у тэатры, не накрываў маю далонь сваёю, калі мы пілі каву. Ты шалёна адрозніваўся ад усіх, што былі да цябе. І я раптам заўважыла, што, нягледзячы на гэта, ты – па-свойму нязграбна – паказваеш мне, што без мяне не можаш. Можа, тут мала рамантыкі, але менавіта гэтага жанчынам і трэба. Адчуваць, што без іх не могуць. Толькі брахухі і крывадушніцы скажуць, што не. Я гэта адчула, Якуб, – прашаптала яна. – Аднаго вечара адчула, што ты без мяне не можаш і што я хачу, каб ты клапаціўся пра мяне далей. Пыха? Эгаізм? За адзін вечар, ты падумай! А можа, гэта каханне – ну раптам?

Надзя замаўчала, апусціўшы галаву, нібыта саромеючыся таго, што сказала. Але неўзабаве зноў ускінулася і, гледзячы Якубу ў вочы, дадала:

– Гэта для цябе, мабыць, дзіўна, але ў мяне нікога блізкага няма на цэлым свеце. Акрамя цябе. Шчаслівых свят, Якуб.

Ён зусім не чакаў такіх слоў. Якуб памятае, што дакладна хацеў нешта сказаць. Хацеў сказаць, што сёння вельмі-вельмі чакаў яе. Што чакаў доўга-доўга і што тая яго цярплівасць была ад страху яе, Надзю, страціць. Што тады на прыпынку, калі яны вярталіся з тэатра, ён сказаў найпраўдзівейшую праўду. І, магчыма, ён можа жыць без яе, але ранкам, прачынаючыся, пра яе ён думае найперш. А потым зноў пра яе і зноў. І так цэлы дзень, пакуль не засне. І нават пасля таго як засне, бо часта яе сніць. Калі гэта сведчыць пра тое, што ён без яе не можа – то так, дакладна не можа.

Ён хацеў сказаць Надзі шмат чаго яшчэ, але яна не дазволіла, бо паднялася на дыбачкі і пачала яго цалаваць. Абхапіла ягоны твар далонямі і цалавала, часам прыкусваючы вусны і язык. Потым расшпіліла гузік на пінжаку і запусціла рукі пад Якубаву кашулю. Ён не адкрываў вачэй, адчуваючы, як яна дрыжыць; у галаве круцілася. Калі ён паспрабаваў вуснамі пацягнуць верх сукенкі, Надзя прашаптала яму на вуха:

– Куба, зладзім куццю пазней, добра?

Ён не памятае, ці адказаў хоць нешта. Усё адбылося так хутка… Надзя ўзяла яго за руку, яны пабеглі праз пакой з фатаграфіямі, ён спатыкнуўся аб заплечнік, упаў, яна дапамагла яму ўстаць. Яны забеглі на вузкую рыплівую лесвіцу – яна крута вілася і заканчвалася прастакутнай адтулінай, якая, падалося Якубу, праз люк выводзіла на дах. Калі ён высунуў галаву ў тую адтуліну, Надзя падала яму руку, зацягнула наверх, і ён апынуўся ў пакойчыку на паддашшы. Вялізная грушападобная лямпачка, што звісала са столі на доўгім дроце, рассейвала аранжавае святло. У пакоі пахла апельсінамі – Якуб да сёння не ведае чаму. За некалькі метраў ад люка на двух «паверхах» палетаў з неапрацаванага дрэва ляжаў тоўсты матрац, накрыты зеленаватай тканінай. Надзя стала побач з ім і зняла сукенку. Калі Якуб наблізіўся, яна павярнулася спінай і расшпіліла станік.

Гэта быў іх першы раз. Шалёны, прагны, дзікі, нязграбны. З тых пятнаццаці хвілін Якуб памятае сваё зачараванне Надзінай аголенасцю, смак скуры і вільгаці паміж яе сцёгнамі, свае дрыготкія пальцы, што блукалі ў яе валасах, калі яна ўкленчыла перад ім. Апрача гэтага – зусім няшмат. І ў той жа час добра памятае пазнейшую пяшчоту, калі яны, абняўшыся, спляталі пальцы, дакраналіся да твараў, гладзілі па валасах, прытуліўшыся. Памятае, што збольшага яны маўчалі, зрэдку вышэптваючы асобныя словы. У пэўны момант Надзя адсунулася на край матраца і пачала шнарыць рукою па падлозе. Грушападобная лямпачка паволі згасла. У цемры Якуб пачуў крокі, а потым убачыў на іншым канцы пакоя Надзін твар, трохі падсветлены экранам тэлефона. Паддашша напоўніла музыка.

– Не памятаю калі, але аднаго вечара мне вельмі захацелася паслухаць гэта з табою ў ложку, – сказала яна, кладучыся на жывот побач з Якубам. – Ведаеш такое? – спытала яна праз хвіліну.

Якуб дачакаўся чарговага прыпеву і ціха зацягнуў:


Застанься, не шукай таго, што маеш,Застанься і нічога не кажы.

Надзя прыпаднялася, паклала яго руку сабе пад грудзі і пачала падпяваць. Калі музыка сціхла, Якуб сказаў:

– Гэта старая песня Кортэза. Мабыць, вельмі старая. Неяк я заспеў маму ў слязах – яна на паўторы слухала гэта на ютубе. Папрасіла, каб я ёй гэта званком на тэлефон паставіў. Так і стаіць. А потым яна мяне на яго канцэрт павяла. Яна мяне, а не я яе, уяўляеш? – ён засмяяўся. – Гэта быў нейкі маленькі клуб, яна і там рыдала. На сцэну выйшаў непрыкметны худы хлопец у чорным балахоне, трэніках і кепцы, павітаўся ціхім «добры вечар», за наступныя паўтары гадзіны ўсхваляваў усіх да аднаго, а потым гэтак жа нясмела развітаўся і знік. Выходзячы, усе спявалі радкі з яго песень.

– Твая мама? – здзіўлена ўсклікнула Надзя. – А ты пытаў, чаму яна плакала? – ціха спытала дзяўчына і, не чакаючы адказу, адвярнула галаву і змоўкла.

Якуб схіліўся над ёю і пачаў цалаваць спіну. Менавіта тады ён упершыню дабраўся да той чароўнай выпукласці над азадкам. Паддашша па-ранейшаму поўніў смуткам Кортэз, а яны другі раз, гэтаксама прагна, гэтаксама шалёна кахаліся на матрацы.

Якуб памятае, што яго абудзіў надакучлівы холад. Ён падняў галаву. У запацелай шыбе віднеліся невыразныя абрысы. Аголеная Надзя нерухома стаяла спінай да яго, выцягнуўшы ўверх рукі, за шклянымі дзвярыма балкона. На паддашшы панавала ціша, на вузкім падаконні дрыжалі ад ветру вогненныя языкі свечак.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3