Вишневский Януш Леон - Канец адзіноты стр 7.

Шрифт
Фон

– Плачу? Праўда? – адказаў ён, нахіляючы галаву, каб схаваць збянтэжанасць. – Тата мяне ўзрушыў, – дадаў ён, памаўчаўшы. – З табой таксама часам здараецца.

– Тата? Узрушыў? Цябе? – прамовіла яна, і недавер у яе голасе ўзрастаў з кожным словам. – Ясна, сынку, ясна. Дзень сёння такі – людзі ўзрушаюцца. Але пагаворым пра гэта пазней, – шапнула яна і пацалавала яго ў шчаку.

Маці пачала слаць белы абрус на стол, і Якуб ускочыў, каб ёй дапамагчы.

– Я сама. А ты, калі ласка, схадзі надзень што-небудзь прыстойнае замест гэтай зацяганай кофты. Можа, якую кашулю для разнастайнасці? Вось убачыш: і бацька ўзрушыцца – будзеш як банкір, – жартам дадала яна.

За святочны стол Якуб сеў у кашулі. Блакітнай. І ў сінім касцюме з васільковай узорыстай насоўкай, што вызірала з верхняй кішэні. Бацька падазрона паглядзеў на яго, не хаваючы здзіўлення, а мама ціха ўсміхнулася.

Пасля доўгай і пафаснай бацькавай прамовы яны падышлі да ялінкі, каб падзяліцца аплаткай. У мамы, як звычайна, у вачах стаялі слёзы, а бацька марна спрабаваў схаваць хваляванне, калі яны абдымаліся. А потым яны елі, распакоўвалі падарункі, спявалі калядкі.

Якуб думаў пра Надзю. Што яна робіць? Як выглядае? Хто цяпер побач з ёю? Ці чакае яна яго, Якуба? Што будзе сёння ўвечары? Каля дзявятай гадзіны ён забраў з пакоя цяжкі заплечнік з перавязанымі стужкай слоікамі фарбы. Перш чым ён зняў з вешалкі куртку, маці зашпіліла яму верхні гузік на кашулі і, пацалаваўшы, прашаптала на вуха:

– Ты самы прыгожы хлопец, якога я ведаю. Табе трэба часцей касцюм насіць. Неабходна, сынку.

Потым хутка пабегла на кухню, а вярнуўшыся, увапхнула яму ў рукі форму для выпечкі, завернутую ў фольгу, і сказала:

– Куды б ты ні ішоў, макоўнік ніколі не лішні. Калі будзеш начаваць не дома, калі ласка, вярніся да снядання. Без цябе не сядзем. Будзем чакаць. Памятай пра гэта, – дадала яна, цалуючы яго ў шчаку.

Надзін дом пераліваўся агнямі. На ўсіх шыбах зіхацелі падсвечаныя з сярэдзіны ялінкі, блішчалі зоркі і зорачкі на сініх і блакітных небасхілах, караскаліся на балконы святыя Мікалаі ў чырвоных мантыях. У палісадніку на некалькіх голых парэчкавых кустах мігцелі гірлянды. Аднапавярховы фахверкавы дамок на фоне раскошных пяціпавярховых шматкватэрных будынкаў, што акружалі яго з трох бакоў, выглядаў як фрагмент ілюстрацыі з іншай казкі.

– Я ўсё думаю, як жыхарам з «васьмёркі» ўдалося захаваць дом і ўчастак. Па сённяшніх часах гэта альбо гераізм, альбо да чорта грошай. Ведаеш пра гэта што-небудзь? – спытаў малады кіроўца, калі яны спыніліся перад Надзіным домам.

Якуб са здзіўленнем паглядзеў на яго.

– З чаго б мне ведаць?

– Бо я цябе, дружа, ужо васямнаццаты раз сюды вязу, калі паглядзець у гісторыю паездак. Ну, я і падумаў, што ты можаш нешта знаць, – з усмешкай адказаў кіроўца.

– Праўда? – спытаў уражаны Якуб. – А, ну так, гэта ж «Убер». Я для вас кавалак кода пісаў. Усё вы ведаеце. Больш, чым падатковая. І паліцыя нораваў, – ён паківаў галавой. – Крыху ведаю, але гісторыя гэта доўгая і заблытаная, а я вельмі спяшаюся. Раство і ўсё такое. Да таго ж не ўпэўнены, што гэта не падпадае пад закон аб абароне дадзеных. Як і гісторыя паездак. Правільна я кажу, дружа? – ён саркастычна засмяяўся і паспешліва вылез з машыны.

Праз хвіліну ён стаяў на ганку, прыслухоўваючыся. З дому не даносілася ні гуку – там панавала поўная цішыня. Якуб асцярожна пастукаў у драўляныя дзверы чыгунным дзвярным малатком у форме падковы і раптам адчуў дзіўную нервовасць і трывогу. Вось як перад экзаменам. І падумаў, што гэта нейкі ідыятызм.

Нарэшце дзверы зарыпелі, і на парозе асветленай вітальні паказалася Надзя – з бакалам віна ў руцэ, у кароткай чорнай карункавай сукенцы з голымі плячыма, з заплеценымі ў касу валасамі, перавязанымі залацістай стужкай у буйны чорны гарошак. Якуб ніколі раней не бачыў яе такою. Вочы, падкрэсленыя ценямі, падаліся яму неймаверна вялікімі, як і вусны, нафарбаваныя чырвонай памадай. Невядомая яму Надзя. Іншая. Яшчэ і плечы гэтыя голыя. І абрысы грудзей, абцягнутых сукенкай. Помніцца, яна заўважыла яго ступар. Усміхнулася, паднялася на дыбачкі і, далікатна пацалаваўшы ў шчаку, шапнула:

– Нарэшце ты прыйшоў.

Узяла яго за руку і праз вузкі цёмны калідор правяла ў вялікі пакой. Ён адчуў пах старога дрэва і сушаных грыбоў. Пакой асвятляла некалькі бра ў форме падсвечнікаў.

Надзя моўчкі аддала яму свой кілішак і, гледзячы Якубу проста ў вочы, пачала расшпільваць гузікі на яго куртцы. Павольна. Адзін за адным. Было ў гэтым штосьці пачуццёвае і сэксуальнае. Ён застыў на месцы, гледзячы на яе рукі, і ў нейкі момант выпусціў заплечнік, які ціха споўз па яго назе на падлогу. Якуб зарыўся пальцамі ў яе валасы і моцна прыціснуў дзяўчыну да сябе.

– Божа мой! Боршч! Ён мне кухню залье! – раптам усклікнула яна, выслізнула з яго абдымкаў і пабегла да вузкіх дзвярэй.

Якуб агледзеўся. Калі не лічыць аграмаднага дубовага прастакутнага стала на разьбяных ножках, пакой быў цалкам пусты. Пасярэдзіне стала стаяла вялікая ваза з рознакаляровым узорам. Ніводнага крэсла. Уздоўж сцен на падлозе з шырокіх дошак выстраіліся драўляныя аконныя рамы – некаторыя з рэшткамі фарбы, некаторыя падгнілыя, некаторыя з камячкамі масцікі і кавалкамі шыб. На сценах, нібы ў якой галерэі, віселі фатаграфіі. Адзінкавыя – з эфектам сепіі, большасць – чорна-белыя. Самых розных памераў. Маленькія нібыта толькі выцягнулі з альбома і кнопкамі прышпілілі да шпалераў з грубай шэрай тканіны, вялікія ўставілі ў паспарту і драўляныя рамы.

Якуб прыкрыў заплечнік курткай і пачаў паволі праходжвацца туды-сюды, уважліва разглядаючы фатаграфіі. Каля некаторых ён спыняўся даўжэй.

– Давай урэшце зладзім куццю, – раптам пачулася за спінай. – Дом мой потым паглядзіш. Абяцаю, што правяду ўсюды і што гэта не зойме больш за пяць хвілін. Я жахліва галодная. Не хацела сёння есці без цябе.

Ён павярнуўся. Надзя сядзела на стале, трымаючы ў руцэ вялікі драўляны відэлец. На ёй быў кароткі белы фартушок з кішэнькай наперадзе, палоска белай тканіны сцягвала валасы крыху вышэй за лоб. Якуб заўважыў на сцягне белую падвязку. Надзя ўсміхалася яму, гулліва аблізваючы лыжку, і ў галаву прыходзіла якая-небудзь развязная пакаёўка з эратычнага фільма. Надзя саскочыла са стала і спытала:

– Так нармальна?

На кухні яна зняла фартушок і распусціла валасы. Потым пасадзіла Якуба пры авальным століку, накрытым бліскучай узорыстай цыратай. Па ўсім відаць, новай.

Ён памятаў пах такой цыраты з дзяцінства – з паездак да прабабкі, бацькавай бабулі. І так пахла толькі новая. Калі бацькі прывозілі яго на канікулы, прабабуля Леакадыя заўсёды купляла новую цырату «ў хату», а яму, «чарцяняці Кубусю», – кожны год новыя скураныя «пантофлі» і срэбны ланцужок з крыжыкам. Крыжык прабабуля свяціла ў нядзелю «спецыяльна для Кубуся ў пробашча з касцёла на горцы». Якуб да гэтага часу захоўваў пакрытыя пацінай крыжыкі з ланцужкамі ў металічнай каробцы на шафе ў сваім пакоі.

Якуб крадком агледзеўся. Кухня да вар’яцтва нагадвала прабабуліну – тую, вясковую. Нізкая хлебная шафка з адтулінамі, каб праходзіла паветра. Прамасленая падлога з дошак, спярэшчаных сучкамі, з драўляных бэлек звісаюць дыванкі-макаткі, вышытыя цёмна-блакітнымі ніткамі. Адна – са знаёмым любому паляку надпісам пра карысць халоднай вады «Zimna woda zdrowia doda» (акурат такая была ў прабабулі) – у Надзі вісела над белым эмаліраваным тазікам з сінім абадком. У такім самым тазіку прабабуля мыла Якубу ногі, калі ён вяртаўся з поля ўвечары. Ваду яна грэла на вельмі падобнай дрывяной пліце з круглымі чыгуннымі фаеркамі. На кухні ў Надзі на невялікім узвышэнні з аднаго боку стаяла газавая пліта, з іншага – мікрахвалёўка.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3