Януш Лион Вишневский - Канец адзіноты стр 6.

Шрифт
Фон

І гэты пастскрыптум быў для яго найважнейшы. І найцудоўнейшы. Менавіта праз яго наяўнасць Якуб кожны раз хацеў, мог і выкройваў час, нават калі быў вымушаны адмяняць іншыя важныя справы, выкручваючыся, а раз-пораз і манячы. Яму заўсёды было цікава «гэта», нават калі ён не ўяўляў, каго ўбачыць у бібліятэцы, што там за лекцыя або канцэрт у філармоніі. Таму што Якуб таксама хацеў быць. З ёю. Перадусім з ёю. Дзе заўгодна. Ён таксама хацеў гэтага «вельмі». Усе тыя падзеі былі іх спатканнямі. Надзя ніколі не пытала, ці пойдзе Якуб з ёю гуляць, ці не хоча ён пабалбатаць за кавай, забегчы на сушы перад сном альбо ці думаў ён сёння пра яе. І ён таксама не пытаў, хаця сушы вельмі любіў і думаў пра яе кожны дзень, як у нервовай гарачцы.

І яны хадзілі ў кіно і тэатр, наведвалі выставы, слухалі лекцыі і канцэрты ў філармоніі, бывалі на сустрэчах у бібліятэках. Якуб сумняваўся, што ў цэлым горадзе знойдзецца пара студэнтаў, якая акультурылася гэтак жа грунтоўна, як яны з Надзяй падчас сваіх спатканняў.

Аднойчы вечарам ён сказаў, што кахае яе. Гэта было ў пачатку снежня, у суботу. Яны вярталіся з тэатра і схаваліся пад дахам трамвайнага прыпынку. Парывісты вецер раскідваў навокал дажджавыя кроплі, змяшаныя з гіганцкімі ашмёткамі мокрага снегу. Яны забіліся ў кут, і Якуб закрываў яе сабою ад ветру. Узрушаная спектаклем, Надзя спачатку доўга маўчала, а потым пачала свой маналог. Яна хацела абавязкова выказаць яму, што адчувае, і была цалкам занураная ў сябе. У пэўны момант Якуб заўважыў, што яна плача. Набліжаўся трамвай. Якуб даў ёй насоўку. Яна прыхілілася да яго, і хлопец адчуў, што момант настаў. І сказаў. Ён і цяпер не ўпэўнены, што яна пачула. Хутчэй за ўсё – не, бо машыніст тармазіў з жудасным віскам, а на Надзі ў той вечар была тоўстая ваўняная шапка, насунутая на вушы.

Часцей за ўсё яны вярталіся трамваем. Таксоўкамі – толькі пасля начных кінасеансаў. З прыпынку, на якім яны выходзілі, Якуб праводзіў Надзю дадому і развітваўся, цалуючы ёй руку. Можа, і старамодна, але так яго навучыла маці. Ён заўжды чакаў, пакуль Надзя знікне за дзвярыма, а ў кухні на першым паверсе запаліцца святло. Потым яшчэ колькі хвілін стаяў, узіраючыся ў ганак – спадзяваўся, што яна вернецца, адчыніць дзверы і запросіць да сябе. Такога ні разу не здарылася.

За некалькі дзён да Калядаў ён гэтаксама яе праводзіў. Надзя сказала, што святкаваць будзе дома і калі Якуб хоча, то – вядома, пасля сямейнай вячэры – можа зайсці, бо яна робіць найлепшыя ў свеце варэнікі з капустай і грыбамі.

Яна запрасіла яго да сябе! Надзя вырашыла пусціць яго ў свой свет! Якуб памятае, што, калі ён вяртаўся тады на трамваі дадому, яму хацелася спяваць.

Ніколі раней ён не чакаў Калядаў з такім хваляваннем. Нават калі быў маленькі і перад сном лічыў, колькі разоў яшчэ трэба легчы спаць, каб прыйшоў час падарункаў, ён ні разу так нецярпліва не прагнуў Святога вечара. Ён перакапаў увесь інтэрнэт і ўрэшце знайшоў у Польшчы краму, дзе прадавалі найлепшыя акрылавыя фарбы для малявання на шкле – самага вялікага Надзінага захаплення. «Ніякіх падробак, толькі імпартныя з аднаго заводзіка ў Партугаліі, даюць патрэбную густату малюнка», – часцяком тлумачыла яна. Ён не ўяўляў, што такое «густата малюнка», але пра Партугалію запомніў, бо ведаў, што такі падарунак Надзю неймаверна парадуе. Каб быць упэўненым, што фарбы дойдуць своечасова (ён не верыў абяцанкам ні UPS, ні DHL, што ўжо гаварыць пра «Польскую пошту»), Якуб гадзін пятнаццаць валокся цягніком з трыма перасадкамі на «Далёкі Усход» – так гэта назваў Вітальд, які не змог зразумець, як «дзеля нейкай там дзяўчыны можна гэтак надоўга звязацца з польскай чыгункай». Якуб нават не паспрабаваў яму растлумачыць, што Надзя для яго – не «нейкая там дзяўчына», бо ведаў, што не варта. Звычайна Віт уключаў спачатку іронію, потым сарказм і, толькі ўбачыўшы, што зачапіў нешта важнае, пераходзіў да здзіўлення і захаплення. Таму з Вітам трэба было пачакаць. Як гаварыла Марыка, «у Віткацы афектыўная біпалярка, ад сарказму да плаксівага замілавання ён часцей за ўсё даходзіць за пятнаццаць хвілін». Так было і тым разам. Менавіта Віт падвёз Якуба на вакзал, адкуль ён выправіўся на іншы канец Польшчы, у гарадок побач з Хелмам, каб асабіста атрымаць фарбы для Надзі. І гэта Віт чакаў уначы на пероне, калі Якуб з вялікай кардоннай скрынкай вярнуўся з «Далёкага Усходу».

Урэшце надышлі Каляды. Дажджлівыя, ветраныя, цёплыя, нібы напрадвесні, з зацягнутым цёмна-шэрымі хмарамі небам – на такім небе дзецям можна было нават не спадзявацца заўважыць хоць нейкую зорку, пагатоў першую. Каляды без адзінай сняжынкі. Зусім не зімовыя. Але для Якуба гэта ўсё не мела ніякага значэння. На вялікае здзіўленне маці, ён з самай раніцы дапамагаў на кухні абсалютна без прымусу, потым яны з бацькам ставілі і аздаблялі ялінку. І ўсё ў нечуванай згодзе і гармоніі. Без сварак, без перапалак, маўляў, гірлянды, як заўсёды, не працуюць. Без выпяндрожу, а спакойна размаўляючы, уважліва слухаючы адзін аднаго, разняволена жартуючы. Якуб памятае падазрэнне на матчыным твары, калі яна, пачуўшы гучныя галасы, час ад часу ўрывалася ў пакой з пагрозлівым выглядам, гатовая разнімаць іх. Памятае яе выразныя ўздыхі палёгкі, калі аказвалася, што тыя крыкі – зусім не сварка, а выключна весялосць, і што ялінка «ўпрыгожваецца». Памятае, што, калі яны скончылі, бацька знік у спальні, а ён сеў за яшчэ пусты стол. З кухні даносілася мелодыя нейкай калядкі, што перамяжоўвалася маміным спевам і гукамі яе мітусні. Дом пах ігліцай і посным баршчом.

Якуб глядзеў на агеньчыкі гірлянды, што адбіваліся ў акне, і думаў пра бацьку.

Пасля памятнага жнівеньскага «праекта для Марціна» ягоны бацька зрабіўся зусім іншым бацькам. А ён, у сваю чаргу, стараўся быць іншым сынам. Пасля вяртання Якуба з Мазураў яны размаўлялі пра гэта толькі аднойчы. Неяк ранкам у пачатку верасня, калі галіліся ў ваннай. Яны стаялі побач і глядзелі ў вочы адзін аднаму ў люстэрку.

– Марцін мне ўчора напісаў, што ты дзесяць дзён працаваў па дванаццаць гадзін. Часам нават ноччу, – нечакана прамовіў бацька. – Пры стаўцы дзвесце за гадзіну ў яго атрымалася дваццаць восем тысяч.

– Гэта немагчыма, – адказаў здзіўлены Якуб, перастаючы галіцца.

– Што немагчыма, сынку?

– Што Марцін так памыліўся. Бо калі перамножыць адно на другое, будзе дваццаць чатыры тысячы, – спакойна сказаў хлопец. – Не кажучы пра тое, што для мяне столькі зашмат, я шчыраваў дзеля цябе, тата, – Якуб памаўчаў і дадаў: – Не дзеля грошай.

Бацька таксама перастаў галіцца, абапёрся на рукамыйнік і нахіліў галаву.

– Не памыліўся ён, сынку, – яго голас гучаў неяк незвычайна. – Ён ніколі не памыляецца, не такі гэта чалавек. Ты працаваў у суботу і нядзелю, да таго ж галавой. За гэта табе і належыць на чатыры тысячы больш. Паводле кантракта.

– Усё адно не сыходзіцца, тата, – ціха перабіў яго Якуб.

– Фармальна ты маеш рацыю, – адказаў бацька. – Але калі падыходзіць нефармальна, то Марцін лічыць, што злавіць сігнал на някошаным полі за высокім мурам – гэта прафесіяналізм сусветнага маштабу. І што ты заслужыў прэмію. Зрэшты, так лічыць уся яго каманда, – смеючыся, дадаў ён.

А потым здарылася нечуванае. Бацька абняў Якуба і сказаў:

– Дзякуй табе, сынку. Ты нават не ўяўляеш, як я ганарыўся, калі на здачы праекта да мяне ўвесь час падыходзілі і гаварылі: а Куба тое, а Куба гэта. Я заўсёды табой ганарыўся, не менш, чым мама. І люблю цябе гэтак жа, толькі часам не здольны гэта выказаць. Ты найлепшае, што здарылася ў маім жыцці. Я ўжо даўно хацеў табе гэта сказаць.

З задуменнасці яго вырваў матчын голас:

– А ты што, Куба, рассеўся? Рабіць няма чаго? Паслаў бы абрус… Што здарылася, сынку? – спалохана спытала яна, падыходзячы бліжэй. – Чаму ты плачаш?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора