Сяргей Балахонаў - Бог кахання Марс стр 16.

Шрифт
Фон

* * *

Быў пяшчотны летні адвячорак. Сонца пачынала патроху хавацца за невідочнымі з цеснага дворыка гарадскімі даляглядамі. Уздоўж цаглянай агароджы Ягор падаўся да Румянцаўскай, дзе апынуўся праз паўхвіліны, шмыгнуўшы ў вузкі праход між домам і сцяной «дошкі пашаны» за конным помнікам вялікаму князю Альгерду. Яшчэ летась між іншых на «дошцы» вісела і шыльда, прысвечаная паспяховай археалагічнай экспедыцыі Руткоўскага. Цяпер ён нават не згадаў пра гэтае ганараванне. Абмінуўшы помнік, шаноўны археолаг збочыў на ходнік і папраставаў да галоўнай плошчы. На языку закруцілася напісаная ім яшчэ ў часы студэнцкай маладосці песенька:

Па бруку брыў вікарый –Масон і карбанарый.Ён брыў у серпентарыйГаргону спавядаць.

Любіў яе ціхенька напяваць, калі апынаўся пасярод людской плыні.

Людзей на вуліцы сапраўды было багата. Кампаніі, парачкі і самотныя мінакі рухаліся з рознай ступенню імпэту паабапал напоўненай транспартным тэтрысам дарогі. Манеўруючы, між людствам праязджалі раварысты – хтосьці асцярожна, а хтосьці з рызыкай для сябе і небяспекай для мінакоў. Адзін такі рызыкант нават змусіў задуменнага археолага таргануцца, калі прамчаўся паблізу. Давялося толькі азірнуцца і няўхвальным позіркам правесці нахабніка, які за секунды паспеў даехаць аж да сквера. «Добра, што не матацыкліст», – сам сабе ўхмыльнуўся Ягор, не губляючы здатнасці іранізаваць. Імгненнем пазней ухмылка растала – заныла галава. Давялося спыніцца і моцна заплюшчыць вочы. Расплюшчыўшы, мусіў ратаваць зрок з васільковых плямаў, на тле якіх людзі на ходніках здаваліся шкілетамі. Як толькі насланнё скончылася, ён рушыў далей.

Каля кавярні «хатняй кухні» прыспешыў хаду – не меў корці назіраць за адпачыннікамі з півам, што туліліся на летняй тэрасе, а таксама не хацеў, каб адтуль нехта лупіўся на яго. Каля святлафора дзяўчына ў лёгкай маечцы з надпісам «Гэта Гомель, дзетка!» і шчодра вытатуяванымі на правай руцэ кветкамі з вяззю «In Cherry Family» папрасіла ў яго закурыць. Адмовіўшы, ён здзівіўся, чаму гэтая лялька звярнулася менавіта да яго, а не да каго-небудзь іншага. Хаця б да кампаніі хлопцаў, якія, прыкрываючыся намёкамі на змярканне, соўгаліся пры дзвюх машынах на сумежнай вуліцы, рыхтуючыся прычасціцца проста з багажніка «чым бог паслаў». Шпацыруючы, туды некалі часта Ягор і Марына збочвалі, калі меркавалі прыхавацца ад лішніх вачэй. І нярэдка відовішча было падобным: хлопцы каля багажнікаў, выкідайла ў форме чырвонаармейца на дзвярах рэстарацыі, падлеткі з грымоткімі калонкамі ў руках уздоўж кавярні.

Еду в город Гомель, в магазин «Світанак»,А она колдун ест, хоть говорит, что драник.

Адольваючы хвалю ўспамінаў, Руткоўскі адмахнуўся ад спакусы прайсціся іх з каханай колішнімі ваколіцамі. Пайшоў міжволі абраным маршрутам. Абмінуў ладную купу дзяўчат, якія жыва абмяркоўвалі, дзе б выпіць добрага ліманаду. «Божа! Божа! Нанясі нежанатага – жонку дадзім!» – шукаючы ў вачах Ягора падтрымкі, пракаментаваў усмешлівы дзядулька. Ягор адно паціснуў плячыма і злёгку пасміхнуўся. Вулічны музыка каля «Бэкер-Бара» зацягваў пад электрагітарку нешта да свербу знаёмае: «It’s a god-awful small affair». Пры будыніне колішняга «Руска-Азіяцкага банка» мільганула знаёмая постаць. Сяброўка і аднакурсніца Марыны. Археолага ўразіла яе светла-чырвоная сукенка ў белы буйны гарох – гэткае наўмыснае рэтра, якое чарговым разам вярталася ў моду. Дзяўчына павіталася першай.

– Наста Ройтшванец, калі не памыляюся? – дзеля прыліку спытаў Ягор, дарма што памятаў, як яе завуць.

– Так, не памыляецеся, – з троху сарамлівай усмешкай пацвердзіла яна.

– Як поспехі? – неспадзявана для сябе працягнуў Руткоўскі, за імгненне перад тым не збіраючыся тут запыняцца.

– Дзякуй, збольшага добра, – ахвотна стала расказваць дзяўчына. – Універ скончыла. Да чырвонага дыплома не дацягнула. Выпускны ўчора адгулялі. Лімузін. Шампанскае. Асобная зала ў «Еўропе». Тамада харошы і конкурсы цікавыя. Цяпер вось да сярэдзіны жніўня вольная. А потым давядзецца па размеркаванні ехаць.

– І як, калі не сакрэт, называецца месца, куды вас размеркавалі? – не змог сысці выкладчык, спакваля здагадваючыся, чаму не хоча абмяжоўвацца абменам адно стандартных фраз, так уласцівых падобнага кшталту сустрэчам.

– Марс, – прамовіла нядаўняя студэнтка, і яе вочы хітравата бліснулі.

– Жартуеце? – страпянуўшыся, напяўся ў паняверцы суразмоўца.

– Не, – праз лёгкі смяшок узялася тлумачыць Наста. – Пасёлак Марс у Лоеўскім раёне. Настаўніца хіміі і біялогіі. Ужо ўяўляю радасці працы з юнымі марсіянамі.

– А божа! Я і забыўся, што на Гомельшчыне ёсць вёска з такой назвай, – навуковец пастараўся выглядаць нязмушана. – І ніякіх шанцаў выпліснуцца з гэтага шчасцейка няма?

– Хіба толькі замуж за гамяльчаніна, які тут пастаянна працуе. Але і з гэтым ёсць пэўныя нюансы…

– Ясна… – сказаў Руткоўскі і зрабіў паўзу, якая пагражала стаць пачаткам развітання, але ён учасна агоўтаўся і пацікавіўся: – А вы цяпер адна прагульваецеся ці, можа, кудысьці спяшаецеся?

– Адна, – шчыра прызналася дзяўчына. – Ведаеце, такі настрой пасля выпускнога… Задумлівы… Новы этап у жыцці пачынаецца.

– Калі я не перашкоджу вашай задумлівасці, то мо пройдземся разам? Мяркую, што тэм для гутаркі ў нас хопіць, – прапанаваў Ягор, заззяўшы ўсмешкай, якая цалкам адпавядала свайму фірмоваму эталону.

– Я не супраць, – трошкі чырванеючы, без манежанняў пагадзілася Наста.

«Яснымі зоркамі абсеялася. Залатым абручом абнялася». Яе чырвань кранула Ягора, але выдаваць сябе ў гэтым ён тут жа зарокся.

Яны пайшлі разам.

Міма старэнькага будынка гарадской думы, у прахадным двары якога віравала чарговае вулічнае свята, што нагадвала пра сябе казытлівым водарам кавы, няўрымслівым гукам клавішных і расхрыстанай стракатасцю разявак.

Міма Саборнай плошчы, дзе між паркам, тэатрам і адноўленым касцёлам бурліў чарговы байкерскі фэст, які апавяшчаў пра сябе рыкам матораў і шызай дымкай над галовамі цікаўнікаў, амаль заглушаючы электронную музыку з пляцоўкі перад так званымі «рэбрамі» – сталёвай канструкцыяй, што лічылася помнікам легендарнаму гомельскаму электроншчыку, піянеру і аксакалу беларускага вітч-хаўзу Мікіту Васільеву.

Наста пасмялела яшчэ больш і павяла гутарку сама. Пацікавілася навінамі з жыцця спадарожніка. Прызналася, што ведала нешта з чутак і з інтэрнэту. Праявіла жаданне даведацца пра ўсё з першых вуснаў. Той, намагаючыся не раскідвацца падрабязнасцямі, выразнымі мазкамі распісаў агульную карціну апошніх здарэнняў. Але ні словам, ні жэстам не згадваў Марыну. Яна лунала ў іх гутарцы, быццам прывід, застаючыся фігурай умаўчання. Зрэшты, доўга так працягвацца не магло. Ройтшванец сама, як нічога ніякага, задала пытанне ў лоб:

– А вы з Гваздовіч яшчэ кантактуеце?

Пытанне супала з цэлым шэрагам вакольных фактаў: бязногі жабрак, сабраўшы сваю ялмужыну, падняўся і пашыбаваў на прыпынак; купка бурклівых галубоў разляцелася гадзіць ў іншых мясцінах горада; у саборы святых Пятра і Паўла грымнуў харавы спеў:

Мне бы июньскую ночь,Лунную ночь – и тебя…

Руткоўскі, намагаючыся прыхаваць збянтэжанасць, перахрысціўся. Дзяўчына на аўтамаце зрабіла тое ж. «Бачылі цудатворцы, якія мы багамольцы», – папікаючы, кінула ім пажылая жанчына. «Бачылі багамольцы, якія вы камсамольцы», – з’едліва астудзіў яе запал франтаваты мужчына ў гадах. Але шпацыравальнікі, нібыта нічога ні бачылі і не чулі, пазіралі адно на другога.

– Напэўна, Марыне цяпер не вельмі хочацца, – урэшце парупіўся з адказам Ягор.

– Дзіўна. Вы ж так сябравалі. Яна пра вас заўсёды з такім захапленнем гаварыла!

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3